Пісьменьніца збірае сны беларусаў.
Пісьменьніца Тацяна Заміроўская расказвае пра сваю калекцыю сноў, у якіх беларусы бачаць Аляксандра Лукашэнку, і пра тое, як гэтыя сны мяняліся з часам, асабліва пасьля падзеяў 2020 году, піша «Радыё Свабода»
«Галаву адарву!» Як пачыналася калекцыя сноў
— Пачалося ўсё пасьля 2010 году, пасьля Плошчы — я тады працавала журналісткай «Белгазеты», і мне пэрыядычна пачалі сьніцца кашмары, дзе я бяру інтэрвію ў Лукашэнкі і мне нельга нічога запісваць на дыктафон. А ён сядзіць з дыктафонам і кажа: «Вы толькі ўсё добра-добра запомніце. І проста слова ў слова ты павінна гэта запісаць. Бо калі нешта перакруціш, я табе проста галаву адарву!»
Я пачала расказваць гэта сваім калегам, і аказалася, што шмат якім калегам-журналістам — асабліва зь незалежных СМІ — таксама такое сьніцца. Я пагугліла і зразумела, што раскрываюцца бездані і што такія сны бачаць ня толькі журналісты.
— Я зразумела, што гэта тэма, якой ніхто не займаўся. На фоне асноўных гістарычных працэсаў адбываецца яшчэ падсьвядомая гісторыя, будуецца калектыўны міт — нейкі паралельны тэкст і ягоны паралельны вобраз у нашай калектыўнай беларускай падсьвядомасьці.
Мой архіў — гэта калекцыя падсьвядомасьці, якая зьбірае вобраз гэтага чалавека, беларускі падсьвядомы вобраз дыктатуры.
«Нелегальны калектыўны псыхааналітык»
— Напачатку я іх зьбірала праз пошук у сеціве, потым знаёмыя пачалі дасылаць тое, што бачылі, нейкія скрыншоты, а апошнім часам пачалі прыходзіць незнаёмыя людзі ў чат і дзяліцца снамі.
Я падумала, што працую як нелегальны калектыўны псыхааналітык, бо ў нашай сытуацыі калектыўнай траўмы гэта яшчэ і псыхааналіз. Я разумею, што псыхааналіз — гэта вельмі старамодна, але ён аналізуе сон як тэкст і як траўму. Нам гэта падыходзіць, бо ў нас траўма, і, магчыма, праз аналіз сноў можна неяк яе разабраць.
Ужо «пасьля рэвалюцыі» мне даслалі недзе 70 сноў, і яшчэ я назьбірала недзе 50.
— Мяне больш за ўсё зачапіў сон Юліі Чарняўскай. Па-першае, мяне вельмі кранула, што яна прыйшла і расказала яго, бо да таго мы асабіста не дачыняліся і ня мелі нагоды паразмаўляць.
Гэты сон быў вельмі тыповы для сноў беларускіх жанчын — што яе гвалтоўна выдаюць за яго замуж. Шмат якім беларускім жанчынам такое сьніцца. Мне здаецца, гэты сон быў літаральна ў гадавіну сьмерці яе мужа, Юрыя Зісера. Яна расказвала, як ёй цяжка, няёмка, яна ня хоча, але ёй кажуць: «Трэба, усё, ты будзеш жонкай Лукашэнкі». І яна думае: «Можа, гэта і нармальна? Можа, можна неяк з гэтым жыць?»
І літаральна праз пару тыдняў пасьля гэтага адбыўся разгром Tut.by, яе хатні арышт. Мяне гэта вельмі моцна ўразіла — што гэта яшчэ быў і сон-прадчуваньне.
Зьнік вобраз «нармальны мужык»
— Раней галоўнай тэмай была ягоная навязьлівая прысутнасьць. Ён паўсюль. Людзі заходзяць у кухню — ён у кухні. Яны заходзяць у дзіцячую спальню — ён там у дзіцячай калысцы ці ў ложку сьпіць, яго трэба карміць кашкай, як дзіця.
Тое, што ён частка сямʼі, што ад яго немагчыма пазбавіцца — гэта быў самы тыповы беларускі сон. Таксама да 2020 году ён хадзіў за ўсімі, даваў усім парады, вельмі любіў «расьпякаць» беларусаў у сьне. Думаю, што гэта сон, які бярэцца з тэлебачаньня, дзе ён расьпякае чыноўнікаў, і гэта моцна ўражвае людзей. Некаторыя ў гэтых снах глядзяць яму ў вочы і нават нарэшце выказваюць яму ўсё, што думаюць.
