Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гомельская журналістка Марыя Шыманоўская - лукашыстам: Не на тых напалі!

12.02.2022 политика
Гомельская журналістка Марыя Шыманоўская - лукашыстам: Не на тых напалі!

«Сілавікі з Данбасу» спрабавалі напужаць беларуску.

Навіны пра арышты і ператрусы ў Беларусі апошнім часам сталі ў адзін шэраг з дзяжурнымі паведамленнямі пра ДТЗ. Непрыемна, людзей шкада, але ўсе ўжо звыкліся, што такое рэгулярна здараецца. Хоць насамрэч за інфармацыяй пра “дзяжурныя” вобшукі і канфіскацыі - стрэсы, слёзы, здароўе людзей. Гераіня гэтага матэрыялу, 73-гадовая журналістка Марыя Шыманоўская, за апошні год перажыла ажно тры ператрусы на кватэры. Няпрошаныя госці прыходзілі да сяброўкі ліквідаванай уладамі “Беларускай асацыяцыі журналістаў” праз журналісцкую дзейнасць яе мужа, ветэрана незалежнай журналістыкі Гомельскага рэгіёна Анатоля Гатоўчыца. У апошні раз “у госці” да журналісцкай пары завіталі супрацоўнікі крымінальнага вышуку на падставе таго, што хтосьці “раскідаў” металічныя шыпы ці нейкія там іншыя вострыя вырабы каля абласнога ДАІ. І нібыта тым невядомым злачынцам мог быць заслужаны журналіст Анатоль Гатоўчыц...

Рэдакцыя “Штодня” пацікавілася ў Марыі Шыманоўскай наконт таго, як яе сям’я перажыла апошні ператрус.   

У вас жа за гэты год 3-ці ператрус! Як гэта адбіваецца на вашым псіхаэмацыйным стане?

Сілавікі розныя прыходзяць. Гэтым разам прыйшоў нейкі дзіўны чалавек з вельмі незвычайнай лексікай, нетыповай гаворкай. Я пытаю яго: “Адкуль вы?” Ён адказвае: “А я з Данбасу!” Ён абсалютна не тутэйшы, лексіка гутарковая, невыхаваная, неадукаваная... Мяне здзівіла тады: “Як яны ўвогуле бяруць у міліцыю такіх людзей?!”

А што іх цікавіла гэтым разам? Яны ж выграблі ў вас у папярэднія разы ўсё, што магчыма...

Я ім казала: “Шукайце! Можа, знойдзеце нешта: пыл, крупы, старое адзенне...” Мяне здзівіла, што ў першы раз міліцыянты прыйшлі ў выходныя (вобшук праходзіў увечары ў суботу 5 лютага -- заўвага рэдакцыі). Раней у буднія дні заходзілі. Яшчэ мяне здзівіла, што яны запатрабавалі, каб я сама шукала ім панятых. Я ім сказала: “Калі вам трэба, то вы самі і шукайце!” Канешне, я сказала, што рабіць гэтага не буду. Яшчэ дзіўна было тое, што яны прыйшлі без санкцыі. Пратакол быў, а подпісу пракурора не было. Я так мяркую, што яны простыя выканаўцы. Ім аднекуль спусцілі заданне зверху, а яны пайшлі выконваць.

А якая была фармальная падстава для вобшуку?

Калі падумаць, то зусім дзікунская падстава. Яны, відаць, пашукалі ў сваіх паперах нейкую нераскрытую справу. І вось знайшлі, што Анатоль Іванавіч быццам бы пайшоў увечары пад ДАІ, дзе машыны ДПС сноўдаюць адна за адной. І ён упоперак, значыцца, гэтых машын раскідваў гэтыя “вожыкі”. Вар’яцтва! Не ведаю, хто мог успрыняць гэтую версію за праўду! Як я заўсёды кажу: “Журналіст, чалавек з дзвюма вышэйшымі адукацыямі, дуаен журналісцкай супольнасці Гомельшчыны! І ён ноччу пайшоў раскідваць гэтыя “вожыкі”?! Але я вам хачу сказаць, што калі я з імі размаўляла (там быў старэйшы групы), я яму гавару: “Вы ж разумееце, што вы прыйшлі для адпіскі, што вам загадалі, што гэта ўсё дурніца?” Ён вочы адводзіць. Ну, прыйшлі, значыцца, папалохаць, бо рэферэндум набліжаецца. Напужаць грамадскасць вырашылі, каб сядзелі і не рыпаліся.

А як ваша здароўе пасля гэтай гісторыі, бо праходзіла інфармацыя, што вы выклікалі “хуткую”?

Я напярэдадні дзень правяла ў бальніцы. Прыйшла стомленая ў пятніцу. Думала, што спакойна займуся навядзеннем парадку, а тут яны ломяцца... Упершыню са мной такое здарылася. Проста так прыціснула сэрца, што давялося выклікаць дактароў. Мне ж амаль 74 гады... А што яны тут рабілі? Хадзілі паўсюль, мацалі ўсё... Машынка пральная пасля іх працавала два дні. Яны ж нават рукі не памылі! У мяне адразу ляжыць ручнічок, але яны ім не скарысталіся. За ўсе гэтыя прыходы яны забралі ў нас усё, што толькі маглі. Забралі тры ці пяць пакетаў розных нататнікаў, папераў, кніг... Адзін раз знайшлі насовачку маю. Яна белая, вышытая беларускімі чырвонымі ўзорамі. Іх проста затрэсла. Я ледзьве адбіла яе, гэтую насовачку. Канешне, забіраюць тэхніку. Частку з тэхнікі нам вярнулі. Праўда, у няспраўным стане. Мой планшэцік вярнулі зламаным, а каб яго пачыніць, патрэбныя грошы. 

Я кпіла з іх у гэты раз, як магла. Запішыце, маўляў, у пратакол, што вінныя за тры пары еўрабахілаў. Гэта іх збівае. Калі яны бачаць, што з імі так размаўляюць. У мінулыя разы, калі вобшукі праходзілі доўга, дык я магла Статут ВкЛ узяць. У мяне выдатнае факсімільнае выданне. Чытаю ім: “Статут ВкЛ 1588 году - апошняя рэдакцыя. Якая краіна ў тыя часы магла пахваліцца, што ў яе была настолькі падрабязна распрацаваная Канстытуцыя?” А ўвогуле ім не да законаў. Гэта сваволя. У ніводнай краіне такога няма, каб да людзей такога статуса, як Анатоль Іванавіч, прыходзілі падобныя людзі з дурнымі абвінавачаннямі. Але я падкрэсліваю, яны не на тых напалі. Нягледзячы ні на што, мы людзі моцныя. Ніхто нічога не дачакаецца. Што мы рабілі, тое і будзем рабіць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]