Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Živjela Bjelarus! Як палітычна актыўны юнак вучыцца ў міжнародным каледжы ў басьнійскім Мостары

28.11.2021 общество
Živjela Bjelarus! Як палітычна актыўны юнак вучыцца ў міжнародным каледжы ў басьнійскім Мостары

Выпускнікі маюць прыярытэтную магчымасьць працягнуць вучобу ў найлепшых унівэрсытэтах сьвету.

Летась малады мянчук стаў фігурантам адміністрацыйнай справы і пакінуў Беларусь. Цяпер ён студэнт сеткі Каледжаў Аб’яднанага Сьвету — адна зь філій месьціцца ў старажытным горадзе Мостар, што ў Фэдэрацыі Босьніі і Герцагавіны.

Дамініку Мацукевічу 18 гадоў. Нарадзіўся ў Менску, дзяды — з Валожыншчыны і Століншчыны. Пасьля менскай гімназіі № 10 паступіў у Ліцэй БДУ. Аднак форс-мажорныя абставіны вымусілі пакінуць краіну і працягнуць вучобу за мяжой, перадае «Радыё Свабода».

Загартоўка непаўналетняга пратэстоўца

Згадвае, што яшчэ падлеткам збольшага разумеў, чым хоча займацца па жыцьці, таму адпачатку абраў для сябе гісторыка-грамадазнаўчы кірунак. Тады ж стаў цікавіцца палітычнымі і сацыяльнымі працэсамі, выступаў супраць зносу крыжоў у Курапатах, а падчас масавых акцый супраць плянаў «паглыбленай інтэграцыі» ў канцы 2019 году ўпершыню сьвядома далучыўся да арганізаванага пратэсту.

«Востра стаяла пытаньне незалежнасьці Беларусі — зрэшты, як і сёньня. Я і многія аднадумцы прыядналіся да ініцыятывы „Сьвежы вецер“ Уладзімера Мацкевіча і Сяргея Бульбы, падзялялі яе праграму. Такім чынам, узімку 2019-га атрымаў для сябе першы каляпалітычны досьвед. Акрамя таго, вёў аналітычную старонку, пісаў артыкулы з улікам таго, што вучыў на грамадазнаўстве. Ну, а потым надышла вясна, пандэмія і нарэшце перадвыбарны этап. Паколькі і родныя, і сябры сям’і так ці іначай заангажаваныя ў палітычныя пытаньні, трэба было рыхтавацца».

А літаральна праз год Дамініка Мацукевіча ўжо спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці паводле «народнага артыкула» 23.34: трапіў пад «дваровую зачыстку» практычна на фінішы леташніх пратэстаў.

«Гэта здарылася позьняй восеньню 2020 году, падчас аднаго з дваровых маршаў. Я ўжо тады ставіў пад сумненьне тактыку і стратэгію, прапанаваную лідэрствам руху, але нават калі ня згодны, усё роўна робіш дзеля духу салідарнасьці і адзінства... Ужо амаль дайшоў дахаты, па дарозе запампаваў выдаленыя тэлеграм-каналы, страціў пільнасьць, ну, і літаральна ля пад’езду падхапілі. Завезьлі ў Цэнтральны РУУС. На шчасьце, дзякуючы пэўнаму махлярству, да тэлефона з кантактамі і „дэструктыўнымі чатамі“ не дабраліся».

Дамінік зазначае, што маральна быў падрыхтаваны да «надзвычайных прыгодаў» — большая частка аднадумцаў, на якіх арыентаваўся, свае суткі ўжо адседзелі. Нават камплексаваў, што яшчэ не пацярпеў. Але, каб не спакушаць лёс празьмерным геройствам, трымаў у запасе статус «непаўналетняга арыштанта».

«Завялі ў падвальнае памяшканьне, мяне зь іншымі падлеткамі „вычленілі“ да асобнага сьледчага, які „пад капірку“ складаў пратаколы. І дарослых, і дзяцей было недзе паўсотні, многім рабілася млосна. Адзін мужчына меў праблемы з сэрцам, задыхаўся на падлозе. Афіцэры сьмяяліся, што ён хітруе, каб пазьбегнуць пакараньня. А мая знаёмая пасьля недалічылася асабістых рэчаў, непрыемна. Канечне, непараўнальна з тым, што было на Акрэсьціна ці нават па іншых аддзяленьнях. Бачыў, як у той жа дзень з трактарнага заводу ў шпіталь прывезьлі чалавека з разьбітай галавой».

