Маленькія дзеці фрылансера былі сведкамі яго затрымання.
Фрылансер «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык, супраць якога ўзбудзілі крымінальную справу, разумеў, што яго могуць затрымаць, але зрабіў выбар застацца ў Беларусі. Ягоная жонка Алеся Рак распавядае «Салідарнасці» гісторыю іх сям’і.
Андрэй Кузнечык з 25 лістапада знаходзіцца ў зняволенні, ён адбыў два адміністрацыйныя арышты, а 23 снежня стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу.
Дзеці Андрэя і Алесі — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацвей — былі сведкамі затрымання таты.
— Яго забралі на вачох у дзяцей, — распавядае Алеся. — Дачка ведае, дзе тата. Мацвей пакуль не разумее. Я сказала дзецям: тату забралі злыя дзядзі, ён зараз у турме. Нядаўна праязджалі міма «Валадаркі», паказала дачцэ: тата тут, можаш памахаць яму рукой, праз сцены паслаць яму промні любові.
Алеся кажа, што трошкі супакоілася, калі мужа перавялі з Акрэсціна ў СІЗА-1:
— Радая, што цяпер ён у параўнальна больш камфортных умовах і прынамсі ягонаму здароўю нічога не пагражае. Зараз носім перадачы, лісты пішам адно аднаму.
Паводле Алесі, Андрэй не выключаў, што па яго могуць прыйсці, але прыняў рашэнне застацца ў Беларусі.
— Неяк вяртаецца дахаты і ўбачыў ля нашага дома людзей у чорным. Кажа мне: «Я нават узбадзёрыўся». Потым высветлілася, што ў суседкі сігналізацыя спрацавала.
Алеся пазнаёмілася з Андрэем, калі вучылася на першым курсе філфака БДУ, а сустракацца яны пачалі праз чатыры гады.
— Я ўсім распавяла, што гэта мой будучы муж, — усміхаецца Алеся. — Мы шмат размаўлялі, Андрэй вадзіў мяне рамантычнымі маршрутамі ўздоўж рэк.
З 2003-га пачалося наша сумеснае жыццё. Першыя гады жылі мы сціпла. Ён працаваў кур’ерам, аспіранцкую стыпендыю атрымліваў. Я таксама праз пару месяцаў знайшла сабе працу. Хапала на нейкі мінімум.
Андрэй неяк прызнаўся: думаў пажыць пару гадоў разам, пратэсціраваць стасункі, а пасля прымаць рашэнне, каб ажаніцца і жыць разам усё жыццё.
На вяселлі сваёй сяброўкі я злавіла букет, прыходжу да яго з гэтай навіной. Кажа: «Ну, пайшлі ў ЗАГС».
У 2005-м пара згуляла вяселле.
— Некалькі гадоў не рашаліся на дзяцей, баяліся, што яны абмяжуюць нашу свабоду ці неяк яшчэ сапсуюць нашы рамантычныя адносіны. Бо для нас быў такі кайф, што ты прыходзіш дахаты і можаш расслабіцца, рабіць, што хочаш, ніхто нікога не выхоўвае і не забараняе нічога. Мы старэйшыя дзеці у сваіх сем'ях, у нас з дзяцінства не было такой свабоды, мы яе вельмі цанілі, — распавядае Алеся.
У мужы яе захапляе тое, што ў ім спалучаюцца рысы, якія не сустракаюцца ў адным чалавеку.
— Андрэй надзейны, гаспадарлівы, вельмі дбайны, пра ўсіх клапоціцца. Мы ўжо амаль 20 год разам, а ён прыдумляе сюрпрызы мне на святы, хоць я нічога не прашу.
Са штодзённага на ім закупка прадуктаў, прычым не проста ў бліжэйшай краме затаварыцца хоць чым. Ён аб'язджае ўвесь раён, каб набыць мой улюбёны хлеб, смачную малочку... Для ката адмысловы корм ён бярэ ў беларускамоўных прадаўцоў, гэта асобнае няблізкае падарожжа.
Апошнія тыдні дома Андрэй усё стараўся нешта завяршыць. У нашых плінтусаў адваліліся нашлёпкі-куточкі, дык Андрэй хацеў іх замяніць, але канструкцыя састарэла. Ездзіў на будаўнічы рынак за інструкцыямі, але безпаспяхова. Я ўрэшце прыляпіла іх на пластылін.
Увогуле дома ён цярплівы, лагодны, негатыў трымае ў сабе. Я кажу яму, што нельга так рабіць, гэта шкодна для здароўя. Лепш ты палайся трохі, але ў цябе будзе нармальны ціск і доўгія гады жыцця. А я не хачу свой доўгі век дажываць адна, хачу з табой.
Дзеці ў нас яркія індывідуальнасці, з імі бывае няпроста. Але гэта самае цудоўнае, што ў нас ёсць. Я зараз большую частку жыцця праводжу з малодшым сынам Мацвеем, Старэйшую Яніну песціць пераважна Андрэй. Жартуем з ім на гэтую тэму. Ён кажа: «Не цябе я ўжо ваджу рамантычнымі маршрутамі». Адказваю: «Ды і я сплю не з табой».
Дачка любіць дробныя падаруначкі, штодзень іх выпрошвае. Андрэй з вечара кладзе смакоцце ў скрыначку побач з ложкам, Яніна з раніцы знаходзіць сюрпрыз.
Апошнія гады мы пачалі траціць нашу заўсёдную лёгкасць у адносінах, весялосць, гатоўнасць кожную хвіліну жартаваць, нягледзячы на складанасці і знешнія абставіны.
Магчыма, для гэтага нам і дадзена расстанне, каб мы перагледзелі нешта ў жыцці, інакш расставілі прыярытэты і сталі больш мудрымі.