Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Лукашенка памёр і ўсе на вуліцы пілі шампанскае»

12.02.2022 общество
«Лукашенка памёр і ўсе на вуліцы пілі шампанскае»

Што сьніцца беларусам пасьля 2020 году.

Беларусы сталі часта дзяліцца сваімі снамі ў сацыяльных сетках. Журналісты «Радыё Свабода» даведаліся, што сьніцца беларусам на волі, у турме, у эміграцыі. Псыхоляг расказала, што значыць такі спосаб перажываньня рэальнасьці.

«Уварваліся іншаплянэтнікі ў міліцэйскай форме»

Беларуска Вольга (рэдакцыя не раскрывае поўных імёнаў суразмоўцаў зь меркаваньняў іх бясьпекі), якая знаходзіцца ў Беларусі, мела шмат дачыненьняў зь людзьмі, якія пацярпелі пасьля катаваньняў за апошнія паўтара года, бачыла фізычныя і псыхалягічныя траўмы. Яе саму таксама ненадоўга затрымлівалі. Жанчыне паставілі дыягназ «трывожны разлад», яна п’е антыдэпрэсанты.

Вольга расказвае, што ёй пастаянна сьніцца Апакаліпсіс з зомбі і людзьмі, або ўварваньне іншаплянэтнікаў у вайсковай або міліцэйскай форме. Сны зь дзяцінства ў яе яркія і дэталёвыя.

«Адчуваньне, быццам гэта людзі зь іншых плянэт. Я зразумела, што мне вельмі цяжка прыняць, што тут побач так шмат агрэсіўных людзей, без маралі, бяз прынцыпаў», — расказвае Вольга.

Яна мяркуе, што такі сюжэт таксама зьвязаны з агульнай трывожнай абстаноўкай у Беларусі і адсутнасьцю лёгікі ў затрыманьнях, у тым, да каго наступнага прыйдуць.

Яна бачыла адзін падрабязны сон, калі падчас Апакаліпсісу змагалася з «касманаўтамі» і «аліўкамі» (так у народзе называлі байцоў розных сілавых структураў).

«Я ўвайшла ў складзкое памяшканьне, каб падрыхтавацца да доўгай дарогі. Я зьбіраю заплечнік з правізіяй, з рэчамі, якія мне трэба будзе пераапрануць: калі дождж, то адно, калі холадна, то іншае», — пералічвае яна.

Потым яна пачала пакаваць ува сьне зброю і падрабязна прадумваць бітву.

«Я буду страляць. Калі скончацца патроны, будзе бліжні бой. Ува сьне я бачу, адкуль я дастаю меч. Калі ў мяне выб’юць меч, рука пойдзе направа, значыць, там у мяне павінна быць нейкая палка, каб яе схапіць. Калі ў мяне адбіраюць палку, рука па інэрцыі пойдзе ўлева, тады зьлева ўнізе ў кішэні ў мяне павінна быць яшчэ нейкая зброя», — пераказвае Вольга.

Калі яна ўпакавала заплечнік паводле гэтай схемы, то не магла яго падняць ад цяжару.

«Аднак я разумею, што мяне безь яго заб’юць. У мяне было такое расчараваньне, што я ўжо не магу гэта ўсё цягнуць на сабе. Але жаданьне змаганьня засталося», — кажа яна.

Ува сьне дзяўчына поўная рашучасьці і энэргіі. Аднак пасьля такіх сноў яна адчувае сябе вымучанай і стомленай.

Таксама ёй пэрыядычна сьніцца, нібыта грукаюцца ў дзьверы, вобшукі, пасадка ў турму, уцёкі з турмы, уцёкі зь Беларусі. Тады яна ўва сьне прадумвае плян, некуды зьбіраецца.

Пасьля таго як суразмоўца нагледзелася на траўмы іншых людзей, ёй сталі сьніцца ўласныя калецтвы: нібыта ёй выбілі зубы, заціснулі кайданкамі рукі, зламалі суставы. Гэта жахлівыя для яе сны.

У сярэдзіне пратэстаў Вользе сьніліся, паводле ейнай ацэнкі, пазытыўныя сны: нібыта «паважаны памёр ад ковіду, праўду пра ягоную сьмерць спрабавалі схаваць, і ўсе на вуліцы пілі шампанскае».

