На 89-м годзе жыцця пасля доўгай і цяжкай хваробы пайшла доктар навук, прафесар, кінакрытык і кіназнаўца, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Ефрасіння Леанідаўна Бондарава.
Гэта адбылося 30 чэрвеня.
Я памятаю гэтую невысокую пажылую жанчыну з цвёрдым позіркам, якую сустрэў упершыню ля ўваходу ў стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі. З ёй павіталася мая спадарожніца, выпускніца журфака БДУ.
— Хто гэта?
— Баба Фрося. Бондарава. Ты не ведаеш?
Я не ведаў.
Я не ведаў, што Ефрасіння Леанідаўна была доктарам філалагічных навук, аўтарам некалькіх кніг па гісторыі беларускага кінематографа. Але як толькі я зацікавіўся лёсам Уладзіміра Корш-Сабліна, я распачаў бібліяграфічныя пошукі з яе прац.
Яна і ў кнігах сваіх была такая ж. Жорсткая ў фармулёўках, цвёрдая. Старонка кнігі Бондаравай — як погляд праз акуляры: зрэнкі падаюцца ненатуральна шырокімі, усё неяк буйней, больш значна.
Яна пісала і пра Корша і Турава так, як пішуць пра сучаснікаў — пра старэйшага і малодшага. Ефрасіння Леанідаўна і была іх сучасніцай.
Цяпер так не пішуць. Пайшоў кінематограф савецкай Беларусі. Пайшло і кіназнаўства савецкай эпохі, класікам якога стала Бондарава.
Мы размаўлялі з ёй некалькі разоў. Ефрасіння Леанідаўна казала — як рэзала, наводмаш. У яе не ўзнікала сумненняў ва ўласнай рацыі.
У апошні раз я бачыў яе на журфаку, здаецца, больш за дзесяць гадоў таму. Мама мая, якая нарадзілася на тры гады пазней Бондаравай, ужо пайшла з жыцця. А Бондарава здавалася вечнай.
Зараз і яна пайшла.
Пісаць аб беларускім кіно будуць іншыя. Тыя, каго яна вучыла.
Аляксандр Фядута, «Наша Ніва»