Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Яўген Афнагель ужо ў Наваполацку

05.10.2021 политика
Яўген Афнагель ужо ў Наваполацку

Інтэрв'ю з жонкай актывiста «Еўрапейскай Беларусі».

«Родныя зняволеных становяцца перад выбарам — ці ставіць сваё жыццё на паўзу, пакуль любімы чалавек у турме, ці жыць толькі перадачамі і спатканнямі», — заўважае Кацярына Людвіг. Яе мужу, актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Яўгену Афнагелю, далі сем год узмоцненага рэжыму. Пра затрыманне на канспіратыўнай кватэры, трывожнае чаканне навін з калоніі і каханне, якое мацнейшае за абставіны, — у інтэрв'ю nn.by.

— Чыталі, што з лета мінулага года за вашым домам было сачэнне. Як гэта выглядала?

— Гэта было ў чэрвені. Суседзі сталі паведамляць пра падазроныя машыны і людзей у нашым квартале. Было мінімум чатары бусы, якія стаялі на суседніх вуліцах, а таксама машыны з людзьмі ў штацкім ў пачатку і канцы нашага пасёлка.

Яны дзяжурылі і ўдзень, і ўначы, перыядычна патрулявалі вуліцы. Мы прачыталі, што арыштаваны Павел Севярынец, перспектыва сядзець на Акрэсціна да выбараў не вабіла, і Жэня вырашыў заставацца дома. У той час, відаць, былі яшчэ нейкія рамкі і яны не ўварваліся ўнутр.

Канечне, была напружаная сітацыя, калі даводзілася пастаянна быць напагатове. Мяне яны не чапалі, таму ўдавалася выгульваць сабак і ездзіць у горад. Але ў мяне тады быў дрэнны зрок (-6.5), і я вельмі баялася, што могуць пачаць штурм дома ўночы, каб усё ж такі затрымаць Жэню, а я нічога не ўбачу без лінзаў.

Таму, як толькі яны з’ехалі, а здарылася гэта недзе праз паўтара тыдня, я запісалася на лазерную карэкцыю зроку, на якую ніяк не рашалася. Так што хоць нейкі плюс у гэтай гісторыі.

— Што вам вядома пра затрыманне мужа?

— Яго затрымалі на здымнай кватэры, у якую ён пераехаў пасля выбараў, бо чакаў, што за ім могуць прыйсці. Дзе яна знаходзілася — я не ведаю. Ведаю, што дзверы ўзламвалі, доўга з імі вазіліся, за гэты час ён паспеў сабрацца і чакаў, калі ўвойдуць.

— Вы разам 10 год. Як пазнаёміліся?

— Мы пазнаёміліся ў «Еўрапейскай Беларусі», разам удзельнічалі ў выбарчай кампаніі 2010 года, але пачалі сустракацца ў 2011-м у Вільнюсе, калі былі ў эміграцыі.

— Чым Яўген вас скарыў?

— Сваёй дабрынёй, пачуццём гумару, любоўю да жывёл і ўменнем гатаваць. Нам заўсёды было лёгка і весела разам. Па выходных Жэня часта рабіў мне каву з карыцай і выпякаў печыва, гэта было нашай традыцыяй.

— Для грамадскасці ён — палітычны актывіст. А якім вы яго ведаеце?

— Як вечна пазітыўнага чалавека з усмешкай, які любіць нешта будаваць, глядзець фэнтазі, пастаянна спрабуе прынесці ў дом бяздомных катоў і вельмі любіць Беларусь і гісторыю.

Пасля кожнага нашага падарожжа ён яшчэ месяц гатаваў дома традыцыйныя стравы краіны, у якой мы пабывалі. Ён любіць гуляць у шахматы, часта гуляў са сваім бацькам, а цяпер скардзіцца, што ніхто з камеры не хоча, бо ён усіх абыгрывае.

— Тры сабакі ў вас даўно? Чаму менавіта маламутаў завялі?

