Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Арцыбіскуп Кандрусевіч: Збаўца, падымі сваю руку і благаславі нашу Бацькаўшчыну Беларусь

27.12.2021 общество
Арцыбіскуп Кандрусевіч: Збаўца, падымі сваю руку і благаславі нашу Бацькаўшчыну Беларусь

Арцыпастар пажадаўшы беларусам напоўненых Божаю ласкаю святаў і шчаслівага Новага Года.

Увечары 24 снежня цэлебрацыю святой Імшы Пастэркі ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, піша catholic.by.

На пачатаку ўрачыстай літургіі ў зацямнёнай святыні два кантары ад алтара праспявалі спеў Абвяшчэння Нараджэння Пана, пасля чаго фігурка Немаўляткі Езуса была працэсійна пранесена з алтара да ясляў перад касцёлам. Арцыбіскуп Кандрусевіч здзейсніў благаслаўленне ясляў, і пад спеў традыцыйных калядак працэсія вярнулася ў святыню.

У гаміліі арцыпастыр, узгадваючы цуд Божага Нараджэння, закрануў праблему прыняцця Езуса сучасным чалавекам.

Іерарх нагадаў, што Божае Нараджэнне з’яўляецца самым вялікім парадоксам у гісторыі чалавецтва.

«На працягу тысячагоддзяў людзі чакалі прыйсця Збаўцы, а калі Ён, нарэшце, прыйшоў, то Яму не знайшлося месца. Прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі. Толькі Бэтлеемскія пастухі і Мудрацы з Усходу пачулі плач Бэтлеемскага Немаўляці і паспяшаліся прывітаць Яго. Дзякуючы таямніцы Богаўцелаўлення пастухам і мудрацам аб’явілася дабрыня і любоў Бога. Яны сталі першымі апосталамі і распавялі тагачаснаму свету пра цуд Бэтлеемскай ночы», — адзначыў арцыбіскуп эмерыт.

Ён дадаў, што Сын Божы прыйшоў у свет, каб вярнуць яму першапачатковую прыгажосць і аднавіць годнасць чалавека як Божага стварэння.

«Таямніца Богаўцелаўлення змяніла ход гісторыі. Яна заклікае нас з удзячнасцю прыняць гэты нябесны дар Божай любові і дзяліцца ім з іншымі з мэтай вырашэння шматлікіх сучасных праблем.

Гэта вельмі важна ў час, калі па прычыне адыходу ад Божага закону і маральных прынцыпаў нашае грамадства падзелена непаразуменнямі, узаемнымі абвінавачваннямі, адсутнасцю духа пакаяння і ўзаемнага прабачэння, культуры пашаны ў міжчалавечых адносінах, неадпаведным разуменнем свабоды», — падкрэсліў заслужаны іерарх.

«Трэба бачыць і прыняць святло Хрыста, каб яно ззяла ў нашых сэрцах і стала суцяшэннем і надзяй для нашай Бацькаўшчыны ў гэты складаны час яе гісторыі.

Неабходна вярнуцца да маральных прынцыпаў, якія гарантуюць дасягненне такога пажаданага паяднання і супакою. Сапраўдны і трывалы мір наступіць толькі тады, калі кожны дзень нашага жыцця стане Божым Нараджэннем», — сцвердзіў арцыпастыр.

Сваю гамілію ён завяршыў кароткай малітвай: «Божае Немаўлятка, падымі сваю руку і благаславі нашу Бацькаўшчыну Беларусь. Няхай дух узаемнай любові і прабачэння, дух міру і дабра, а таксама Божая ласка спадарожнічаюць нам на святы Божага Нараджэння і ў надаходзячым Новым годзе».

Арцыбіскуп Кандрусевіч сімвалічна падзяліўся з вернікамі аплаткай на знак еднасці, а напрыканцы Імшы традыцыйна на розных мовах павіншаваў усіх прысутных у Чырвоным касцёле і тых, хто яднаўся з імі з дапамогай анлайн трансляцыі, пажадаўшы ім напоўненых Божаю ласкаю святаў і шчаслівага і мірнага Новага Года.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2022 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]