Але гэты вобраз «суворага бацькі», які цябе расьпякае, але якому можна сказаць нешта насуперак, зьнік пасьля 2020 году. Гэтаксама зьнік вобраз «нармальны мужык». Бо шмат у якіх снах беларусаў фігураваў гэткі стакгольмскі сындром, дзе да вас прыходзіць Лукашэнка, сядзіць у вас у хаце, і ты зь ім размаўляеш і думаеш: «Ну, нармальны мужык. Зь ім можна неяк дагаварыцца».
Тэма суду зьявілася ў новых снах
— Пасьля 2020 году амаль ніхто ўжо не намагаецца яму ў сьне нешта расказаць — што насамрэч у Беларусі адбываецца і як насамрэч яго ніхто ня любіць. Нявыказанасьці ўжо няма — мы ўсё выказалі нарэшце. Можна сказаць, што гэтую траўму мы нарэшце перапрацавалі — ён убачыў, як беларусы да яго ставяцца.
У снах пасьля 2020 году ён зрабіўся анэкдатычны, нязграбны, намагаецца зьбегчы ад суду. Тэма суду зьявілася ў новых снах. У адным з такіх сноў у вялікай залі паказвалі, што амапаўцы рабілі зь беларусамі. І ў той жа залі сядзеў Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі, і зь імі рабілі ўсё тое ж самае. А людзі сядзелі, як на арэне з глядыятарамі, і на ўсё гэта глядзелі.
«Ты будзеш прэзыдэнтам пасьля мяне»
— Я не дзяліла людзей, які дасылалі мне свае сны, на тых, хто за ці супраць Лукашэнкі. Я лічу, што сон ня мае аўтара. Мы ўсе — калектыўны суаўтар.
Частку сноў я зьбірала на прасторах інтэрнэту, і магчыма, што тым, хто нармальна ставіцца да Лукашэнкі, можа сьніцца, што ён — іх добры сябар. Што ён ім прапануе дапамагчы яму кіраваць краінай. Я знаходзіла такія сны, дзе Лукашэнка, напрыклад, дарыць чалавеку залатую прасьціну і кажа: «Ты будзеш прэзыдэнтам пасьля мяне. Я табе дапамагу». Мне здаецца, што калі чалавек — не прыхільнік Лукашэнкі, ён нават ня будзе дзяліцца ў сеціве такім сном.
Яшчэ нядаўна ў адной суполцы ў фэйсбуку нехта напісаў, што ягоная бабуля ў дэмэнцыі пачала бачыць, што да яе прыходзіць Пуцін і што ён яе добры сябар. Іншыя людзі таксама пачалі пісаць пра сваіх сваячак у дэмэнцыі, і высьветлілася, што да многіх расейскіх жанчын у дэмэнцыі прыходзіць Пуцін, яны яго вельмі любяць, і гэта ўзаемна. Але гэта асобная тэма.
«Заходзяць у возера, і яна яго там душыць»
— Цяпер у многіх, хто бачыць Лукашэнку ў сьне на ўмоўнай кухні, першае жаданьне — яго забіць. Такіх сноў таксама шмат.
— Некаторым маім знаёмым пачало сьніцца, што ён пераапрануты ў транс-жанчыну, ідзе на спатканьне ў такім вобразе, яны яго здымаюць і дасылаюць кудысьці — у Nexta, напрыклад. Адбываецца вялікі скандал, і Лукашэнка цалкам дыскрэдытаваны.
Мне здаецца, што гэта цытаваньне яго самога. Гэта проста выцякае зь ягонай думкі, што жанчына — слабая, жанчына няздольная кіраваць, яна ня вытрымае. Паколькі Лукашэнка зараз слабы, дык ён у строі жанчыны. Ягоная ж мэтафара на яго нацягваецца. Ён выглядае як тая істота, якую ён лічыць слабой і няздольнай.
Чатыры жаночыя ідэі для новых падручнікаў па гісторыі
— Раней вельмі часта жанчынам сьнілася, што ён іх гвалтуе — проста жудасныя сны. Калі жанчыны часам мне іх расказвалі, яны былі падобныя да рэальных успамінаў пра гвалт. Гэта было нават цяжка слухаць, як сапраўднае прызнаньне ў нейкім траўматычным эпізодзе.
