Уладу цяпер ненавідзяць нават былыя «ябацькі».
Восень-зіма 2020/2021 былі пікам актыўнасьці дваровых і раённых чатаў. Людзі зьбіраліся спачатку на чаяваньні, затым праводзілі «партызанскія» акцыі.
Што ж адбываецца з «партызанамі», якія засталіся ў Беларусі, даведалася «Радыё Свабода».
Жыхарка аднаго з абласных цэнтраў Ганна (імя зьмянілі ў мэтах бясьпекі — РС) была актывісткай раённага чату ў 2020-2021 годзе. Яна ўдзельнічала ў «партызанскіх» акцыях, клеіла налепкі, фатаграфавалася ў кампаніях зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Яна з кампаніяй аднадумцаў займаецца цяпер дапамогай палітвязьням і іхным родным.
«Увесь вольны і ня вельмі час знаходжуся пад СІЗА, каб перадаць харчы і рэчы, заняць людзям зь іншых гарадоў чаргу на спатканьне, дапамагчы добрым словам ці парадай. Чэргі ў СІЗА шалёныя. Займаць іх трэба з ночы. Яшчэ зьбіраемся, пішам лісты і паштоўкі „палітычным“, назіраем часам за судовымі працэсамі над нашымі», — зазначае яна.
«Папраўдзе, таго чалавека, якога прозьвішча я не хачу называць, усе ня любяць. Нават тыя „ябацькі“, якія ў 2020 годзе былі за яго гарой, цяпер кладуць зубы на паліцу», — кажа Ганна.
Мацьвей (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі — РС) працуе і дагэтуль незалежным журналістам. У 2020 годзе ён трапляў некалькі разоў на «суткі». У 2021-м меў некалькі ператрусаў і «ветлівых прапаноў» ад міліцыі зьехаць. Але застаўся ў родным горадзе.
Ён часам бачыць візуальную прысутнасьць «духу пратэсту — 2020» — налепкі, надпісы «БТ» на сьмецьцевых баках. «Мне атмасфэра цяперашняя нагадвае ГДР у апошні час існаваньня. Я шмат ведаю па гісторыі, сам там быў — там менавіта такі дух быў», — кажа журналіст.
Ён заўважыў, што ўжо няма ў публічнай прасторы «ябацек», якія ў 2020 годзе зь пенай ля рота абараняць Лукашэнку. «Бо рэальна хваліцца няма чым. Раней маглі сказаць — але ж у нас IT-краіна! Але цяпер праграмісты — ворагі. Не пахваліш іх», — кажа Мацьвей.
Істотна зьмянілася ягоная праца.
«Мая праца пераўтварылася ў тое, каб выкрываць фэйкі ад дзяржаўнай прапаганды, спраўджваць інфармацыю. Ну і кароткія „партызанскія“ вылазкі, калі я іду здымаць фота ці відэа», — дзеліцца журналіст.
«Я бачу, што ўсё ідзе да свайго лягічнага канца. Я захапляюся беларусамі, якія паказалі сябе ў 2020 годзе. Грамадзтва зьмянілася, і гэта не адкруціць назад. Колькасьць „нашых“ павялічылася», — заўважае Мацьвей.
Марына (імя зьмянілі ў мэтах бясьпекі) была актывісткай дваровага чату ў 2020/2021 годзе. Кампанія жыхароў кварталу выходзіла з бел-чырвона-белымі сьцягамі, ладзілі іншыя акцыі, ушаноўвалі памяць забітага Рамана Бандарэнкі.
«На працы ў нас няма „ябацек“. Можа, таму, што гэта прыватнае прадпрыемства. Тое, што я бачу ў людзей цяпер, — гэта злосьць, гнеў на такую сытуацыю. Больш, вядома, на эканамічную сытуацыю, калі цэны і камунальныя растуць. Мы, тыя, хто быў актыўны ў 2020-м, не перагарнулі старонкі і не перагорнем. Я ня ведаю ніводнага чалавеку з актывістаў, хто зьмірыўся. Так, людзі ў прыгнечаным стане, гэта факт. Але ўсе мы чакаем той момант, калі зможам сябе праявіць», — кажа Марына.
Яна заўважае візуальную прысутнасьць «партызанаў». «Літаральна ўчора бачыла раскіданыя па ходніку паперкі з надпісам „3%“. Мне гэта грэе душу. Я сама ўдзячная 2020 году, удзячная гэтаму часу, які паказаў мне мяне і іншых людзей. Я ні пра што не шкадую, бо займела столькі сяброў! У якіх я ўпэўненая на 100%. Гэта вельмі важны, бадай, самы важны досьвед майго жыцьця», — кажа Марына.
Цяпер яна піша лісты палітвязьням. «Яны так нас падтрымліваюць! Ня мы іх, а наадварот. У іхных лістах ніякіх нараканьняў, толькі сьвятло і вера. Гэта неймаверныя людзі. І мы ўсе не здадзімся», — абяцае яна.