Герой нарадзіўся ў 1746 годзе на тэрыторыі Беларусі ў небагатай сям’і.
Тадэвуш Касцюшка сябраваў з Джорджам Вашынгтанам і Томасам Джэферсанам, быў узнагароджаны найважнейшым ордэнам ЗША, атрымаў пажыццёвую пенсію і зямлю, але ў 1784 годзе вярнуўся на Радзіму, дзе яму не знайшлося месца, піша novychas.online.
Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка нарадзіўся ў 1746 годзе на тэрыторыі Беларусі ў небагатай сям’і Людвіка і Тэклі.
Да сёння, нягледзячы на значную колькасць даследаванняў пра вялікага «ліцвіна», як ён сябе ідэнтыфікаваў, застаюцца спрэчкі наконт месца і даты яго нараджэння: фальварак Мерачоўшчына Слонімскага павета (цяпер Івацэвіцкі раён) або Сяхновічы Кобрынскага павета (цяпер Жабінаўскі раён); 30 лістапада 1745 або 4 лютага 1746 года. Нават вера — уніяцтва або каталіцтва, нададзеная яму напачатку, выклікае пытанні. Аднак дакладна вядома, што 12 лютага 1746 года Касцюшка быў ахрышчаны ў Косаўскім касцёле.
Навучанне
Да дзевяці гадоў Тадэвуш атрымліваў хатнюю адукацыю, пасля чаго яго аддалі ў піярскую школу мястэчка Любешаў Пінскага павета. Там ён вывучаў замежныя мовы (лацінскую, польскую, французскую, нямецкую) і атрымліваў веды па матэматыцы. Праз пяць гадоў пасля заканчэння школы ён пераехаў у родны маёнтак Сяхновічы, дзе дапамагаў бацькам весці гаспадарку.
18 снежня 1765 года, дзякуючы пратэкцыі заступніка сям’і Касцюшкаў палявому пісару Вялікага Княства Літоўскага Язэпу Сасноўскаму, Тадэвуш быў прыняты ў створаны Варшаўскі кадэцкі корпус (рыцарская школа). Усяго ў корпусе навучаліся 80 кадэтаў, колькасць якіх пазней скарацілі да 60, падзяліўшы іх на тры брыгады. Адным з асноўных прадметаў была артылерыя.
У 1767/1768 навучальным годзе невялікая колькасць кадэтаў была абраная для вывучэння вайскова-інжынерных дысцыплін (геаграфія і трыганаметрыя), у лік якіх патрапіў і Касцюшка. У той час, як большасць кадэтаў бавілі вольны час у вялікасвецкіх салонах, Тадэвуш працягваў займацца навукамі, вылучаўся сваёй дысцыплінаванасцю і спартанскім ладам жыцця, за што атрымаў мянушку «швед». У выніку ён скончыў корпус у ліку лепшых вучняў і 20 снежня 1766 года атрымаў званне харунжага, пасля чаго быў прызначаны на пасаду падбрыгадзіра.
У 1769 годзе Касцюшка, які вылучаўся бездакорнай службай і ўжо паспеў атрымаць чын капітана, быў накіраваны працягваць вучобу ў Парыж. Матэрыяльную падтрымку яму аказалі як князь Адам Чартарыйскі, так і сам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У сталіцы Францыі Тадэвуш вывучаў артылерыю, архітэктуру і фартыфікацыю, слухаў лекцыі ў Акадэміі жывапісу і скульптуры, знаёміўся з працамі філосафаў-асветнікаў. У выніку перад вяртаннем на Радзіму ў Касцюшкі ўжо сфармаваўся рэспубліканскі светапогляд з яго лозунгам: «Свабода, Роўнасць І Братэрства».
Летам 1774 года ён здзейсніў невялікае падарожжа ў Англію, Італію, Швейцарыю і Германію, пасля чаго накіраваўся ў Варшаву. Але нават пасля атрыманай адукацыі, Касцюшка не змог уладкавацца ў войску ў Рэчы Паспалітай, дзе была распаўсюджаная практыка куплі афіцэрскіх пасад за грошы. Напрыклад, за пасаду капітана Тадэвушу трэба было заплаціць 18 тысяч злотых. Таму ён пайшоў хатнім настаўнікам да Язэпа Сасноўскага і навучаў яго дачок маляванню.