На падставе складзенага пратаколу юнака і ягоных «упаўнаважаных прадстаўнікоў» літаральна засыпалі позвамі: Сьледчы камітэт, РУУС, камісія па справах непаўналетніх. Было зразумела, што «прафіляктычнымі размовамі» наўрад ці абмяжуецца.

Ратавальная эвакуацыя праз Апэніны

Падчас затрыманьня амапаўцы адчувальна перацялі юнака дубінкамі, і ён, каб не спускаць беспрычынную жорсткасьць, вырашыў зьняць у лякарні пабоі. Гэта аказалася памылкай, бо фактычна дало пачатак новай справе. Як толькі ў мэдкартцы пачынаюць фігураваць праваахоўнікі, чакай непрыемнасьцяў, усьміхаецца Дамінік Мацукевіч.

«Літаральна наступнай раніцай, а пятай гадзіне, бесьперапынны грукат у дзьверы: „Адчыняйце, міліцыя!“. Давялося хутка дэінсталяваць Windows, зрабіць іншыя перасьцярогі. На шчасьце, ламіліся не губазікі, а раённыя міліцыянты, якія, прынамсі фармальна, трымаліся працэсуальных нормаў. І хоць „бязьмежжа“ яшчэ не набыло пазьнейшых маштабаў, прававое поле ўжо было перааранае трактарам „Беларус“, стала зразумела, што працэс пайшоў, і не на маю карысьць. Хапала выпадкаў, калі заяўнік на факты гвалту лёгка ператвараўся ў падсуднага».

Маці Дамініка жыве ў Італіі, таму на сямейнай радзе нядоўга абмяркоўвалі, ці ёсьць сэнс чакаць наступнага візыту сілавікоў. Хутка падрыхтавалі дакумэнты, набылі квіткі на самалёт, і на наступны дзень патэнцыйнага фігуранта выправілі на Апэніны.

Найбольш яго засмучала, што вось так зьнянацку давялося разьвітацца з домам і сябрамі-аднакурсьнікамі: Дамінік заўсёды бачыў сябе ў беларускім кантэксьце і нават ня думаў пра замежжа. Аднак лёс распарадзіўся інакш.

«Усё трагічна, бо каб быў больш асьцярожны, мог бы застацца і зрабіць нешта карыснае, — шкадуе хлопец. — Да ўсіх падзеяў думаў, што пайду на факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Дый наогул падавалася: нічога надзвычайнага ня здарыцца. Паступовая лібэралізацыя, канфліктная фігура памрэ, прыйдуць новыя людзі і нешта рацыянальна памяняецца, паводле Томаса Гобса (філёзаф-матэрыяліст. — РС). Але ўсё пайшло па Джону Локу (філёзаф-эмпірыст. — РС). Паўтаруся, у маёй сьвядомасьці панавала Беларусь, зьбіраўся будаваць будучыню тут. На жаль, не атрымалася».

Зьмена лякацыі дазваліла засяродзіцца на здароўі — атрыманая падчас затрыманьня траўма паўплывала на зрок. Дамінік Мацукевіч назіраўся ў дасьведчаных італьянскіх афтальмолягаў, пэўны час лекаваўся. Істотныя праблемы ёсьць дагэтуль, але яны не вырашальныя ў кароткім часавым прамежку.

Далучэньне да глябальнага адукацыйнага руху

Ужо апынуўшыся ў Італіі і ня маючы ніякай пэўнасьці наконт акадэмічнай будучыні і пэрспэктыў паступленьня ў ВНУ, хлопец пачаў шукаць альтэрнатыўныя варыянты. Так вымалявалася праграма, якую прапануюць Каледжы Аб’яднанага Сьвету, — United World Colleges.

