Пра «Сэнсы жыцця» Мікалая Статкевіча.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў падзяліўся сваім меркаваннем пра тэкст Мікaлая Статкевіча «Сэнсы жыцця», дасланы з-за кратаў:
— Сказаць, што я ўражаны – нічога не сказаць!
Нейкім цудам з’явіўся з-за кратаў тэкст Міколы Статкевіча «Сэнсы жыцця».
Думаю, такога тэкста ў Беларусі не было з пачатку мінулага стагоддзя, калі востра паўстала пытанне пра будучыню беларусаў, пра нашаю дзяржаўнасць, пра тое, хто мы…
Не, у Міколы няма наўпроставай гаворкі менавіта пра Беларусь, ён ставіць агульныя, філазоўскія праблемы, але ж яны пастаўлены так дакладна, што ніякіх сумневаў няма, каго ён мае на ўвазе.
Я шчыра зайздрошчу гэтаму тэксту Міколы, свабодзе яго мыслення і думкі.
Я ведаю, як складана дасягнуць такой свабоды.
Калі я пасля вызвалення перачытаў нейкія свае турэмныя нататкі, я заўважыў, як зняволеннне паўплывала на свабоду думкі, і я знішчыў тое, што мне падавалася несвабодным, дзе, на мой погляд, прысутнічалі краты.
Таму я моцна ўражаны гэтым тэкстам. Гэта думкі, вельмі глыбокія, вельмі актуальныя, абсалютна свабоднага чалавека.
Я нават уявіў сабе, што Мікола на свабодзе, прысеў дзесьці на бервяно пад дрэвамі, у лесе ці ў садзе, і запісаў свае думкі, каб не забыцца.
Не пашкадуйце свайго часу, пачытайце яго. Гэта не проста варта таго, бяз гэтага складана будзе рухацца далей.