У выніку ўрокі малявання перараслі ў моцныя пачуцці адной з дзяўчат — Людвікі — да Тадэвуша, і яны вырашылі ажаніцца. Але іх намеру не наканавана было здзейсніцца, бо супраць выступіў бацька — Язэп Сасноўскі, які не жадаў шлюбу дачкі з бедным шляхцічам.
У змаганні за незалежнасць ЗША
Не атрымаўшы магчымасць рэалізавацца на Радзіме, прыніжаны і з разбітым сэрцам, Тадэвуш Касцюшка восенню 1775 года вымушаны быў ад’ехаць у Францыю, адкуль у жніўні 1776 года накіраваўся ў Паўночную Амерыку, у якасці добраахвотніка на вайну за незалежнасць англійскіх калоній ад Брытанскай імперыі. 18 кастрычніка ён быў залічаны ў званні палкоўніка ў войска каланістаў.
Сем гадоў ён безупынна знаходзіўся ў шэрагах змагароў, яго фартыфікацыйныя ўменні фактычна вырашылі лёс бітвы пад Саратогай, у якой маладая дзяржава атрымала першую значную перамогу над прафесійнай англійскай арміяй. Пасля гэтага Касцюшка ўзначаліў будаўніцтва буйнейшай цытадэлі ЗША на ўзбярэжжы ракі Гудзон — у Уэст-Пойнце, дзе пазней была створана знакамітая Вайсковая акадэмія.
Ён сябраваў з будучымі прэзідэнтамі ЗША Джорджам Вашынгтанам і Томасам Джэферсанам. У 1783 годзе, пасля перамогі над англічанамі, Касцюшка атрымаў амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел, званне брыгаднага генерала і быў узнагароджаны найважнейшым баявым ордэнам ЗША — ордэнам Цынцыната.
Вяртанне на Радзіму
У 1784 годзе герой утворанай у Паўночнай Амерыцы маладой дзяржавы вярнуўся на Радзіму, дзе яму, баявому афіцэру, не знайшлося месца ў войску Рэчы Паспалітай, якая ўжо зведала на сабе першы падзел. Пяць гадоў Тадэвуш Касцюшка займаўся гаспадарчымі справамі ў радавым маёнтку Сяхновічы.
У 1788 годзе пачаў працу Чатырохгадовы сойм, на які ўскладаліся вялікія спадзяванні па вывадзе краіны з крызісу. Ён прыняў рашэнне павялічыць войска да 100 тысяч чалавек, у сувязі з чым Касцюшка атрымаў магчымасць праявіць сябе на службе Радзіме: ён у якасці камандзіра ўзначаліў брыгаду ў польскай арміі, нягледзячы на тое, што выказваў жаданне служыць у войску ВКЛ. У ліпені 1789 года ў Францыі пачалася рэвалюцыя, на якую і ў Рэчы Паспалітай ускладалі вялікія спадзяванні, у тым ліку і Тадэвуш Касцюшка.
3 мая 1791 года ў Рэчы Паспалітай была прынята Канстытуцыя, што выклікала незадаволенасць значнай часткі шляхты, якая ўтварыла Таргавіцкую канфедэрацыю. На баку таргавічан выступіла Расійская імперыя на чале з Кацярынай ІІ, у выніку чаго ў 1792 годзе пачалася вайна.
Ужо ў адной з першых сваіх бітваў Касцюшка праявіў баявы талент: каля вёскі Дубенкі на Заходнім Бугу, маючы пад сваім камандаваннем каля 5 тысяч салдат, ён стрымаў націск амаль 20 тысяч царскіх войскаў, даючы магчымасць адысці арміі Рэчы Паспалітай. Але ўжо ў хуткім часе кароль перайшоў на бок таргавічан, а Варшава была занятая расійскай арміяй.