Гэта глябальны адукацыйны рух, першая школа якога паўстала ў 1962 годзе ва Ўэльсе. Цяпер сетка налічвае блізу двух дзясяткаў навучальных установаў па ўсім сьвеце. Двухгадовы ангельскамоўны курс вядзецца на перадунівэрсытэцкім узроўні, пад адным дахам займаюцца 200–300 студэнтаў з 80–100 краінаў.

Дарэчы, першым прадстаўніком Беларусі ў міжнародных каледжах стаў палітзьняволены экс-кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук (1992–1994, Уэльс, UWC Atlantic). Агулам лік беларускіх навучэнцаў пераваліў за сотню.

«У 2017 годзе мы з татам вандравалі па Бальканах і наведалі ў тым ліку Мостар. Менавіта тады пабачыў шыкоўны будынак у гішпанскім стылі, ня надта зважаючы, што тут месьціцца адзін з Каледжаў Аб’яднанага Сьвету. Ужо па вяртаньні аказалася, што ў UWC Mostar вучылася сваячка, захоплена расказвала. Я слухаў, але ня больш за тое. І толькі калі ў Італіі пачаў мітусіцца з атэстатам, наткнуўся на заклік падавацца ў United World Colleges. За тыдзень да дэдлайну запоўніў аплікацыю і паступова, крок за крокам, рушыў празь сіта адборачных тураў».

Тут свой час навучалася, а пасьля выкладала іншая беларуска, выпускніца Коласаўскага ліцэя Стася Рудак. Цяпер яна ў Нацыянальным камітэце UWC у Беларусі, дапамагае маладым землякам адаптавацца ў вялікім сьвеце аб’яднаных каледжаў.

Што да Дамініка, дык яму ўпэўненасьці дадавала маральная падтрымка менскага сябра Мірона, які таксама вырашыў паспрабаваць сілы ў няпростым спаборніцтве — на кожнае вакантнае месца прэтэндавалі больш за дзясятак абітурыентаў.

Пашчасьціла абодвум. Па выніках шматузроўневых конкурсаў і гутарак хлопцы прадэманстравалі выдатныя веды ды камунікацыйныя здольнасьці, стаўшы студэнтамі каледжаў. Дамінік выправіўся ў добра знаёмы Мостар, што ў Фэдэрацыі Босьніі і Герцагавіны (у парадку выключэньня атрымаў поўную стыпэндыю замест меркаванай частковай), Мірон — у высакагорны Дыліжан у Рэспубліцы Армэніі.

«Гэта, безь перабольшваньня, новы пачатак майго жыцьця, — усхвалявана кажа Дамінік Мацукевіч. — Натуральна, пакуль я дрэнна магу ацаніць, узважыць, што страціў, чаго ніколі не вярну і наколькі рэзка пры гэтым зьмяніўся мой лёс. Але на цяперашні момант такому павароту рад, хоць гэта і сумная радасьць, бо выдатна разумееш: праз выпрабаваньні ты многае незваротна страціў, гэта як немагчыма двойчы ўвайсьці ў адну раку. Зь іншага боку, ужо ёсьць каштоўны досьвед, які дапаможа зрабіць яшчэ больш, чым нават сабе ўяўляў. Прынамсі, на гэта вельмі спадзяюся».

Дамінік Мацукевіч выдатна валодае ангельскай (яна асноўная працоўная ў каледжы) і італьянскай мовамі, а некалькі гадоў таму пачаў яшчэ вывучаць японскую.

Лікбез на тэму беларускага супраціву

Каледж у Мостары — сярод самых маладых у разгалінаванай сетцы UWC і адзіны на тэрыторыі, яшчэ ня так даўно ахопленай вайной. Гэта першая навучальная ўстанова з дэкляраванай мэтай «рэканструкцыі грамадзтва», якое перажыло міжэтнічны канфлікт.

Тут Дамінік з ходу ўзяўся за грамадзка-палітычны «лікбез» — пад нацыянальным лёзунгам на басьнійскі манер «Živjela Bjelarus!». Нягледзячы на, здавалася б, рэзанансныя падзеі ў Беларусі, няшмат іншаземцаў разумеюць сутнасьць пратэсту. На фоне крызісных зьяваў у розных кутках сьвету «беларускі парадак дня» па-ранейшаму ўспрымаецца як другарадны.

