Экс-дыпламат раскрытыкаваў антыбеларускую палітыку і працытаваў верш «Пагоня» Багдановіча.
Вялікі рэзананс выклікала ў апошнія дні публікацыя ў «Фэйсбуку» экс-дыпламата, «дэпутата» «палаты прадстаўнікоў» Валерыя Варанецкага.
– Адказваючы на пытанні адносна майго бачання вытокаў сённяшніх праблем нашай Бацькаўшчыны, хацеў бы выказаць наступнае меркаванне.
Усё, што з намі адбываецца, – вынік нашых уласных дзеянняў.
Мы забылі ці не лічылі важным вывучаць і ведаць гісторыю свайго роду і сваёй Айчыны, вялікую і слаўную, якой магла б ганарыцца любая самая паспяховая і магутная дзяржава свету.
Мы пагардліва ставіліся да культуры, традыцый, звычаяў, сваёй роднай мовы, якая звязвае нас з папярэднімі пакаленнямі і з’яўляецца крыніцай духоўнай энергіі народа, яго культуры, менталітэту і светапогляду.
Мы па сутнасці, не жадаючы таго, адракліся ад сваіх продкаў, якія мужна змагаліся за дабрабыт, свабоду і незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны і багата палілі сваей крывёй, слязамі і потам нашу зямлю, самааддана працуючы на ёй і абараняючы яе ад вонкавых ворагаў, каб забяспечыць будучым пакаленням годнае жыццё ў сваім уласным нацыянальным Доме.
Як вынік – мы не здолелі дакладна ўсвядоміць ні сваю нацыянальную ідэю, ні свае нацыянальныя інтарэсы і вызначыць у адпаведнасці з імі шлях развіцця нашай беларускай сям’і і ўласнага нацыянальнага Дома.
На жаль, мы да гэтага часу не асэнсавалі ў поўнай меры, што з намі адбываецца, хаця ўжо больш за 100 гадоў таму да нас вельмі пранікнёна з заклікам «не быць чужынцамі» ў сваім Доме звярнуўся вялікі беларускі паэт М.Багдановіч у вершы «Пагоня»:
…У белай пене праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць…
У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі – гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі Цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Бійце ў сэрцы іх, бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…
Відавочна, каб стаць моцнымі, адзінымі і здольнымі супрацьстаяць любым сучасным выклікам, нам трэба аднавіць сувязь са сваёй зямлёй і сваімі продкамі, вярнуцца да сваіх вытокаў, сваіх каранёў, да сваёй гісторыі, культуры, мовы і, што вельмі важна, да сваёй нацыянальнай сістэмы каштоўнасцяў і свайго беларускага светапогляду. Нам трэба быць ураўнаважанымі, адкрытымі да супрацоўніцтва і захоўваць пачуццё годнасці, аб’ектыўнасці і павагі да поглядаў і інтарэсаў адзін аднаго і другіх народаў, перш за ўсё нашых гістарычных суседзяў. Тады з усімі іншымі праблемамі мы паспяхова справімся і створым краіну, якой па праве будзем ганарыцца мы і нашы нашчадкі.