Яго жонка выходзіла на ўсе мірныя акцыі, якія праходзілі ў Жлобіне.
Сяргей да падзей восені 2020 году жыў у Жлобіне. Працаваў у Жлобінскім аддзеле па надзвычайных сытуацыях. Увосень адмовіўся на загад кіраўніцтва здымаць бел-чырвона-белыя сьцягі. Атрымаў спагнаньне, пазьней — звальненьне. Ягоная грамадзянская жонка мае два крымінальныя артыкулы па «палітыцы». Цяпер яны ўцекачы.
«Здаецца, я пакуль апошні звольнены з ратавальнікаў»
Сяргей расказвае «Радыё Свабода», што ўвосень 2020 году ён адмовіўся здымаць на загад кіраўніцтва бел-чырвона-белыя сьцягі.
«Тады ў Жлобіне сьцягоў на бальконах было вельмі шмат. І супрацоўнікам МНС паставілі задачу „змагацца“ са сьцягамі. Я адмовіўся, і яшчэ, здаецца, чатыры чалавекі. Мяне на шэсьць месяцаў пазбавілі прэміі. Да лета 2021-га мяне асабліва не чапалі. На момант лета 2021 году чатыры мае калегі, якія адмаўляліся здымаць сьцягі, былі звольненыя. Летам прыйшла чарга на маё звальненьне. Але спачатку яны прыйшлі да маёй грамадзянскай жонкі», — кажа Сяргей.
Гэта было на пачатку ліпеня 2021 году. Сяргей і Галіна былі дома, у іх быў выходны. Разам зь імі жывуць дзьве Галініны дачкі. Ім па 10 гадоў.
«Галіне патэлефанавалі. Сказалі — мы зь міліцыі, трэба расьпісацца, бо яна праходзіла сьведкай. Яна выйшла, і міліцыянт пачаў сілай заштурхоўваць яе ў аўто. Я выскачыў, сказаў, што паеду зь ёй, але мяне пачалі адштурхоўваць. Яе павезьлі ў аддзел, я пабег усьлед. Потым былі розныя размовы зь міліцыянтамі. Адзін сказаў: „Давай ты каго-небудзь здасі, і мы яе адпусьцім“. Натуральна, я на такое не пайшоў. Праблемы былі ў яе за тое, што ўвосень 2020-га яна хадзіла на мірныя акцыі, калі на вуліцы Жлобіна выходзілі дзяўчаты ў белым», — расказаў Сяргей.
Калі ён прыйшоў на працу, то даведаўся, што звольнены. На Галіну распачалі крымінальныя справы за «масавыя беспарадкі» і «гвалт над міліцыяй». Але яе адпусьцілі «на парукі», паручальнікамі выступілі Сяргей і Галініна маці.
Галіна працавала на чыгунцы. Кажа, што выходзіла на ўсе мірныя акцыі, якія праходзілі ў Жлобіне. Увосень 2020 яе пачалі выклікаць у міліцыю. Паказвалі відэа зь мітынгаў, пыталіся — каго яна ведае на гэтых відэа.
«Цягалі ў міліцыю, потым адчапіліся на нейкі час, а ўлетку зноў пачалося. Я раней была сьведка, а ўлетку міліцыя зрабіла зь мяне падазраваную. Калі мяне схапілі ў ліпені, то допыт быў сем гадзін. У прыбіральню не пускалі, вады не давалі, проста быў жах. Асабліва непрыемна, калі мяне прымусілі распранацца пры міліцыі, каб яны маглі перапісаць усе мае татуіроўкі. Я не хацела, сказала, што ня буду распранацца. А міліцыянты мне груба так: „Давай, не выпендрывайся, мы яшчэ не такое бачылі!“. Я трымалася, але здалася, калі яны пачалі мне пагражаць, што дзяцей забяруць у дзіцячы дом», — расказала Галіна.
Яна кажа, што міліцыянты «працавалі» зь ёю мэтадам «перніка і дручка» — то запалохвалі, то казалі, што ёй нічога ня будзе. «У тым кабінэце быў якраз допыт іншага чалавека. І калі «мае» міліцыянты выйшлі, адвакатка таго, іншага чалавека сказала мне: «Ня вер ім, яны цябе падманваюць! Цябе пасадзяць і дзяцей забяруць, уцякай, бяры дзяцей пад пахі і ўцякай з краіны!» — дадала Галіна.
«Схапілі дзяцей пад пахі і кінуліся наўцёкі»
Потым у міліцыю выклікалі ўжо Сяргея.
«Нам добрыя людзі сказалі, што калі на Галіну дзьве крымінальныя справы, і яшчэ мяне выклікаюць, то мы можам удваіх сесьці, а дзеці пойдуць у дзіцячы дом. Нам параілі ўцякаць. Але як і куды? На той момант у нас не было і грошай на ўцёкі. Але я хачу падзякаваць незнаёмым добрым людзям, якія дапамаглі, і нам удалося хутка зьехаць.
Мы ўцякалі нелегальна, праз раку, лес, былі ў лёгкай летняй вопратцы, з сабой мінімум рэчаў. Дзяцей схапілі пад пахі — і наўцёкі. Два месяцы жылі ў Расеі, бо не маглі прарвацца ва Ўкраіну. Потым, не скажу як, але прарваліся. У міграцыйнай службе Ўкраіны да нас паставіліся з разуменьнем. Мы легалізаваліся. Цяпер, мусіць, паедзем далей, у Польшчу. Па лепшае жыцьцё», — кажа Сяргей.
Ён цешыцца, што на ўсіх этапах уцёкаў і блуканьняў сям’я мела падтрымку ад беларусаў.
«Мы ж уцякалі ў шортах і футболках! Нам чалавек з ЗША дапамог зь цёплымі рэчамі на зіму. Многія людзі дапамагалі нам, вялікі дзякуй ім!», — кажа жыхар Жлобіна.
Галіна мае спадзяваньні, што ў Польшчы нарэшце зможа супакоіцца, знойдзе працу, а дзеці пойдуць у школу.
«Тая наша міліцыя, яны проста мяне маральна ламалі, я ніколі не адчувала сябе настолькі прыгнечанай. Калі я выйшла адтуль — то адчувала сябе анучай. Яны мне казалі: „Закрый рот, мы тут вырашаем твой лёс, ты будзеш рабіць тое, што мы скажам!“. Больш я такога не хачу перажываць», — кажа Галіна.