Вольга таксама пераказала сон, які ёй расказала маці. Мянчанка ўва сьне знайшла дакумэнты ўжо памерлых людзей і набыла на іхнае імя кватэры на праспэкце Незалежнасьці.

«Яна нібыта зрабіла люстраныя вокны, каб з вуліцы не відаць было, што адбываецца ў кватэры. Пачала хадзіць на курсы па стральбе, зразумела зь якой мэтай. Яна была ў захапленьні пасьля гэтага сну», — пераказвае дачка сон маці.

«Сёньня ноччу пачнецца вайна»

Іншая суразмоўца Лера таксама застаецца жыць у Беларусі. Калі пачаліся размовы пра магчымае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, ёй прысьніўся пачатак вайны.

«Мне прысьнілася, што я ва ўнівэрсытэце, у якім я вучылася. І сёньня ноччу пачнецца вайна. Хлопцы, зь якімі я вучылася, зьбіраюцца ваяваць. Усе рыхтуюцца. Было адчуваньне, што сёньня ноччу пачнецца нешта страшэннае. Гэта было жахлівае адчуваньне, што зусім маладыя хлопцы вымушаныя пайсьці на сьмерць», — расказвае дзяўчына.

З гэтымі адчуваньнямі яна хадзіла ўва сьне па пустых памяшканьнях унівэрсытэту, глядзела на тое, як студэнты зьбіраюцца, куды хаваюцца, думала, што рабіць далей.

Гэтае адчуваньне са сну яна ўжо перажывала ў рэальнасьці ўвесь дзень 9 жніўня 2020 году, калі было прадчуваньне чагосьці жахлівага разам з пачуцьцём бездапаможнасьці.

Аднойчы Лера прысьніла, што нясе моцна параненага ката да вэтэрынара, а побач ляжаць падлеткі без прытомнасьці.

«Вось гэты сон яшчэ быў у мяне жахлівы», — камэнтуе дзяўчына.

«У бары „Свабода“ было афігіцельна крута»

Кацярына таксама жыве ў Беларусі. Асноўны сюжэт ейных сноў на самым пачатку пратэстаў — гэта гвалт, нібыта яе злавілі і катуюць. Аднойчы яна прысьніла, што яе схапілі разам з дачкой, калі яны ішлі з садка. Жанчына памятае жахлівае адчуваньне ўва сьне, што пакуль яны сядзелі ў аўтазаку, яна баялася, што будуць біць малую. Потым такі сюжэт зьнік са сноў.

Нядаўна жанчына ўбачыла больш падрабязны сон, нібыта яна на беразе Атлянтычнага акіяну.

«Захад, бар „Свабода“, там было афігіцельна крута, такі добры настрой, там 100% былі беларусы, хоць я ня памятаю твараў. Музыка, атмасфэра былі вельмі натхняльныя. Раптам у адну сэкунду ўсё спыняецца. Урываюцца людзі ў чорным, і я дакладна разумею, што зараз нам усім канец. Мы адназначна ўсе тут загінем», — пераказвае жанчына.

У жаху яна падскочыла і прачнулася.

Яшчэ адзін суразмоўца, Аляксей, які жыве надалей у Беларусі, дакладна ня памятае сюжэтаў сноў. Аднак ягоныя сны дагэтуль трывожныя: трэба змагацца, каардынавацца зь нейкімі людзьмі, кудысьці ехаць, складаць плян. Па адчуваньнях, гэта тое, што ў рэальнасьці адбывалася на пачатку пратэстаў, калі людзі выходзілі на маршы.

«Трэба з дому тэрмінова вярнуцца на „хімію“»

Вязень, які адбывае пакараньне на «хіміі» далёка ад роднага гораду, ананімна расказаў, што яму пэрыядычна сьніцца, што ён дома, гуляе са сваім малым дзіцем — і раптам разумее, што трэба вярнуцца ва ўстанову да пэўнага часу ўвечары, інакш яго абвесьцяць у вышук, а даехаць туды ён ужо не пасьпявае.

Яшчэ адзін вязень, які знаходзіцца ў СІЗА, расказаў сваякам, што прысьніў, быццам ён у краме і доўга выбірае падарункі для сваёй дачкі.

Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч, які цяпер сядзіць на «Валадарцы», напісаў жонцы пра тое, што яму сьніцца.

«Ноччу ты сьпіш ці ня сьпіш, але ў думках ты заўсёды дома. А ў некаторых снах дык быццам рэальна дома ці на волі, бачыш родныя твары, размаўляеш зь імі, нават дакранаесься», — напісаў Алег.

Гарадзенку Вольгу Верамеенку летась затрымлівалі на трое содняў. Яна назвала сон найлепшым часам у турме. Ёй сьнілася за кратамі, што яна зь сябрам сьнедае ў Парыжы.

Рок-музыка з Горадні Ігар Банцэр са жніўня 2020 году перажыў адміністрацыйныя арышты, турму, «хімію», псыхіятрычнае абсьледаваньне ў Навінках, некалькі працяглых галадовак і ўрэшце выйшаў на волю. Аднак, зь ягоных словаў, сны ў яго не зьмяніліся. Яму ўвесь час сьніцца, «як зрабіць файны канцэрт, імпрэзу, як яшчэ пашырыць сфэру культурнага ўплыву заходняй думкі ў нашым мэнтальным калгасе».

«Я бачу сябе на сцэне, я бачу сваіх музыкантаў побач з сабой. Я бачу, як клеяць плякаты, я бачу рэкляму ў інтэрнэце, кліпы. Я заўжды мроіў пра тое, каб стаць зоркай рок-н-ролу, каб зрабіць нейкую кар’еру. Гэтыя сны ў мяне былі ўжо на працягу 30 год і застаюцца. Зьмяніліся ўмовы», — кажа былы вязень.

Ён тлумачыць, што ў зьняволеньні ўсе ўмовы спрыяюць таму, каб уцякаць ад рэальнасьці ў сны.

«Я засынаю. Тут сьмярдзіць сарцір. Там хтосьці памірае на нарах ад каранавірусу. Тут глядзяць у вочка. Такая атмасфэра маласпрыяльная. Ты засынаеш, паглыбляесься ў свае думкі, мары і максымальна ўцякаеш ад гэтай рэчаіснасьці», — кажа музыка.

«Вярнуўся ў Беларусь, а выехаць больш не магу»

Мужчына, які на некалькі месяцаў зьехаў зь Беларусі, каб пажыць у бясьпецы, спадзяецца неўзабаве вярнуцца дадому. У яго праводзілі ператрус.

Апошнім часам у Беларусі ён стараўся не начаваць дома праз трывогу. У яго парушаўся сон у жніўні 2020 году, пасьля ператрусу і перад ад’ездам зь Беларусі, калі ён прачынаўся пасярод ночы і падлічваў, праз колькі па яго могуць прыйсьці. За мяжой пачаў спаць лепей.

Разоў дзесяць за той час, як ён пераехаў, яму сьніліся трывожныя сны з падобным сюжэтам, нібыта ён вярнуўся ў Беларусь.

«І там, агледзеўшыся, падумаў, што мне трэба выехаць, а выехаць чамусьці не атрымліваецца, ці то ПЦР-тэсту не магу зрабіць, ці то дакумэнтаў патрэбных няма, ці празь мяжу не прапускаюць», — расказаў ён.

За мяжой ён таксама аднойчы прысьніў страшны сон, што трапіў у турму ў Беларусі.

Псыхоляг: «Мозг дасылае тыя самыя імпульсы, калі мы бяжым у рэальнасьці і калі ў сьне»

Псыхоляг Натальля Станкевіч патлумачыла, што калі чалавек сьпіць, ягоны мозг ня сьпіць: ён аднаўляе рэсурсы арганізму і апрацоўвае інфармацыю за дзень. «Пабочны прадукт» працы мозгу з інфармацыяй — сны. Сны — гэта мэтафарычнае або беспасярэдняе адлюстраваньне той сытуацыі, у якой чалавек знаходзіцца.

Спэцыяліст са спасылкай на самнолягаў кажа, што чалавек заўсёды нешта сьніць, проста можа гэтага ня памятаць.

