Чыноўнік закрануў гэтую тэму ў перамовах з Лаўровым.
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пасьля перамоваў з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым у Маскве назваў канфэрэнцыю аб Беларусі, якая пройдзе 22 лістапада ў Вене, «бясплоднай і бессэнсоўнай задумай», перадае «Радыё Свабода».
«Больш за тое, мы разглядаем яе як абсалютна недружалюбны крок у дачыненьні да Беларусі. Ніхто з афіцыйных асобаў беларускага боку ў ёй удзелу браць ня будзе. Хай для галачкі яны правядуць гэтую імпрэзу», — заявіў Макей падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у Маскве.
Расейскі міністар Лаўроў падтрымаў Макея.
22 лістапада ў Вене адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя аб Беларусі. Пра гэта заявіў на саміце Рады Эўразьвязу канцлер Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг. Канфэрэнцыя будзе прысьвечана дыялёгу паміж зацікаўленымі бакамі і вырашэньню беларускага крызісу, паведаміла Сьвятлана Ціханоўская.
Канцлер Аўстрыі выступіў за ўвядзеньне новых санкцый супраць арганізатараў міграцыйнага крызісу, але адзначыў, што нельга размаўляць зь Беларусьсю толькі мовай санкцый. «Мы павінны падтрымліваць хаця б мінімальны дыялёг, асабліва з грамадзянскай супольнасьцю», — сказаў Шаленбэрг. Ён дадаў, што пытаньне Беларусі — гэта эўрапейскае пытаньне.
Як стала вядома Reuters, супраць Макея могуць быць уведзеныя санкцыі Эўразьвязу.