Народ Казахстана паўстаў супраць карумпаванага рэжыму.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай, у якой асудзіла адпраўку беларускіх вайскоўцаў у Казахстан, перадае «Радыё Свабода».
«Сытуацыя, якая склалася ў Казахстане, зьяўляецца паўстаньнем народу супраць карумпаванага аўтарытарнага рэжыму, які на працягу дзесяцігодзьдзяў раскрадае багацьці гэтай краіны і перасьледуе іншадумцаў», — гаворыцца ў заяве Рады БНР.
«Адпраўка войскаў рэжымамі Пуціна, Лукашэнкі і іхнымі хаўрусьнікамі накіраваная на дапамогу рэжыму Такаева і Назарбаева ў падаўленьні гэтых пратэстаў, з улікам таго, што гэты рэжым ужо ня можа разьлічваць на ляяльнасьць казахстанскіх паліцыі і войска, — гаворыцца ў заяве. — Дасылаючы войскі на дапамогу дыктатуры ў далёкай краіне, Лукашэнка рызыкуе жыцьцямі беларусаў і робіць Беларусь саўдзельнікам акту міжнароднай ваеннай агрэсіі».
Ацэньваючы Арганізацыю дамовы калектыўнай бясьпекі (АДКБ), Рада БНР адзначае, што гэта аб’яднаньне «дыктатарскіх рэжымаў, чые мэты — абарона сваіх незаконнай улады і незаконнага багацьця, а таксама супрацьстаяньне дэмакратычным краінам і падаўленьне ўласных народаў. Удзел у АДКБ супярэчыць беларускім нацыянальным інтарэсам і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў заяве.
У склад кантынгенту, накіраванага ў Казахстан, увайшлі падразьдзяленьні ўзброеных сілаў Расеі, Армэніі, Беларусі, Кіргізстану і Таджыкістану. Паводле папярэдніх зьвестак, ад Беларусі ў Казахстан ляціць 103-я брыгада паветрана-дэсантных войскаў сілаў спэцыяльнай абароны.