Што вядома про міністарку ва ўрадзе БНР ад партыі эсераў.
Выданне «Салідарнасць» працягвае расказваць пра выбітных беларускіх жанчын, якія ўпісалі свае імёны ў гісторыю.
Палітык, «жалезная ледзі» беларускага нацыянальнага руху, прамая і палкая першая незалежніца, з аўтарытэтам якой лічыліся вядомыя палітыкі-мужчыны. І разам з тым — нешчаслівая ў асабістым жыцці, самаахвярная жанчына, якую зламаў не пераслед польскіх і савецкіх уладаў, а зняверанне і здрада былых паплечнікаў.
Сярод тых, хто ў 1918 годзе падпісваў устаўныя граматы Беларускай Народнай Рэспублікі, яна была адзінай жанчынай. Палута Бадунова вядомая нашчадкам як публіцыстка, міністарка ва ўрадзе БНР, сакратарка партыі беларускіх эсераў, дысідэнтка і ахвяра рэпрэсій 1930-х гадоў.
…Дзяўчынцы, якая ўбачыла свет у сям’і мяшчанаў 7 верасня 1885 года ў Новабеліцы, прадмесці павятовага Гомеля, далі імя Пелагея. Акрамя яе, у сям’і было яшчэ шасцёра дзяцей, з якіх толькі двое сыноў.
Палута скончыла настаўніцкую вучэльню ў Буйнічах, якой апекавалася Магілёўская праваслаўная епархія, і атрымала кваліфікацыю хатняй настаўніцы, магла выкладаць рускую мову ды геаграфію. Восем гадоў маладая настаўніца выкладала ў мясцовых школках, ад царкоўна-прыходскіх да земскіх.
Амаль у трыццаць гадоў яна паступіла на Вышэйшыя гістарычна-літаратурныя курсы ў Петраградзе. Павучыўшыся тры курсы, была скіраваная як дэлегатка ад слухачоў курсаў у рэвалюцыйны Петрасавет.
Як мяркуюць даследчыкі, менавіта тут, у Петраградзе, маладая жанчына бліжэй пазнаёмілася з асяродкам беларускай інтэлігенцыі, і зрабіла той самы крок ад бяздзейнага спачування прыгнечанаму беларускаму сялянству, мары аб сацыяльнай справядлівасці да актыўнага ўдзелу ў нацыянальным руху.
Палута ўвайшла ў Беларускую Сацыялістычную грамаду, і вельмі хутка, дзякуючы свайму красамоўству і імпэту, стала адным з лідараў лева-народніцкага крыла. Калі партыя аднавіла сваю палітычную дзейнасць, у склад новага ЦК і прэзідыума разам са Змітром Жылуновічам, Клаўдзіем Дуж-Душэўскім, Эдзікам Будзькам і Язэпам Варонкам была абраная і Палута Бадунова.
Улетку 1917 года яна прыязджала на Гомельшчыну, вяла прапаганду беларускай ідэі сярод сялян, жаўнераў, настаўнікаў, распрацавала праект дапамогі ўцекачам і інвалідам, пацярпелым ад Першай сусветнай вайны.
Пасля разгону Усебеларускага з’езду і зрыву брэсцкіх перамоваў з Германіяй быў сфармаваны часовы ўрад — Народны сакратарыят. Палута, якая стала адзінай жанчынай у ім, ачоліла справы апекі. Яе подпіс стаіць пад гістарычнымі Устаўнымі граматамі аб утварэнні БНР і абвяшчэнні яе незалежнасці.
«Я з’яўляюся першай настаўніцай горада Менску па арганізацыі і актыўнай працы ў першых беларускіх школах. На школах зыўжды ляжала вялікая задача абароны і падтрымання дзяцей у часы голаду і акупацыі», — пісала Палута.