«Выкладчыцкі склад, безумоўна, у курсе падзеяў, хоць і без асаблівых падрабязнасьцяў, збольшага ў папулярна-трылернай форме. Ёсьць студэнты, якія ведаюць пра бел-чырвона-белы „сымбаль апазыцыі“. Даводзіцца расказваць пра гістарычны сьцяг нашай дзяржавы, незалежна ад таго, хто цяпер ва ўладзе. Парадавала навучэнка з ЗША, чые продкі ў ХІХ стагодзьдзі эмігравалі з Палесься. Праз пакаленьні захавала памяць пра Беларусь, мае базавыя веды і акцэнты расстаўляе правільна. Але шмат каму трэба даводзіць, што гэта не рэгіён Расеі, а сувэрэнная краіна».

Вучэбная нагрузка і грамадзкая актыўнасьць у каледжы не замінаюць Дамініку Мацукевічу заставацца на беларускай хвалі. Як і раней, хлопец шмат вывучае і аналізуе.

«Я максымальна ў беларускім кантэксьце: працягваю глядзець Свабоду Premium, слухаю інтэрвію на „Эўрарадыё“, чытаю аналітычныя запіскі Зянона Пазьняка да надзённых падзеяў. Дарэчы, некалі ў мяне была мара вучыцца ў „Лятучым унівэрсытэце“ Ўладзімера Мацкевіча. На жаль, сёньня філёзаф за кратамі, але засталіся ягоныя выдатныя відэалекцыі і розныя падкасты. Ну і, натуральна, усе вядомыя тэлеграм-каналы, справаздачы штабоў і антыкрызісных кіраўніцтваў. Спрабую аналізаваць, рабіць высновы», — кажа студэнт-першакурсьнік.

Некалькі месяцаў беларус прыстасоўваецца да новых рэалій: актыўнічае ў аўдыторыях, абжываецца ў студэнцкім кампусе, выбіраецца на шпацыры ў цэнтар гораду, які ў першай палове 1990-х стаў арэнай жорсткіх абстрэлаў — пра тое дагэтуль нагадваюць руіны будынкаў, да аднаўленьня якіх з розных прычынаў так і не дайшло. Галоўны атрыбут Мостару — разбураны і адбудаваны каменны мост праз раку Нэрэтву — сымбалізуе шлях да міжэтнічнага замірэньня, хоць пакуль ня ўсё так аптымістычна.

«Босьнія і Герцагавіна — вельмі адметная глеба, каб на ёй вучыцца і выпраўляць памылкі. Найперш урок і напамін пра жудасьці вайны, як можна вырашыць канфлікт ці паставіць яго на паўзу. Менавіта гэтаму спрабую тут вучыцца. Так, краіна надзвычай падзеленая, і апошнім часам адносіны паміж часткамі фэдэрацыі толькі пагаршаюцца. У прыватнасьці, Рэспубліка Сэрбска заяўляе пра гатовасьць да самастойнага плаваньня, стварэньня ўласнай арміі. Адзінае, у Бялградзе сёньня пазыцыі ўжо іншыя, няма, як раней, падсілкоўваньня сэпаратысцкіх настрояў».

Маладыя навучэнцы мостарскага каледжу з Босьніі, Сэрбіі, Харватыі, Чарнагорыі збольшага пазбаўленыя спадчыннай траўмы і не адчуваюць на плячах грузу нянавісьці адзін да аднаго. Але агульная сытуацыя досыць «пажаранебясьпечная», канстатуе Дамінік Мацукевіч.

«На вуліцах гэта адчуваецца. Горад падзелены знакамітым мостам на мусульманскую і хрысьціянскую часткі, і ні ў той, ні ў другой „іншаверцы“ не вітаюцца. Здараюцца бойкі футбольных фанатаў на падставе ідэалёгіі і нацыі. Плюс мясцовае насельніцтва зусім ня можа шанаваць сваіх герояў, бо гэта апрыёры канфлікт. Дарэчы, падобная да Беларусі альтэрнатыўнасьць сьцягоў. Афіцыйны сымбаль фэдэрацыі навязаны звонку без унутранага ўхваленьня. Як вынік, кожная этнічная група выступае пад сваім сьцягам, паглыбляючы непаразуменьні».

