Вядомага дысідэнта забілі дзеці палкоўніка Золатава, начальніка аддзела кадраў у Доме ўрада.
Скульптар Алесь Шатэрнік, які цяпер жыве ў ЗША, працуе над кнігай успамінаў, частка якіх прысвечаная дзеячам культуры, іх ролі ў беларускім Адраджэнні, іх лёсах – часта трагічных.
У каментары для «Радыё Рацыя» Алесь Шатэрнік згадвае: «Я вельмі добра ведаў Лявона Баразну. Яго дзейнасць – гэта вытокі народнай культуры Новага часу. Мастацкі Фонд Саюзу мастакоў, які ўзначальвау Лявон Баразна развіваў традыцыйныя віды мастацтва: кераміка, народны нацыянальны строй, саломка, кавальства, ткацтва. Цікавая сустрэча з ім была перад самай яго гібеллю.
Ён быў на вяселлі маёй малодшай сястры Тані на Новавіленскай. Перад гэтым я сустрэў Лявона Баразну ў майстэрні, якая была на Камсамольскай, дзе ў дварах яго і забілі. Ён кажа: «Цікава паслухаць: ці спяваюць цяпер на вяселлях беларускія песні».
І я запрасіў яго. На вяселлі сястры я памятаю, як ён сядзеў на канапе. За расчыненымі дзвярыма балкона заходзіла жнівеньскае сонца. Лявон Баразна блакітнымі вачыма з лёгкай усмешкай глядзеў на захад сонца. Хутка пасля вяселля маёй малодшай сястры Тані і забілі Лявона Баразну…
15 жніўня 1972 года. Яго забілі дзеці палкоўніка Золатава, два браты. Золатаў працаваў начальнікам аддзела кадраў у Доме ўрада. Пырнулі нажом. Аднаго забойцу выпусцілі на волю праз сем месяцаў, а другога амніставалі.
Павел Масленікаў шмат прыклаў намаганняў дзеля праўды, ён быў у той час рэктарам БГТХІ (Цяпер Акадэмія мастацтва). За гэтыя пошукі праўды і звольнілі яго.
Зло сутыкнулася з мастаком у «патрэбным месцы і ў патрэбны час». Можна сказаць, што падаслалі забойцаў, яны паводзілі сябе вельмі нахабна, як бы ведаючы, што пакарання пазбегнуць. І зараз толькі Неба ведае: ці падаслалі іх. Але была тады агульная палітыка, скіраваная на знішчэнне народнай культуры і этнасу, каб быў у беларусаў «Мой адрас Савецкі Саюз».