Міністр земляробства БНР Тамаш Грыб дапамог зладзіць збор на адкрыццё першага сталага дзіцячага дому, арганізацыю ясляў…
Навучаючы іншых, настаўніца і палітычная дзяячка вучылася сама — засвойвала беларускую мову, свабоднага ведання якой, натуральна, не маглі даць у праваслаўнай вучэльні ці на курсах у Петраградзе. І праз нейкі час у анкеце на пытанне аб роднай мове яна ўпэўнена напіша: «Беларуская».
Калі БСГ распалася на тры партыі, Бадунова далучылася да партыі эсэраў, падтрымліваючы тактыку барацьбы супраць як Германіі, так і савецкай Расіі, адстойвала нацыянальны суверэнітэт, абарону інтарэсаў сялянства, нацыяналізацыю зямлі і прадпрыемстваў.
Эсэры адмовіліся прызнаць абвешчаную 1 студзеня 1919 года БССР, і заклікалі да яе байкоту, як не прынялі ўтвораную ў лютым Беларуска-Літоўскую Рэспубліку. А з пачаткам польскай акупацыі ў тым жа 19-м пачалі барацьбу супраць новых захопнікаў. Палута Бадунова ні многа, ні мала як узначаліла паўстанцкі камітэт у Мінску. I, паводле данясенняў ЧК, была «энергічным работнікам». А пад уплывам партыі эсэраў знаходзіліся іншыя шматлікія саюзы — моладзі, настаўнікаў, паштовых служачых.
Аднак неўзабаве яе арыштавалі. Умовы зняволення Палута згадвала як страшэнны холад, эпідэмію тыфу, ад якога «памерла палова арыштаваных». Пасля вызвалення Палуце Бадуновай удалося збегчы ад нагляду жандармерыі ў Смаленск. Аднак пераход Бярэзіны і зняволенне адбіліся на здароўі, і яна доўга аднаўлялася.
Не знайшла Палута шчасця і ў асабістым жыцці. Яе ўзаемнае каханне да Тамаша Грыба было нядоўгім, і той неўзабаве звязаў лёс з іншай актывісткай беларускага руху, прыгажуняй Паўлінай Мядзёлкай. Палута ж пранесла свае пачуцці праз доўгія гады, спрабуючы рэалізаваць сябе ў грамадскай дзейнасці, працы на карысць іншых людзей.
…Лавіруючы ў часовых дамовах з савецкай уладай, спрабуючы прадухіліць падзел Беларусі (Рыжская дамова 1921-га), эсэры дачакалі прымусовай ліквідацыі партыі. Актывістка была арыштаваная ўжо бальшавікамі і адпраўленая ў Маскву. Пасля дзвюх галадовак на знак пратэсту стан яе здароўя пагоршыўся настолькі, што самі ўлады накіравалі Палуту ў санаторый.
Не маючы магчымасці займацца палітычнай дзейнасцю, яна выехала за мяжу — спрабавала зрабіць гэта легальна, але не атрымала дазволу, таму ўначы пад новы 1923 год перайшла без дакументаў польскую мяжу.
Хутка яе арыштоўвае польская паліцыя, і за паўгода беларуска пабывала ў турмах, як яна сама згадвала, «ад Нясвіжа да Закапан». Месяц жыла на хутары пад Нясвіжам пад наглядам паліцыі — і тут паспрабавала здзейсніць даўнюю сваю мару аб літаратурнай дзейнасці, прынамсі захаваліся сведчанні аб тым, што яна напісала драму «Цётка».
Пасля вызвалення яна выехала ў Прагу, дзе пражыла да 1925 года. Пачала было атрымліваць вышэйшую адукацыю на гістарычным аддзяленні педагагічнага інстытута, але зноў моцна захварэла, а потым яшчэ і яшчэ. Канчаткова дабіла Палуту звестка пра самаліквідацыю партыі эсэраў — да фізічных хваробаў дадаўся псіхічны разлад, і амаль год яна вымушаная была правесці ў лякарні нервовых захворванняў.
Дазнаўшыся пра яе стан, малодшая сястра Палуты Марыя Бадунова дамаглася яе вяртання ў БССР. У 1927-м Палута, дзейная натура якой патрабавала зключацца ў грамадскае жыццё, пачала супрацоўнічаць з Інбелкультам, але ўсур’ёз яе намаганні не ўспрымалі.
