Няйначай гаспадар Драздоў разважае пра дзень заўтрашні.. Сапраўды, засядзеўся аж занадта. А паколькі жаданне і надалей служыць дзяржаве адолець немагчыма, рубам паўстае пытанне выбару прафесіі.
Два наяўныя дыпломы ў тым не вельмі дапамогуць. Ісці ў калгасныя эканамісты неяк непрыстыжна. Падавацца ў гісторыкі пасля славутай заявы пра піцерскі перыяд ў жыцці Скарыны зусім ужо несур’ёзна. І ўсё ж падобна на тое што выбар адбыўся. Напэўна ён будзе адвакатам.
Калі гэта не так, то з якой нагоды рашуча ўмяшаўся ён у крымінальную справу пухавіцкіх забойцаў. Тыповая ж бытавуха. Без неразгаданых таямніц і няўлоўных адценняў, якія маглі б прыцягнуць высокачынавенскую ўвагу да працэсу. Аднак сапраўдных адвакатаў найчасцей цікавяць менавіта шэраговыя працэсы. І што тут ні кажы, а дэбют кіраўніка дзяржавы ў ролі адваката ўжо адбыўся. І быў надзвычай паспяховы. Уся адвакацкая калегія можа пазайздросціць. Наўрад ці хто з тых адмыслоўцаў дасягнуў бы гэткіх значных вынікаў.
Гомельскі абласны суд вынес нарэшце рашэнне па адыёзнай справе. Чацвёра жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна, якія ў навагоднюю ноч учынілі суд Лінча, атрымалі пэўныя тэрміны зняволення. Ад двух да пяці гадоў. Калі б не высокачыноўны заступнік, забэхалі б відаць вяскоўцаў тых на ўсю катушку. Абвінавачваліся яны па артыкуле 139 частка 2 Крымінальнага кодэксу РБ. А там не жарты – ад васьмі гадоў да пажыццёвага зняволення. Або нават смяротнае пакаранне. Але потым ў дачыненні да пухавіцкіх саўдзельнікаў злачынства судом абраны быў артыкул 70, якім прадугледжана куды больш мяккае пакаранне.
Дзіўнае ўвогуле рашэнне. Сабраліся некалькі чалавек. Задумалі і здзейснілі забойства. А потым яшчэ спрабавалі ахвяру спаліць. Зусім не проста ў гэтай жудаснай крымінальнай справе знайсці падставы для спагады. Пра што настойліва даводзіў дзяржаўны абвінаваўца. Але да яго прыслухацца не пажадалі. Гэта ж вам не суд над “палітычнымі”, дзе рэй вядзе заўсёды пракурор. Тут слухалі іншых. А калі дакладней – іншага.
Падабаронных галоўнага начальніка звычайнымі страшылкамі асабліва не палохалі. У судовай залі нават у жалезную клетку іх не пасадзілі. А ўласна кажучы, за што? У пікетах не стаялі. У дэманстрацыях не ўдзельнічалі. Сабраўшыся разам, некага забілі. Дык было ж выказана шмат кіраўнічых думак на гэты конт. Хто б не прыслухаўся да тых чыноўных афарызмаў, якія прагучалі яшчэ ў студзені. І гомельскія суддзі напэўна ж памяталі ўсё. “Отнеситесь к ним как к своим родным людям”. “Нельзя их сажать!” І наконт таго, забітага, таксама ніякіх сумненняў не было: “Подонку туда и дорога!”
Шмат хто тады быў проста агаломшаны. Гэта ж не жарты – начальнік краіны асабіста ўстаў на абарону звычайных вясковых макрушнікаў. Паколькі тая адвакацкая прамова дала такія бліскучыя вынікі, варта прыгадаць яе хаця б часткова. “Пожалуйста, завтра их отвезите в деревню, я вас прошу, пусть они живут в деревне, а вы ведите свое уголовное дело. Отвезите людей в деревню, и пусть эти старики работают там, находятся в своих семьях. А вы их приглашайте и допрашивайте. Это для них будет лучше, чем сидеть в следственном изоляторе”. І зусім неістотна, што самаму старому з тых “стариков” – 37 гадоў. Жыткавіцкія міліцыянты на тыя дробязі ўвагі не звярталі. Яны падхапілі пакутнікаў пад рукі і развезлі па хатах. Вось такі адбыўся раптам усплёск гуманнасці.
Навошта раптам спатрэбілася з гэткай блытанай прамовай выступаць перад паслужлівай тутэйшай тэлекамерай? Займаючы вышэйшую пасаду ў краіне, ён жа заўсёды мог скарыстацца дадзеным яму правам памілаваць асуджаных. Аднак давялося б пачакаць прысуду. Але ж тады хіба магчымы той эфект, які быў дасягнуты ў незабыўным студзені? Заступіўся асабіста. Накрычаў на суддзяў. Паставіў на месца следчых. Падазраваных у забойстве міліцыянты ўначы развозілі па хатах. Дзе яшчэ магчыма гэткае?
І ўсё ж аніякай загадкі тут няма. Усё проста і элементарна. І пухавіцкія зухі з іх убогім судом Лінча цікавяць тутэйшага дыктатара не болей чым леташні снег. Тады, у студзені, ён выступіў адвакатам самога сябе. А дакладней – сваёй дарагой, бязмежна любімай пасады.
Як бы там ні было, а страх страціць уладу спакою не дае. З таго часу, калі малавядомы шклоўскі вылучэнец заняў у дзяржаве найвышэйшы пост, прайшло амаль пятнаццаць год. У сучаснай Еўропе так доўга ў гэткім крэсле не сядзяць. Непрыстойна. А новую Паўночную Карэю стварыць тут немагчыма. Не той кантынент. І як ні старайся, а нават чарговыя выбары правесці па старых “элегантных” напрацоўках наўрад ці давядзецца. Хочацца ж страшэнна еўрапейскага прызнання.
А тут такая нагода – заступіцца за пакрыўджаных. Абараніць іх ад злых міліцыянтаў. Хоць на час следства вярнуць усіх дадому. Зразумела, што па краіне адразу пойдзе пагалоска: бач ты, простага чалавека ў крыўду не дае! Ад міліцыі і суддзяў як абараняе. А тых, хто сядзеў, сядзіць і сядзе ў будучым, колькі ў гэтай няшчаснай краіне. Тым болей, калі дадаць яшчэ родзічаў ды сяброў. І ўсе яны ўчынак гэткі па-за ўвагай не пакінуць. На выбарах аддзячаць. Да таго ж абаронца бедных і пакрыўджаных адным учынкам не абмежаваўся. Асабіста накіраваў у палатку праект закона аб амністыі. Каля чатырох тысяч зняволеных выйдуць на свабоду. Цудоўная ідэя.
Кожнае паслабленне турэмнага рэжыму можна толькі вітаць. Калі б не адна надзвычай змрочная акалічнасць. У той час, калі разглядала палатка гэты законапраект, на плошчу перад Домам ураду выйшлі моладзевыя актывісты з “Еўрапейскай Беларусі”. Патрабуючы распаўсюджання амністыі і на асуджаных па матывах палітычных, яны называлі іх імёны. Але абвесціць увесь спіс так і не паспелі. З’явіліся міліцыянты. Хлопцаў і дзяўчат схапілі, адвезлі ў пастарунак. Каб ведалі, што і да чаго.
Амністыя – сваім. Нязгодным – камера і краты. Як заўсёды, кожнаму – сваё.