Рух Салідарнасці «Разам» падтрымаў барацьбу казахскага народу за свабоду.
Сайт Charter97 публiкуе заяву Руха Салідарнасці "Разам" у падтрымку казахскага народу, які вядзе цяжкую барацьбу за свае правы і свабоды і незалежнасць сваёй краіны:
- Гуманітарная катастрофа, якая ўзнікла ў Казахстане ў выніку кіравання былой савецкай наменклатуры, што пазбавіла абсалютную большасць грамадзян Казахстана асноўных правоў і свабодаў, у тым ліку і рэальнага права абіраць уладу, і ўвядзення расейскіх акупацыйных войскаў пад шыльдай АДКБ у межах маскоўскіх авантурных планаў адраджэння імперыі, прывяла ўжо да шматлікіх ахвяраў.
Рух Салідарнасці "Разам" спачувае сем'ям забітых. На вялікі жаль, колькасць ахвяраў будзе павялічвацца, бо пуцінская РФ ужо перакінула ў Казахстан вялікую колькасць вайскоўцаў з тых падраздзелаў, якія маюць вялікі досвед лакальных войнаў і жорсткіх "зачыстак" тэрыторый.
Імперская Масква выкарыстала тое, што ў АДКБ уваходзяць краіны, якімі сення кіруюць практычна пуцінскія васалы.
Злачыннае рашэнне А.Лукашэнкі, які нелегітымна і незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, накіраваць беларускія войскі ў Казахстан падрывае традыцыйна добрыя стасункі паміж беларускім і казахскім народамі.
Гэтае рашэнне ёсць наступствам выбарчага фарсу 2020 года, калі пасля крывавай нядзелі 9 жніўня А. Лукашэнка зрабіўся цалкам залежным ад пуцінскай РФ, праводзячы пры яе сістэмнай падтрымцы палітыку тэрора і масавых рэпрэсій супраць беларусаў.
Рух Салідарнасьці "Разам" звяртаецца да супрацоўнікаў Міністэрства Абароны і Міністэрства Унутраных Справаў Рэспублікі Беларусь, накіраваных ў Казахстан: вашая дзейнасць там - злачынная і незаконная, яе наўпрост забараняе не толькі Канстытуцыя Беларусі, дзе прапісаны нейтральны статус нашай краіны, але нават статутныя дакументы АДКБ.
З вас робяць злачынцаў і карнікаў, ператвараюць у забойцаў і катаў казахскага народа. За гэтую злачынную дзейнасць вы будзеце несці крымінальную адказнасць.
Гэтак жа крымінальную адказнасць будуць несці карнікі і злачынцы, якія забівалі, масава арыштоўвалі, збівалі, засуджвалі, катавалі беларусаў у Беларусі ў 2020-21 гг.
У Казахстане зараз акупацыйныя расейскія войскі з удзелам падраздзелаў васалаў Крамля спрабуюць зрабіць тое ж самае, што Маскве ўдалося ў 2020-м годзе ў Беларусі, - ператварыць прэзыдэнта К.-Ж. Такаева ў мясцовага Лукашэнку, які будзе праводзіць тэрор і рэпрэсіі супраць сваіх суграмадзянаў і будзе цалкам залежны ад пуцінскай РФ.
Рух Салідарнасці "Разам" патрабуе тэрміновага вываду акупацыйнага "абмежаванага кантынгенту" з тэрыторыі Казахстана.
Мы звяртаемся да беларускай і міжнароднай грамадскасці з заклікам зрабіць усё, каб акупацыйныя войскі пакінулі Казахстан.
Мы звяртаемся да беларусаў: саюзы з Расеяй прыводзяць да ўдзелу беларусаў у войнах. Трэба ўзмацняць антыімперскі супраціў і разумець, што толькі нейтральнасць Беларусі і выхад з АДКБ могуць ўратаваць беларускіх салдат ад ператварэння іх у злачынцаў і ад гібелі за імперскія інтарэсы Крамля.
Пуцінская РФ вядзе гібрыдную вайну супраць беларускага народа у Беларусі праз рэпрэсіі сённяшняй улады. Вядзе гібрыдную вайну супраць Украіны, акупаваўшы частку яе тэрыторыі і сцягнуўшы свае войскі да яе межаў. Праводзіць гібрыдную вайну і супраць казахскага народа.
Каб пазбегнуць далейшых трагічных падзеяў у Казахстане, мы заклікаем да:
- спынення рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Казахстана,
- адмены інфармацыйнай блакады пра падзеі ў Алматы і іншых гарадах Казахстана,
- перамоваў паміж пратэстоўцамі і ўладамі.
За нашу і вашу свабоду!
Войскі АДКБ - прэч з Казахстану!
Алға Қазақстан!
Слава Україне!
Жыве Беларусь!