Засцерагаючыся пераследу ўладаў, які неўзабаве зазнала беларуская інтэлігенцыя, яна перабралася ў Гомель да брата. Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам адмовіла ёй у просьбе паспрыяць у выездзе за межы Савецкага Саюза, і, згубіўшы надзею вырвацца, некалькі гадоў Палута вяла ціхае мяшчанскае жыццё. Спрабавала зарабляць прыватнымі ўрокамі, друкавацца ў газетах — але яе творы не прымалі да разгляду…
Тым часам надышоў жахлівы 1937 год. Толькі па падазрэнні ў супрацоўніцтве з «польскай агентурай» было арыштавана больш як 21 тысяча чалавек. У верасні прыйшлі і па Палуту Бадунову. Пры арышце ў яе канфіскавалі савецкі і замежны пашпарты, некалькі сшыткаў з вершамі (іх, відаць, потым знішчылі).
Больш як два месяцы яе проста трымалі ў Гомельскай турме, без аніякіх зрухаў па справе. Адзіны допыт адбыўся ў лістападзе; як сведчаць тры старонкі пратаколу, следчыя цікавіліся палітычнай дзейнасцю 1919-24 гадоў, антыпольскай барацьбой, кантактамі ў Празе. Але абвінавацілі яе зусім у іншым: «Проживая в СССР после возвращения из Чехословакии, проводила антисоветскую агитацию, проявляла тенденцию снова вернуться в Чехословакию, злобно высказывалась в отношении ВКП(б) и Советского правительства».
Прысуд — 10 год папраўча-працоўных лагераў. Аднак выканаць яго не паспелі: Палута трапіла ў наступную хвалю барацьбы з «антысавецкім падполлем у Беларусі».
Гэтым разам яе разам з паплечнікамі абвінавацілі ва ўзначаленні ЦК адноўленай падпольнай партыі эсэраў, які нібыта быў звязаны з замежнымі цэнтрамі і меўся захапіць уладу, у тым ліку праз інтэрвенцыю, шпіянаж і тэрор. Ніякіх фактаў і доказаў не было — адно толькі асабістае ппрызнанне зняволенай, што следчыя «выбівалі» канвеерам…
25 мая 1938 года яшчэ адна «тройка» вынесла Палуце прысуд — смяротнае пакаранне. Але перад тым яе змусілі даваць паказанні на сваіх былых сяброў і паплечнікаў, у тым ліку на родную сястру Марыю, якую арыштавалі ў Маскве і прывезлі ў тую ж турму НКУС у Мінску.
Марыю прызналі вінаватай у правядзенні антысавецкай агітацыі сярод выкладчыкаў і прысудзілі 5 год працоўных лагераў. Мужы яшчэ дзвюх сясцёр Бадуновых загінулі ў канцлагерах.
Палуту Бадунову расстралялі 29 лістапада 1938 года. Месца яе пахавання дакладна не вядомае, але даследчыкі мяркуюць, што гэта можа быць Курапацкае ўрочышча. Рэабілітавалі палітычную і грамадскую дзяячку толькі праз паўстагоддзя, у 1989-м, за адсутнасцю склада злачынства.
Першая кніга твораў Палуты Бадуновай убачыла свет толькі ў 2018 годзе — да 100-х угодкаў БНР, у Вільні, і толькі дзякуючы таму, што адзін з гісторыкаў знайшоў рукапісны сшытак апавяданняў убібліятэцы Акадэміі навук Літоўскай рэпублікі. Некаторыя іншыя творы былі выяўленыя ў Беларуская біліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане.
Дзесяць год таму рэжысёр Валер Мазынскі зняў дакументальны фільм «Палута Бадунова: успомніць і не забыць». Ні вуліцы яе імя ў родным Гомелі, ні памятнай дошкі, нягледзячы на ўсе намаганні землякоў, дагэтуль няма.