Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Наша Ніва»: Як прайшоў першы дзень анансаванай забастоўкі і чаго чакаць далей

02.11.2021 политика
«Наша Ніва»: Як прайшоў першы дзень анансаванай забастоўкі і чаго чакаць далей

Меркаванні палітычных лідараў і эскпертаў.

На пачатак лістапада Беларускае аб’яднанне рабочых абвясціла старт агульнанацыянальнай забастоўкі. Пра тое, што з гэтага выйшла, «Наша Ніва» распытала лідара аб'яднання Сяргея Дылеўскага, Андрэя Саннікава, які падтрымаў стачку, і палітолага Валера Карбалевіча.

У каментары «Нашай Ніве» Андрэй Саннікаў расказаў перадгісторыю. Паводле яго слоў, як толькі ідэя забастоўкі была агучаная, ён меў шэраг сустрэч са штабамі Ціханоўскай і Бабарыкі, а таксама прадстаўнікамі НАУ.

«Я адразу падтрымаў ініцыятыву Сяргея Дылеўскага, бо лічу, што гэта вельмі важная з’ява. Нам патрэбны элемент рабочай сілы ў Беларусі, які пад ціскам амаль знік.

І тое, што існуе спроба арганізацыі рабочых, якія могуць паўстаць асобнай моцнай групай у Беларусі, можна толькі вітаць. Штабам і актывістам я сказаў, што лічу гэтае дзеянне вельмі карысным для сітуацыі ў Беларусі, і папрасіў: калі няма згоды адразу, каб не было супрацьдзеянняў. Усе на гэта пагадзіліся.

Сяргей Дылеўскі — гэта сапраўдны лідар, які дбае аб правах рабочых. А вось тыя людзі, якія кажуць, што яны яшчэ не падрыхтаваныя да забастоўкі, — да іх у мяне ніякага даверу няма», — выказаўся Андрэй Саннікаў.

Як альтэрнатыва стачцы была прапанаваная ініцыятыва народнага каранціну — самазахавання беларусаў ва ўмовах драматычнай сітуацыі з каранавірусам (застацца дома, каб уратаваць здароўе, калі ўлады не прымаюць дастатковыя меры для супрацьдзеяння пандэміі).

У выніку сам Сяргей Дылеўскі напярэдадні анансаванай ім забастоўкі прапаноўваў у сваім звароце да дэмсілаў і актываў кампраміс:

«Калі вы па якіх-небудзь прычынах лічыце немагчымым падтрымаць пачатак агульнанацыянальнага страйку, назавіце гэтую падзею як вы сабе хочаце — страйк, самаізаляцыя ці народны каранцін — і падтрымайце народ Беларусі!»

Што ў выніку?

Сам Сяргей Дылеўскі лічыць, што першы дзень прайшоў нават лепш, чым яны самі планавалі.

«Па стане на 16-ю гадзіну па мінскім часе ў бот Беларускага аб’яднання рабочых напісала каля 20 тысяч чалавек, якія засталіся дома. Гэта людзі з разнастайных прадпрыемстваў, студэнты, прадстаўнікі прыватнага бізнэсу. Мы не можам раскрываць падрабязнасці ў мэтах бяспекі».

Як былі верыфікаваныя паведамленні ў боце? Па словах Сяргея Дылеўскага, праз актыў у Беларусі, па фота з дома (у тым ліку з працоўнымі дакументамі). Сярод таго, што дасылалася, было нямала фэйкавых паведамленняў.

«Цяпер ужо відавочны першапачатковы недалік нашай каманды: трэба было звяртаць больш увагі на інфармацыю, якую нам дасылаюць, адсейваць хлусню, укіды з боку дзяржорганаў.

Але агулам працэнт пацверджаных заяў пра стачку склаў каля 75-80%. Мы ведаем, што на Мінскім трактарным заводзе ў некаторых цэхах з 600-700 штатных супрацоўнікаў не былі на працоўным месцы ад 200 да 250, на першым рудаўпраўленні «Беларуськалія» на пляцоўцы пад’ёму з розных прычын не было каля траціны супрацоўнікаў, на Мінскім аўтамабільным заводзе ў некаторых цэхах таксама не выйшлі на працу.

