Праваабаронца ў лісце з турмы распавёў пра сваю мару.
14 студзеня ў абласным судзе Гомля адбыўся разгляд апеляцыі палітзняволенага Леаніда Судаленкі на рашэнне суду Цэнтральнага раёну Гомля (суддзя Салоўскі), які пакараў яго 3 гадамі калоніі па арт. 342 КК РБ (Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), пiша «Гомельская Вясна».
У выніку – абласны суд пакінуў рашэнне раённага суду ў сіле. На днях стане вядома куды этапавалі праваабаронцу адбываць пакаранне.
Гамяльчанка Тамара падзялілася з рэдакцыяй сайта «Гомельская вясна» лістом ад Леаніда Судаленкі, дзе ён распавядае кранальную гісторыю сваёй сям’і і акалічнасці гібелі яго дзеда падчас вайны, а таксама дзеліцца сваёй марай.
«Я ў парадку. Ужо ў пятніцу апеляцыя (суд закрыты). Я гатовы маральна да любога выніку яе разгляду. Калі яшчэ засталіся прыкметы законнасці ў сценах судоў, павінны вырак адмяніць і адправіць на новы разгляд. Калі пакінуць у сіле тое, што там напісана – значыць закон тут болей не жыве.
Я яшчэ шкадую аб адным – не паспеў выканаць абяцанне сваёй маці. Справа вось у чым. Яна – Соф’я Сцяпанаўна 1939 н.г. з пад Менску (Пухавіцкі раён). Даваенная вясковая сям’я, пяцёра дзяцей, пры чым, мая мама старэйшая ў сям’і. Яе бацька, мой дзядуля, як і ўсе тады мужыкі быў прызваны на фронт. У 43-м годзе пасля вызвалення Беларусі бабуля атрымала пахаронку – Стралок Сцяпан Іванавіч, 1914 г.н. знік без вестак.
Мая маці свайго бацьку не памятае. Калі праважалі на фронт, яна была зусім маленькая, а з вайны ён так і не вярнуўся. Раслі яны ў вёсцы пасля вайны як і ўсе дзеці таго часу – іх маці, мая бабуля, працавала і карміла дзяцей. Дзеці раслі ў працы, вось і маці з дзяцінства працавала пасля двух класаў школы на станцыі Пухавічы разнарабочай на чыгунцы. Там 18-гадовай дзеўчынай пазнаёмілася з салдатам, які склад ахоўваў. Гэты салдат і стаў маім бацькам. Нас было 5 дзяцей у сям’і, мы таксама нарадзіліся ў вёсцы пад Брагінам, куды бацька прывёз са службы нашу маці, то бок, да сябе на Радзіму.
Маці ўвесь час казала, што ніхто з яе сям’і – ні браты, ні сёстры ня ведаюць дзе пахаваны іх бацька, мой дзядуля па матчынай лініі. Так і жылі ўсе 75 гадоў пасля вайны, лічылі дзядулю зніклым без вестак.
Ліст Леаніда Судаленкі
Увесну 20-га году я захварэў на карону, быў 21 дзень дома на ізаляцыі і за гэты час перагледзеў у інтэрнэце сайты ўсіх расейскіх архіваў. І знайшоў!!! Свайго роднага дзядулю, ці дакладней, месца ягонай гібелі. З дакладнасцю 70 метраў ад дарогі месца яго пахавання побач з польскай вёскай 120 км. на поўнач ад Беластоку. Праверыў па гуглмапе, там ні могілак, ні асобных пахаванняў не было. Спісаўся з польскімі, мясцовымі ўладамі і яны пацвердзілі, што перапахавалі парэшткі забітых савецкіх салдат у брацкую магілу пад Беластокам. У спісе перапахаваных ёсць і мой родны дзядуля па матчынай лініі. Памылкі быць не магло – усе дадзеныя: месца яго прызыву на фронт, дадзеныя яго бацькоў, сям’і, дзяцей, усё ў архівах супадае.
Калі аб гэтым даведалася маці, яна плакала і прасіла звазіць яе на магілу бацькі. Са сваёй сям’і яна адна ва ўзросце 84 гады засталася ў жывых. Я паабяцаў – як толькі пройдзе карона, сядзем у машыну і паедзем, пакладзём кветкі, пасядзім на магіле.
А потым былі выбары, а потым турма, да і карона не сыходзіць.
Вось сяджу і мрою каб збылася мара маёй маці – праз 75 год убачыць месца пахавання бацькі і пакласці яму на магілу кветкі. Сама яна не зможа паехаць. Ужо не той узрост. Яна чакае мяне каб сустрэцца са сваім бацькам.
Вось такая непрыдуманая гісторыя жыцця адной беларускай сям’і. Я веру, што мары збываюцца».