Цяпер у такіх снах яны яго часта забіваюць, пры гэтым выкарыстоўваюць свае жаночыя чары. У мяне ёсьць некалькі сноў, дзе жанчыны ператвараюцца ў гэткіх русалак. Адна пачынае яго абдымаць, некуды вабіць, яны заходзяць у возера, і яна яго там душыць.
Усё больш людзей сьпяваюць «Пагоню»
— Зь іншых людзей разам з Лукашэнкам часта сьніцца толькі Коля. Часьцей жанчынам. Часам яны выходзяць замуж за Колю, ці іх дачка выходзіць замуж за Колю, ці некага зь іх прызначаюць няняй для Колі. Іншыя палітычныя фігуры — гэта проста нейкія цені. Цені амапаўцаў, цені чыноўнікаў.
Пуцін часам можа зьявіцца як уладная фігура, мацнейшая за Лукашэнку. Пару разоў Пуцін яго проста забівае ў гэтых снах.
«Мы не Папялушкі, мы рэальная сіла». Якая цана ўдзелу жанчын у беларускай рэвалюцыі?
— У мяне ўжо ёсьць штук 10 аптымістычных сноў, дзе ўсё добра, перамога, вярнулася Ціханоўская, Маша Калесьнікава, народныя сьвяты, усе сьпяваюць. Пазытыўны бок беларускай рэвалюцыі мае герояў, якія трапляюць у сны, а нэгатыўны пэрсаніфікуецца ўсё ж такі адным Лукашэнкам.
— Ёсьць вельмі шмат сноў пра тое, што адбывалася на вуліцах у 2020 годзе. Там існуе жудасная, вусьцішная, змрочная сіла — гэтыя амапаўцы, непэрсаніфікаваныя, і ад гэтай сілы людзі ўцякаюць. Але ў такіх снах усё звычайна канчаецца добра. Быў сон, дзе на вуліцы падчас такога пратэсту вакол — суцэльнае зло, але дзяўчына пачынае ціхенька-ціхенька сьпяваць «Пагоню» шэптам, і раптам яна бачыць, што ўсё больш людзей сьпяваюць, усё гучней і гучней. І раптам усе сьпяваюць «Пагоню», і ўсё канчаецца трыюмфам.
«Я ўвесь унутры плачу»
— Мой апошні сон з удзелам Лукашэнкі быў вельмі жудасны. Мне здаецца, ён бярэцца ад вобразу Лукашэнкі з аўтаматам. Калі ён выходзіў з аўтаматам супраць уласнага народу, гэта ўсіх так праняло, што шмат каму сьніўся Лукашэнка з аўтаматам, і мне таксама.
Я еду зь іншымі пратэстоўцамі ў цягніку, а ён з аўтаматам ідзе і проста расстрэльвае людзей у цягніку, як тэрарыст. Адзін вагон, другі, трэці. Вось ён даходзіць да майго вагона, і я думаю: «Ну ўсё, трындзец, прыехалі».
Я вырашыла прыкінуцца, што я бабка, захуталася ў нейкія анучкі і пачала нешта мармытаць, варушыцца, казаць: «Ой, ой, сыночак, ой, ня ведаю, гэтыя пратэстоўцы, ой, што гэта за яны». Думаю: «Ну, бабку ён мо пашкадуе». Ён сапраўды пашкадаваў бабку, сказаў: «Ой, бабка, паглядзі, як мне цяжка жыць. Глядзі, што адбываецца. Вось гэтыя людзі — яны ўсе мяне ненавідзяць, мне расстрэльваць іх даводзіцца, гэта ж такая брудная праца».
І раптам — такі момант па Фройду — ён мне кажа: «І ўвогуле, бабка, ты ведаеш, я ўжо некалькі месяцаў не магу схадзіць памачыцца. А ведаеш чаму? Бо я кожны дзень плачу, кожны дзень. Унутры таксама. Я ўвесь унутры плачу».
Гэта была цытата з Кліфарда Саймака — у яго ёсьць апавяданьне «Я ўвесь унутры плачу». Пасьля гэтага сну я падумала: «Вось, гэта проста квінтэсэнцыя ўсяго».