Bіншаванне з Божым Нараджэннем Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Сatholic.by апублікаваў віншаванне з Божым Нараджэннем Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча:
- Вашы Эксцэленцыі, шаноўныя святары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў, дарагія браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя суайчыннікі!
У вігілійны вечар, апраменены святлом Бэтлеемскай зоркі, віншую вас з вялікай і радаснай падзеяй Нараджэннем Хрыстовым! Сын Божы, якога дзве тысячы гадоў таму чалавецтва сустрэла яслямі ў хляве, няхай цяпер знойдзе ў сэрцы кожнага з вас утульнае месца сваёй прысутнасці ў гэтым свеце. Няхай Ён апраменьвае сваім святлом кожны закуток вашага жыцця, напаўняе сваім спакоем і адорвае радасцю. Толькі тады мы зможам жыць у згодзе і паразуменні, знаходзячы выйсце са складаных сітуацый, якімі так шчодра апошнім часам надзяляе нас лёс.
«Не бойцеся, абвяшчаю вам вялікую радасць , нарадзіўся вам сёння Збаўца!»
(Лк 2, 10).
Няхай гэтыя словы Анёла, скіраваныя калісьці да бэтлеемскімскіх пастушкоў, знойдуць водгук і ў нашых сэрцах, напаўняючы іх надзеяй і даверам да бязмежнай і міласэрнай Божай Любові, якая асаблівым чынам атуляе сёння ўвесь свет. Няхай яна учыніць сёння нашыя сэрцы здольнымі да прабачэння, каб белая аплатка, якой мы будзем дзяліцца з бліжнімі пры вігілійным стале, стала дзейсным знакам паяднання. Легенда сцвярджае, што ў гэтую ноч нават жывёла размаўляе чалавечым голасам. Няхай і нам сёння хопіць пакоры працягнуць руку да прымірэння і ад усяго сэрца дараваць крыўды.
Няхай Божае Нараджэнне напоўніць вашае жыццё шматлікімі ласкамі, няхай стане крыніцай сапраўднай радасці і надзеі, а нашую краіну атуліць апекай Беззаганнай Маці і Яе святога Абранніка Юзафа!
Божае баслаўленне няхай спадарожнічае вам падчас гэтых святаў і на працягу ўсяго надыходзячага Новага, 2022 года!
Радаснага Свята і шчаслівага Новага года!
Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі