Яна заклiкала Захад даць рэжыму адпор і пазбавіць ягоных рэсурсаў.
Сьвятлана Ціханоўская 24 лістапада выступіла ў Эўрапейскім парлямэнце на запрашэньне прэзыдэнта Эўрапарлямэнту Давіда Сасолі, паведамляе «Радыё Свабода».
Зьяўленьне Сьвятланы Ціханоўскай на трыбуне сустрэлі авацыямі і ўставаньнем.
Пра што гаварыла Сьвятлана Ціханоўская
Сёньня ў Беларусі палітычных зьняволеных больш, чым прысутных членаў палаты. 882 з маіх суайчыньнікаў былі пазбаўленыя волі за ажыцьцяўленьне базавых палітычных правоў, якія жыхары іншых краін Эўропы прымаюць як належнае.
Усяго год таму Алесь Бяляцкі быў з намі на паседжаньні Эўрапейскага парлямэнту, калі атрымліваў прэмію «За свабоду думкі» імя Сахарава. Праз паўгода пасьля вяртаньня дадому Алеся арыштавалі за дзейнасьць у межах Праваабарончага цэнтру «Вясна». Справа Алеся пацьвярджае, што беларускі крызіс значна бліжэй да ўсіх нас, чым можа здавацца.
Беларускі рэжым выкарыстоўвае як зброю мігрантаў, наўмысна падрываючы стабільнасьць і бясьпеку Эўропы.
Сьвятлана Ціханоўская расказвае гісторыі Дар'і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай, Вітольда Ашурка і Дзьмітрыя Стахоўскага, Сьцяпана Латыпава, Віктара Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай, Крысьціны Ціманоўскай, Андрэя Зэльцара, а таксама тых, хто зазнае рэпрэсіі ў Беларусі штодзень.
Як вы лічыце, ці разумеюць нас усе гэтыя беларусы, калі ім гавораць пра доўгія бюракратычныя працэсы ў ЭЗ і нюансы сусьветнай палітыкі і дыпляматыі? Ці даюць беларусам надзею і ўпэўненасьць заявы аб глыбокай заклапочанасьці?
Мы змагаемся ня толькі за нашу, але і за вашую свабоду. Бо дэмакратычныя краіны змогуць выстаяць, толькі дзейнічаючы рашуча і разам.
Я мушу сказаць: ужо становіцца позна. Са жніўня 2020 году было дастаткова сымбалічных крокаў і заяў аб салідарнасьці.
Дыктатуру можна параўнаць зь вірусам, які паражае арганізм. Каб пасьпяхова перамагчы вірус, патрэбна трохэтапная стратэгія.
Першы этап нашай стратэгіі — ізаляцыя і непрызнаньне рэжыму.
Не прызначайце новых амбасадараў у Беларусь, не прымайце амбасадараў рэжыму, калі вы паважаеце свабоду, правы чалавека і вяршэнства закону. Рэжым ці яго прадстаўнікоў нельга запрашаць на міжнародныя форумы, спартовыя ці культурныя мерапрыемствы. Сяброўства ў Інтэрполе трэба прыпыніць у адказ на недапушчальныя злоўжываньні яго інструмэнтамі. Замест гэтага дайце голас беларускаму народу. Запрашайце беларускія дэмакратычныя сілы на ўсе міжнародныя форумы, каб даць голас беларусам на самым высокім узроўні. У прыватнасьці, гэта датычыцца саміту «Ўсходняга партнэрства».
Другі этап нашай стратэгіі — лячэньне. Трэба даць рэжыму адпор і пазбавіць ягоных рэсурсаў, якія ён выкарыстоўвае для ўтрыманьня ўлады.
Працягвайце праводзіць пасьлядоўную палітыку санкцыяў. Дзякуючы ім адбываецца раскол элітаў, руйнуюцца карупцыйныя схемы, а паміж людзьмі з атачэньня Лукашэнкі зьяўляюцца рознагалосьсі. Бо ніхто не жадае падзяляць адказнасьць за злачынствы рэжыму. Будзьце рашучымі. Не дазваляйце лабістам блякаваць неабходныя санкцыі. Закрыйце ўсе пакінутыя шчыліны. Скаардынуйце вашы дзеяньні з ЗША і Вялікай Брытаніяй, каб санкцыі былі эфэктыўнымі, а не сымбалічнымі.
Будзьце пасьлядоўнымі. Не інвэстуйце ў краіну, якую кантралюе мафіёзны рэжым. Дайце рэжыму зразумець, што ня будзеце добраахвотна даваць яму рэсурсы, якія ён можа скарыстаць для рэпрэсій над уласнымі грамадзянамі.
Выконвайце міжнароднае права. Ініцыюйце перасьлед адказных за парушэньне правоў чалавека ў рамках унівэрсальнай крымінальнай юрысдыкцыі. Прыцягніце рэжым да адказнасьці за захоп цывільнага самалёта і гібрыдную атаку на межах ЭЗ. Дакумэнтуйце ўсе доказы злачынстваў рэжыму, каб гэтыя доказы леглі на стол міжнароднага трыбунала, калі ім зоймуцца Міжнародны суд ААН і Міжнародны крымінальны суд. Праявіце ініцыятыву ў гэтым кірунку.
Трэці этап стратэгіі — фармаваньне імунітэту. Зрабіце ўсё магчымае, каб дапамагчы ўмацаваць натуральны імунітэт беларускага народу. Я заклікаю Эўропу пашырыць праграму дапамогі грамадзянскай супольнасьці.
Неабходны праграмы рэабілітацыі для сем'яў рэпрэсаваных і псыхалягічнай дапамогі: людзі павінны бачыць, што іх ня кінулі.
Будзьце салідарныя! Не забывайцеся пра беларускіх палітвязьняў і іх семʼі. Не дазваляйце рэжыму маніпуляваць міграцыйным крызісам, каб схаваць жахлівую сытуацыю з правамі чалавека ў краіне. І беларусы, і мігранты цяпер закладнікі рэжыму.
Будзьце верныя вашым жа прынцыпам. Дапамажыце тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну. Многія беларусы ўцякалі ў сьпешцы, маючы толькі кароткатэрміновыя шэнгенскія візы. Многія беларусы лічаць сябе не імігрантамі, а рэлякантамі; яны мараць хутчэй вярнуцца дадому, але зараз ім патрэбна базавая дапамога ў дробязях — як права на законнае знаходжаньне і дазвол на працу.
Будзьце верныя Эўропе. Мара аб адзінай Эўропе — гэта ня мара аб бюракратычнай сыстэме або эканамічным саюзе. Гэта мара аб салідарнасьці і сяброўстве, аб адзінстве народаў і людзей, аб іх мірным супрацоўніцтве пры павазе свабоды і годнасьці кожнага.