На шэрагу прадпрыемстваў цягам дня праводзіліся «ідэалагічныя прапрацоўкі», дзе ідэолагі расказвалі рабочым пра распачаты ў краіне страйк».

Пазітыўнымі вынікі першага дня знаходзіць і Андрэй Саннікаў.

«Пасля 25 гадоў ціску на незалежныя прафсаюзы і на рабочых нельга чакаць, што ўсё адновіцца адразу і што заводы масава стануць. Людзі праявілі асаблівую мужнасць, я вітаю гэта і лічу, што яны заслугоўваюць павагі.

Гэта толькі пачатак фарміравання моцнай рабочай сілы. Я і мае калегі, паплечнікі прытрымліваюцца трох крокаў, якія вырашаць сітуацыю ў Беларусі і прывядуць да змен: стачка, пратэсты і міжнародныя санкцыі. І мы робім усё, каб гэта падтрымаць».

Што будзе далей?

Сяргей Дылеўскі абяцае, што аб'яднанне рабочых не спыніць працу, пакуль не будуць выкананыя галоўныя патрабаванні. Сярод іх — спыненне палітычных рэпрэсій, пачатак перамоў наконт мірнай перадачы ўлады дэмакратычным сілам, выкананне канстытуцыйных правоў грамадзян.

«Мы будзем патрабаваць ад незалежных СМІ, ініцыятыў і лідараў падтрымліваць беларусаў, сачыць за сітуацыяй і не перашкаджаць беларускаму грамадству будаваць новую Беларусь», — удакладняе план дзеянняў Дылеўскі.

Ён не выключае аб’яднання з іншымі дэмсіламі ў дзеяннях, у тым ліку каардынацыю з іншымі ініцыятывамі рабочага руху.

«Яшчэ раз паўтаруся: няма ніякай розніцы, ці падтрымліваеце вы страйк, забастоўку, народны каранцін ці лакдаўн. Важна, што вы падтрымліваеце народ Беларусі і заклікаеце іх застацца дома і захаваць сваё жыццё і здароўе. Адзінае, магу сказаць дакладна: з моманту заснавання беларускага аб'яднання рабочых прайшло паўгода, і нам хапіла гэтага часу, каб падрыхтавацца да стачкі, наколькі гэта магчыма».

Што кажуць палітолагі?

З пункту гледжання палітолага Валерыя Карбалевіча, задача арганізаваць менавіта агульнанацыянальны страйк у сённяшніх умовах была нерэальнай:

«Страйк можа адбыцца ва ўмовах агульнанацыянальнага ўздыму, пратэснага руху, калі грамадства моцна палітызаванае. Такое назіралася недзе ў другой палове жніўня і ў пачатку верасня мінулага года. Тады тэарэтычна страйк мог адбыцца. А сёння са спадам пратэсту, пэўнай дэпалітызацыяй грамадства, з масавымі рэпрэсіямі і палітычнай міграцыяй разлічваць на масавы страйк не выпадае.

Гэты заклік не спрацуе на прамысловыя прадпрыемствы: у беларускім пратэсце не рабочыя складалі асноўную рухальную сілу. Гэта быў сярэдні клас, айцішнікі, людзі, якія працуюць у недзяржаўных установах. Згадайце народную забастоўку, анансаваную Святланай Ціханоўскай на 26 кастрычніка мінулага года: тады прыпынілі працу, у асноўным, прыватныя кампаніі, службы сэрвісу, пункты грамадскага харчавання».

На думку Карбалевіча, масавы страйк магчымы ў выніку новага пратэснага выбуху.

«Страйкі, як і рэвалюцыі, не адбываюцца па загадзе палітыкаў ці палітычных цэнтраў. Гэта здараецца ў выніку нейкага збегу абставін, але гэта досыць рэдкая з’ява».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]