Касцюшка ў гэтай вайне атрымаў ордэн «Віртуці Мілітары» і званне генерал-лейтэнанта, аднак у знак пратэсту супраць дзяржаўнай змовы выехаў у Францыю, дзе стаў ганаровым грамадзянінам.
На чале паўстання
У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, далейшы трагічны лёс якой быў фактычна прадвызначаны. Апошняй спробай змяніць сітуацыю стала паўстанне 1794 года, якое пачалося 24 сакавіка ў Кракаве. На чале яго стаў Тадэвуш Касцюшка, які быў абвешчаны найвышэйшым начальнікам узброеных сілаў.
Ад імя Касцюшкі па Рэчы Паспалітай распаўсюджваліся адозвы: «Да войска», «Да грамадзянаў», «Да святарства», «Да жанчын». Але важнейшым заставалася аграрнае пытанне — аб надзяленні сялян зямлёю. Ад гэтага рашэння залежыў далейшы лёс краіны. Да таго ж у самім войску Касцюшкі з самага пачатку сяляне складалі моцную сілу. Паўстанцкая армія складалася з 4100 жаўнераў і 2000 сялян-касінераў. Менавіта яна 4 красавіка нанесла паразу царскім войскам пад Рацлавіцамі каля Кракава.
У выніку паўстанне распаўсюдзілася і ахапіла Сандамірскае і Люблінскае ваяводствы, Холмскую зямлю і нават Варшаву, дзе 17–18 красавіка адбылося ўзброенае выступленне гараджан. Перакінулася яно і на Вялікае Княства, дзе ў ноч з 22 на 23 красавіка паўстала Вільня. Баі ахапілі і Беларусь. 2 жніўня адна з бітваў адбылася пад Слонімам — паміж авангардам паўстанцкага корпуса генерала Караля Серакоўскага і часткамі корпуса расійскага генерала Дэрфельдэна. Але ўжо ў верасні 1794 года расійскія войскі пад кіраўніцтвам Суворава здолелі выціснуць паўстанцаў з Беларусі.
7 мая 1794 года Касцюшка выдаў Паланецкі ўніверсал, па якому сяляне абвяшчаліся асабіста свабоднымі, змяншалася паншчына, але яе адпрацоўка не адмянялася. Гэты дакумент не скасоўваў цалкам прыгоннага права. Сяляне з недаверам ставіліся да ўніверсалу, да таго ж памешчыкі сабатавалі яго правядзенне.
10 кастрычніка 15-тысячнае паўстанцкае войска на чале з Касцюшкам пацярпела паразу ў бітве пад Мацяёвіцамі, у якой цяжкапаранены Тадэвуш патрапіў у палон.
Апошнія гады
Яго адправілі ў Санкт-Пецярбург. Параза паўстання была прадвызначана. Амаль два гады Касцюшка правёў у Петрапаўлаўскай крэпасці, пакуль не быў вызвалены пасля смерці Кацярыны ІІ па загаду новага імператара Паўла І.
Атрымаўшы свабоду, Касцюшка адправіўся ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Але ўжо ў траўні 1798 года зноў вярнуўся Еўропу ды спыніўся ў Парыжы. Касцюшку прапанавалі ўзначаліць «польскія» легіёны, што ствараліся ў Італіі, але ён адмовіўся. Ён разумеў, што пад іншаземным пратэктаратам яго Радзіма ніколі не будзе па-сапраўднаму вольнай.
Пасля паразы Напалеона і захопу Парыжа рускімі войскамі, у 1814 і 1815 гадах Касцюшка двойчы сустракаўся з расійскім імператарам Аляксандрам І. Гэтая сустрэча больш пайшла на карысць апошняму, чым першаму, асабліва ва ўмовах Венскага кангрэса.
Летам 1815 года Касцюшка ў сувязі з рэстаўрацыяй у Францыі дынастыі Бурбонаў і пераследу імі палітычных праціўнікаў перабраўся ў невялічкі гарадок Салюр у Швейцарыі, дзе і памёр 15 мая 1817 года. Яго парэшткі ў 1818 годзе былі ўрачыста перавезены ў кракаўскі Вавель.