Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ірына Халіп: Свабода слова набывае прыярытэт

11.10.2021 политика
Ірына Халіп: Свабода слова набывае прыярытэт

Kарэспандэнт «Новай газеты» ахарактарызавала свайго галоўнага рэдактара як асобу прыхільную да Беларусi.

Свабода слова набывае прыярытэт. Такая тэндэнцыя ў свеце, што паказала абвяшчэнне сёлетніх лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. Кажа «Радыё Рацыя» журналістка Ірына Халіп.

Ірына Халіп, якая працуе ўласным карэспандэнтам «Новай газеты» ў Беларусі, ахарактарызавала свайго галоўнага рэдактара як асобу прыхільную да Беларусі. А таксама чалавека, які з павагай ставіцца да асобы журналіста і свабоды слова:

– Гэта чалавек, які абсалютна шчыра і аднолькава шчыра будзе перажываць і за хабараўскія пратэсты, і за беларускія. Напрыклад, калі пачалася вайна ва Украіне, было распараджэнне Муратава нашага ўласнага карэспандэнта там, у Кіеве, Вольгу Мусафіраву не рэдагаваць. Абсалютна тое ж адбылося са мной, калі ў жніўні мінулага года ў Беларусі пачаліся пратэсты. Гэта абсалютная павага не проста да журналістаў, гэта яшчэ павага і да нашай пазіцыі.

- Менавіта журналісты атрымалі гэтую прэмію міру. Які сігнал ці пасыл Нобелеўскі камітэт зрабіў, калі даў журналістам такую прэмію, між іншым менавіта расейскаму? Бо з’явіліся пэўныя спекуляцыі ў сацыяльных сетках.

- Адзін журналіст – з Расеі, другая журналістка – з Філіпінаў, то бок еўрапейская частка, азіяцкая частка. Беларускі народ настолькі каспіралагічны, што заўсёды можа падвесці кучу розных тэарэтычных падставаў: чаму так, чаму не так. Але мне здаецца, што можа гэта не проста сігнал, гэта, дарэчы, прызнанне таго, наколькі важная журналістыка ўвогуле ў справе развіцця дэмакратыі і ўвогуле, што свабода слова – гэта, напэўна, адна з тых базавых свабод, без якіх увогуле чалавецтва не можа развівацца далей. І гэта цудоўна.

- Мінулы тыдзень быў вельмі дынамічным для рэдакцыі “Новай газеты”. Тут таксама варта прыгадаць, што 15 гадоў мінула з той трагічнай падзеі, калі забілі Ганну Паліткоўскую, і гэта таксама звязана з “Новай газетай”. Гэтая дата была літаральна на мінулым тыдні.

- Так, якраз на наступны тыдзень пасля 15-годдзя гэтай трагедыі Муратава і ўзнагародзілі. Дарэчы, ён сказаў такую рэч – справа ў тым, што Нобелеўская прэмія міру не ўручаецца пасмяротна, толькі жывым. І ён лічыць, што паколькі Ганны ўжо няма ў жывых і няма яшчэ акрамя яе пяцярых супрацоўнікаў “Новай газеты”, якія былі забітыя, то гэта іх прэмія. Гэта быццам апасродкавана праз яго прэмія ўручаецца ім – забітым журналістам “Новай газеты”.

Як гаворыцца ў заяве Нобелеўскага камітэта, журналісты атрымалі ўзнагароду за «намаганні па абароне свабоды меркаванняў, якая з’яўляецца ўмовай для дэмакратыі і міру».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]