Дзеці і бацькі абураныя
Так званая «старшыня савета рэспублікі» Наталля Качанава часта бывае ў Жыровіцкім праваслаўным манастыры, перадае «Радыё Рацыя».
У адну з апошніх паездак яна наладзіла сустрэчу з выкладчыкамі і навучэнцамі Менскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Сярод пытанняў, якія прагучалі падчас сустрэчы, было і пытанне-просьба ад святара, выкладчыка духоўнай семінарыі, які пражывае ў Жыровічах, Яўгена Саланкова.
А прасіў спадар Саланкоў, каб вясковую школу ў Жыровічах перавялі на рускую мову, бо па-беларуску, маўляў, ніхто не разумее.
Качанава запісала просьбу Саланкова. І што вы думаеце, з 1 верасня сярэдняя школа ў Жыровічах стала расейскай. Усе прадметы пачалі выкладаць па-расейску.
Але дзеткі, напрыклад, па матэматыцы і сёння пішуць слова «адказ», як пісалі заўсёды. Але настаўніца выкрэслівае слова «адказ» і піша па-расейску «ответ». І гэта ўжо лічыцца памылкай.
Пра гэтыя і пра іншыя праблемы, якія звязаныя з выкладаннем па-расейску, распавядалі самі школьнікі. І яны цяпер з бацькамі незадаволены, што з-за аднаго нейкага Саланкова праз Качанаву, уся беларускамоўная школа ператвараецца ў чужую!