— Жэня заўсёды хацеў паўночную пароду — ці маламута, ці самаеда. Яму падабаецца, што яны добрыя, незалежныя і свабодалюбныя. А трое іх стала ў 2017 годзе, калі Жэня вырашыў пакінуць двух шчанюкоў ад нашай сабакі Шціі і захацеў навучыць іх ездзіць у вупражы, каб зімой катацца па лесе (мы жывем каля яго). У выніку трэніроўкі праваліліся — усе трое пастаянна беглі ў розныя бакі (усміхаецца). Затое было весела назіраць за гэтым.

Яны наймілейшыя стварэнні, але часам дрэнна сябе паводзяць. Неяк выцягнулі з падвалу пакет з ёлачнымі цацкамі, раскідалі па ўсім двары і частку зацягнулі сабе ў будкі. Але нягледзячы на іх выхадкі, я вельмі рада, што сабак трое і кожны са сваім характарам.

— А што за гісторыя, калі падчас аднаго з вобшукаў шчанюкі нарадзіліся?

— О, гэту гісторыю я не забуду ніколі! Было 23 сакавіка 2017 года. Я чакала ўвечары Жэню дома ў маёй мамы, бо па ўсіх прыкметах было бачна, што наша сабака вось-вось пачне нараджаць. Было вельмі хвалююча, мы паглядзелі кучу ролікаў, каб зразумець, як прымаць роды і як сябе весці, калі штосьці пойдзе не так. Але Жэня ўсё не браў слухаўку і не адказваў на паведамленні.

Праз некалькі гадзін я вырашыла пайсці паглядзець, дзе наша машына, бо ўжо закрадаліся сумневы. Адчыняю дзверы, а на лесвічнай пляцоўцы стаіць Жэня ў кайданках і пяць ці шэсць міліцыянтаў з Першамайскага РУУС. Аказалася, што ў нас будзе вобшук. У той год былі пратэсты супраць дэкрэта аб дармаедстве, і таму перад Днём Волі пачаліся прэвентыўныя арышты.

Літаральна з пачатку вобшуку наша сабака пачала нараджаць на кухні. Міліцыянты адабралі тэлефоны, настойвалі на тым, каб усе знаходзіліся ў адным пакоі, але потым пад аглушальны вой сабакі дазволілі быць побач і патэлефанаваць ветэрынару для кансультацый. Яны самі так перапужаліся, што нават не зайшлі на кухню, каб там правесці вобшук. Агулам гэта нагадвала дурдом: куча міліцыянтаў рыецца ў шафах, суседзі-панятыя распытваюць маю маму пра рамонт, Жэня сядзіць у кайданках, сабака крычыць, а я прымаю роды.

У выніку праз некалькі гадзін Жэню забралі на 15 сутак, а мы з мамай і сабакам паехалі ў ветклініку, бо роды спыніліся. Падчас вобшуку паспелі з’явіцца на свет тры шчанюкі, астатнія пяць — у клініцы.

— Як прайшло ваша спатканне ў СІЗА?

— За год знаходжання там мы атрымалі тры спатканні. Першыя два былі вясёлыя, мы расказвалі смешныя гісторыі, я дзялілася апошнімі навінамі ад сяброў і сваякоў. Жэня расказваў, як яны штовечар гуляюць у мафію і спяваюць беларускія песні.

Апошні раз мы бачыліся ў пачатку верасня і абмяркоўвалі будучы этап у Наваполацк. Агулам было трывожна, пужала невядомасць. У той жа час пасля году ў СІЗА Жэня казаў, што хоча хутчэй паехаць у калонію, каб нарэшце змяніць абстаноўку, пачаць працаваць, а не сядзець у чатырох сцянах.

— Што муж піша ў лістах?

— Жэня піша, якія кнігі прачытаў, з кім перапісваецца, якія перадачы глядзеў па тэлевізары (у асноўным гэта «Арол і рэшка»). Ён вельмі шмат чытае: у Магілёве бібліятэкар прыходзіў менавіта да яго і пытаўся, якія кнігі выдаваць на камеру, бо ён ведае, каму што можа спадабацца з асартыменту турэмнай бібліятэкі. Таксама за час знаходжання ў СІЗА ў Жэні адкрыўся талент да малявання. Нядаўно даслаў серыю карцінак жывёл у афрыканскім стылі цінга-цінга.

