Джэймі Флай выказаўся наконт затрыманняў журанлістаў.
Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай выказаўся наконт прызнаньня сілавікамі інтэрнэт-рэсурсаў Радыё Свабода «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», арышту журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча і завядзеньня крымінальнай справы супраць журналіста-фрылансера Свабоды Андрэя Кузьнечыка.
«Мы асуджаем кампанію беларускага ўраду па крыміналізацыі сумленнай журналістыкі і пазбаўленьні праўды беларускага народу. Мы зноў катэгарычна адкідаем гэты недарэчны, навязаны рэжымам ярлык. „Радыё Свабода“ — не „экстрэмісцкая арганізацыя“. Алег Грузьдзіловіч і Андрэй Кузнечык — закладнікі гэтага беззаконнага рэжыму, а не злачынцы. Рэпартаж з фактамі — гэта не „экстрэмісцкая“ дзейнасьць, а журналістыка — не злачынства», заявіў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай.
Алега Грузьдзіловіча затрымалі 23 сьнежня ў Менску ў ягонай кватэры людзі ў масках. Як паведаміў жонцы сьледчы Коласаў, Алега Грузьдзіловіча перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Паводле сьледчага, Алег праходзіць па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, і мера стрыманьня яму зьмененая на арышт. За час пасьля папярэдняга арышту ніводнага допыту Алега Грузьдзіловіча не было.
Алег Грузьдзіловіч — падазраваны ў крымінальнай справе «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу). Па гэтым артыкуле прадугледжана пакараньне да чатырох гадоў калёніі.
За кратамі ўжо амаль месяц знаходзіцца фрылянсэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на яго завялі крымінальную справу. Журналіст і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік ўжо паўтара года ў зьняволеньні. Яго асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.