Упершыню беларускі навучэнец апынуўся ў эпіцэнтры галоўнага сьвята фэдэрацыі — Дня дзяржаўнасьці Босьніі і Герцагавіны. Гэта стала яшчэ адной нагодай, каб параўнаць падыходы тут і ў Беларусі да дэкляраванага «народнага адзінства». Падабенствы выразныя, зазначае ён.

Агульная праблема крызісу ідэнтычнасьці

Гістарычны лёс Босьніі і Герцагавіны мае шмат паралеляў зь Беларусьсю, абапіраецца на ўласныя ўражаньні Дамінік Мацукевіч. Найперш гэта тычыцца працяглай «замарожанай» самаідэнтыфікацыі і разуменьня ўласнага месца ў цывілізацыйнай сыстэме каардынатаў.

«Крызіс ідэнтычнасьці, недахоп палітычнай культуры, нявырашаныя канфлікты, нераскаяны генацыд у Срэбраніцы — як у нас нераскаяныя Курапаты. Агулам ня вельмі вольная краіна, зьвязаная спадчынай Дэйтанскага пагадненьня (аб міры. — РС). Я бачу добрую будучыню для Босьніі і Герцагавіны ў сфэры турызму, лягістыкі, транзыту, чаму спрыяе геаграфічнае становішча. Але ў грамадзтве няма яднальнай ідэі. Спадзяюся, пакаленьне, якое тут вучыцца, яе сфармулюе — прыгожую квітнеючую лілею Бальканаў, як на аўтэнтычным басьнійскім сьцягу».

Дамінік выдатна разумее, што дыстанцыйны фармат стасункаў з радзімай рызыкуе зацягнуцца. Але гэта дадае імпэту, каб прыкласьці намаганьні і разбурыць нарэшце абсурдную для ХХІ стагодзьдзя жалезную заслону.

«Я б хацеў прайсьці шлях, каб зноў адчыніць радзіму, уварвацца ў яе. На жаль, пакуль гэта выглядае маларэальным. Ня думаю, што як толькі сыду з трапу самалёта ці выйду з аўтобуса, мяне адразу арыштуюць. Тым ня менш, градус агульнай небясьпекі досыць высокі. Гэта ня толькі стыхійныя хапуны, а нават пагроза засьвяціцца падчас рэгістрацыі на рэйс у Расеі. Ня толькі Беларусь, а ўся так званая „саюзная дзяржава“ зь яе ўніфікаванай базай зачыненая. Ну што ж? Будзем супольна працаваць, каб яе найхутчэй адчыніць, паралельна вызваліўшыся з абдымкаў Крамля».

За тры дзясяткі гадоў ад здабыцьця сувэрэнітэту беларускае студэнцкае прадстаўніцтва адзначанае ў бальшыні Каледжаў Аб’яднанага Сьвету: Армэнія, Босьнія і Герцагавіна, Вялікая Брытанія, Ганконг, ЗША, Індыя, Італія, Канада, Кітай, Коста-Рыка, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Сынгапур, Танзанія, Уэльс, Тайлянд.

Атэстацыя адбываецца паводле сыстэмы IB (International Baccalaureate). У залежнасьці ад спэцыфікі ўстановы даецца магчымасьць выбару абавязковых прадметаў — ад звыклых да спэцыяльных.

Прадугледжваюцца чатыры абавязковыя складнікі: акадэмічны, творчы, спартовы, валянтэрскі. Выпускнікі маюць прыярытэтную магчымасьць працягнуць вучобу ў найлепшых унівэрсытэтах сьвету, найбольш спрыяльны рэжым для беларусаў забясьпечваюць Злучаныя Штаты.

Як паведамілі Свабодзе ў адборачнай камісіі Нацыянальнага камітэту UWC у Беларусі, на наступны навучальны год кожны мае шанец пазмагацца за поўную стыпэндыю ў адным з 12 каледжаў United World Colleges. Пры гэтым Сынгапур (UWC of South East Asia) забраніраваў адмысловую вакансію для годнага маладога беларуса, які пацярпеў ад рэпрэсій.

Заяўку да 15 студзеня 2022-га падаваць па спасылцы ТУТ.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]