Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Грошы ў пясок

01.02.2022 спорт
Грошы ў пясок

Трымайце кішэню шырэй!

Днямі міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, як эканомны гаспадар, падлічыў фінансы і заявіў, што некаторыя беларускія футбольныя клубы неэфектыўна трацяць грошы на перадсезонныя замежныя зборы.

«Шахцёр», БАТЭ, «Рух» і «Тарпеда-БелАЗ» адправіліся ў мінулым сезоне на зборы за мяжу, – распавёў Кавальчук. – А зараз давайце паглядзім, як гэта адбілася на выступленні каманд. Ці атрымалася ў «Шахцёра» ўдала выступіць у еўракубках? Не. Ці можна сказаць, што БАТЭ паказаў добры вынік? Наўрад ці. «Гомель», які рыхтаваўся дома, заняў чацвёртае месца і стаў галоўным адкрыццём першынства, перамогшы і «Шахцёр», і мінскае «Дынама». А каманда з Жодзіна пасля падрыхтоўкі ў Турцыі звалілася на восьмы радок у турнірнай табліцы, прапусціўшы наперад у тым ліку і «Віцебск», які таксама рыхтаваўся на родным полі. Вось і ўся карысць ад дарагіх курортных збораў».

Мне адразу ж пасля гэтых слоў захацелася паціснуць руку спартыўнаму міністру і сказаць: «Малайчына, таварыш Кавальчук! Не абыякавы чыноўнік, а чалавек, які клапоціцца пра бюджэтныя (чытай: народныя) грошы». Ні для кога ж не сакрэт, што ўжо доўгі час практычна ўсе футбольныя і хакейныя клубы вісяць на мясцовых бюджэтах і на дзяржаўных прадпрыемствах, як гіры на нагах.

Праўда, хацелася б, каб Сяргей Кавальчук, калі сказаў «а», то прамовіў і «б». Напрыклад, адносна не так даўно ў інтэрнэце з’явіўся дакумент, з якога вынікае, што генеральны спонсар хакейнага мінскага «Дынама» «Беларуськалій» за шэсць гадоў з 2014-га па 2019-ы выдаткаваў на клуб каля 75 мільёнаў долараў. Кажуць, што ў 2018 годзе прадпрыемства, якое мае для краіны стратэгічнае значэнне, «адшкадавала» на хакей 18 мільёнаў «зялёных».

Паведамлялася таксама, што ў сезоне-2016–2017 агульны бюджэт «Дынама» складаў каля 20 мільёнаў долараў, а ў 2018 годзе былі агучаны такія лічбы: сярэдні месячны заробак іграка мінскага «Дынама» – 20–25 тысяч долараў. Безумоўна, гэта сярэдняя лічба, але трэба сказаць, што і яна ўражвае. Шыкоўная зарплата для людзей, якія ў выніку нічога не дасягнулі, ці не так?

Вось бы Кавальчуку пасля гэтага задацца пытаннем: ці атрымалася ў хакейнага «Дынама» пасля такіх фантастычных фінансавых ўліванняў у перыяд з 2014-га па 2019 год удала выступіць у КХЛ? Можа быць, Кубак Гагарына ў Мінск прывезлі? Ці хаця б у паўфінал патрапілі? Куды там!

Пачынаючы з 2008 года, калі «Дынама» пачало выступаць у КХЛ, выхад у плэй-оф ужо шчасце, хаця звычайна каманда займае месца на дне турнірнай табліцы.

Напрыклад, у 2019 годзе «Зубры» закончылі год проста феерычна! 12 паражэнняў запар – гэта быў такі своеасаблівы падарунак пад ёлачку для балельшчыкаў. Наогул за год у 61 матчы выйгралі ўсяго 13 разоў і пры гэтым атрымалі самае буйное паражэнне за ўсю гісторыю Кантынентальнай хакейнай лігі – 1:9 ад «Салавата Юлаева».

Дарэчы, у таго ж «Беларуськалія» на карку сядзіць яшчэ і футбольны «Шахцёр», пра які ўзгадваў Сяргей Кавальчук. Можа, у гэтым выпадку мэта апраўдвае сродкі? Трымайце кішэню шырэй! У мінулым сезоне на еўрапейскай арэне салігорская каманда з трэскам вылецела ўжо на стадыі 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый.

Вось такая арыфметыка! Няхай бы міністр узяў ручку ды блакноцік і падлічыў, колькі дзяржаўных грошай выпампавалі хакейныя і футбольныя клубы і які вынік атрымалі. Хаця і без блакноціка можна сказаць дакладна: дэбет з крэдытам не сыдуцца.

Гэта на настаўнікаў і ўрачоў грошай, як заўсёды, не хапае, а на футбалістаў і хакеістаў – калі ласка! Ды і солі ў зямлі пакуль яшчэ досыць…

Алесь Сівы, «Народная воля»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]