Сон дзяўчыны, якая змагаецца з іншаплянэтнымі стварэньнямі, — мэтафарычны і паходзіць з таго, што яна не разумее, як побач могуць жыць такія жорсткія людзі.

Сны могуць стамляць, як у выпадку гэтай жа дзяўчыны, бо мозг не адрозьнівае, адбываецца нешта ў сьне ці ў рэальнасьці. Мозг дасылае тыя самыя імпульсы, калі мы бяжым у рэальнасьці і калі ў сьне. Аднак ёсьць адмысловая рэакцыя, якая гасіць гэтыя імпульсы, — «сонны паралюш», ён аберагае арганізм. Тады чалавек бачыць сон, што хоча пабегчы, але ня можа, спрабуе крычаць, а няма голасу.

Калі сны трывожныя або зь іншымі непрыемнымі эмоцыямі, варта больш часу прысьвячаць рэляксацыі, мэдытацыі, любімым справам, калі чалавек ня сьпіць. Прыкладам, мець 15 хвілін, каб спакойна выпіць кавы або паслухаць прыемную музыку. Гэта аднаўляе рэсурсы.

Калі непрыемны сон увесь час паўтараецца, гэта значыць, што чалавек увесь час апрацоўвае адну і тую ж інфармацыю. Калі мы жывём працяглы час у трывожнай сытуацыі, то гэта накладаецца. Да таго ж спрыяе гэтаму падвышаная ўражлівасьць.

«Сьніцца барацьба і сьняцца ўцёкі. Гэта адлюстраваньне тыповай рэакцыі псыхікі ў крытычнай сытуацыі, перад тварам небясьпекі: бі альбо бяжы», — тлумачыць Натальля Станкевіч.

Яна зьвярнула ўвагу, што сны, калі гвалтоўна выдаюць замуж за Лукашэнку (з калекцыі сноў пісьменьніцы Тацяны Заміроўскай), сьведчаць пра бездапаможнасьць.

«Двое становяцца ў залежнасьць адно ад аднаго. Усе мы разумеем, што значыць залежнасьць ад гэтага пэрсанажа. Гэта пачуцьцё небясьпекі, адчуваньне, што ад мяне нічога не залежыць», — кажа псыхоляг.

Яшчэ адзін від сну, — калі чалавек чакае сьмерці Лукашэнкі.

«Гэтыя жаданьні чалавек можа перажываць і на яве. А ў сьне гэта набывае бачную форму», — кажа спэцыяліст.

Калі чалавек у зьняволеньні, то ягоныя думкі павернутыя на сям’ю, дом, свабоду, бо рэчаіснасьць малапрывабная. Гэта адлюстроўваецца і ў снах.

Сон пра тое, што чалавек не пасьпявае вярнуцца на «хімію», адносіцца да цэлай плыні сноў. Адсюль жа іншыя сюжэты: чалавек у сьне запаўняе паперы, а яны ўсё роўна пустыя, зьбіраецца ў дарогу, але ніяк ня можа знайсьці пэўныя рэчы.

«Гэта пра трывогу, няўпэўненасьць, немагчымасьць кантраляваць рэальнасьць», — тлумачыць Натальля Станкевіч.

Калі чалавек кажа, што яму адзін сюжэт сьніцца 30 гадоў, нягледзячы на абставіны, прыкладам, канцэртная дзейнасьць, то, імаверна, ягоная ідэя і жаданьне займацца творчасьцю перакрывае рэчаіснасьць.

«Гэта можа быць прытулкам для яго. Калі адны вязьні паглыбляюцца ў думкі пра сям’ю і дом, то для іншага сцэна — гэта ўнутраная прастора, куды ён можа схавацца. Так можна рабіць і наяве, ва ўяўленьні сыходзіць у прыемную для сябе прастору, калі цяжка пераносіць рэчаіснасьць», — кажа псыхоляг.

Сны пра вяртаньне ў Беларусь адлюстроўваюць тыповы ўнутраны канфлікт «і хочацца, і колецца».

«Мозг спрабуе пралічыць, што можа быць у адным і ў другім выпадках. Варыянт вяртаньня больш небясьпечны, больш эмацыйна зараджаны, таму мозг яму больш удзяляе ўвагі, таму гэта сьніцца», — камэнтуе Натальля Станкевіч.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]