За ўвесь час ён сядзеў са многімі цікавымі людзьмі, у якіх вучыўся чамусьці новаму — напрыклад, турэцкай і кітайскай мове, ландшафтнаму дызайну. Займаўся муай-тай у турэмным дворыку.

— Пра тое, як выглядае этап у калонію, расказваў?

— Днямі атрымала першы ліст ад яго з калоніі. Піша, што этап прайшоў добра, заехаў за адзін дзень з Магілёва ў Наваполацк. Зараз асвойваецца на новым месцы, пакуль на каранціне.

Піша, што ўпершыню за год пабачыў дрэвы і можа глядзець на неба без кратаў. Радуецца, што цяпер не давядзецца сядзець у камеры, дзе кураць. Пра работу стане вядома праз два тыдні, калі яго размяркуюць у атрад.

— Вы пасля выбараў збіраліся вырашыць — заставацца тут ці з’язджаць. Чаму гэта пытанне абмяркоўвалася і што прымусіла застацца?

— Жэня даўно ўдзельнічае ў палітычным жыцці Беларусі, да 2020 года неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям. Дый у мяне былі суткі яшчэ ў 2011-м. Сваякі казалі нам: можа, хопіць, як матылькі, біцца аб лямпу, нікому ў краіне гэта не трэба, на пратэсты выходзіць пару тысяч, а Жэня вечна на сутках, тэлефоны на праслухоўцы, вакол дома АМАП, жыццё адно, і не варта яго так пражываць.

Таму мы вырашылі паглядзець, што будзе ў 2020-м, і калі сапраўды нікому нічога не трэба, то з’едзем. Але ў жніўні мы пабачылі краіну, у якой хочацца жыць, і людзей, з якімі хочацца жыць побач.

— Вы ўжо былі ў эміграцыі. Як гэта — вяртацца дадому праз пяць год?

— Гэта было крута. Мы былі ў такой эйфарыі, вельмі сумавалі ўвесь гэты час па Беларусі, Мінску, сям’і і сябрам. Пачалі будаваць дом сваімі рукамі, хадзілі на канцэрты і футбольныя матчы, падарожнічалі па краіне.

У нас дома пастаянна былі госці, мы спрабавалі нагнаць усё, што ўпусцілі за пяць год па-за Беларуссю. Гэта быў насамрэч шчаслівы час.

— Калі параўнаць па эмоцыях стан пасля 2010-га і цяпер — што для вас складаней? Цяпе многія кажуць пра страх і адчай.

— Так, цяпер нашмат цяжэй, бо я моцна перажываю не толькі за Жэню, яго здароўе і ўмовы ў турме, але і за сітуацыю ў краіне, за іншых палітвязняў.

— Што вам дапамагае трымацца?

— Падтрымка сяброў і сям’і, мары пра будучыню, падарожжы.

Часта сваякі зняволеных становяцца перад выбарам — ці ставіць сваё жыццё на паўзу, пакуль любімы чалавек у турме, ці жыць толькі перадачамі і спатканнямі.

І я для сябе вырашыла, што трэба нават у такой сітуацыі спрабаваць знаходзіць радасныя моманты і выконваць мары. І летам мы з сяброўкай лёталі на Паўночны Ледавіты акіян (спыняліся ў вёсцы Цярыберка ў Расіі), каб паглядзець на кітоў і дэльфінаў. А ўзімку, спадзяюся, нам удасца злавіць паўночнае ззянне.

— Захаваць каханне ў такіх умовах складана?

— Канечне, складана не бачыцца амаль год, камунікаваць праз лісты, якія не заўсёды даходзяць. Але мне здаецца, менавіта ў такіх сітуацыях правяраецца каханне, менавіта для гэтага патрэбна сям’я — каб заўсёды адчуваць падтрымку і апору. Жэня стараецца дарыць мне на ўсе святы кветкі з дапамогай сяброў, а яму заўсёды збіраю лепшыя перадачы.

***

Адрас для лістоў: ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]