Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Ён для мяне ідэальны муж»: Гісторыя каханьня Ігара і Дар’і Лосікаў

14.02.2022 политика
«Ён для мяне ідэальны муж»: Гісторыя каханьня Ігара і Дар’і Лосікаў

Першы раз яны сустрэліся ў 2009 годзе.

Журналіста «Радыё Свабода» Ігара Лосіка арыштавалі 25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах. У сярэдзіне сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Сам працэс працягваўся зь невялікімі перапынкамі каля пяці месяцаў.

Жонка Ігара Дарʼя ўвесь гэты час правяла ля сьценаў СІЗА-3 Гомля, дзе адбываўся закрыты працэс. З нагоды Дня закаханых Дарʼя пагадзілася расказаць гісторыю іхнага зь Ігарам каханьня.

«Ці памятаю я, як мы пазнаёміліся з Ігарам? Памятаю, вядома, — адказвае Дарʼя. — Гэта было ў верасьні 2009 году, я тады толькі зарэгістравалася ў сацыяльнай сетцы „ВКонтакте“. Першы раз зайшла туды. І Ігар быў самым першым, каго я дадала ў сябры. У нас зь ім перапіска завязалася, месяцы тры перапісваліся. 28 лістапада 2009 году першы раз сустрэліся. І вось з таго самага дня мы разам».

Дарʼя думае, што сацсетка прапанавала ёй Ігара таму, што яна падчас рэгістрацыі пазначыла родны горад як Баранавічы. Ігар таксама адтуль, таму альгарытм вырашыў іх такім чынам «зьвесьці». На момант знаёмства з Ігарам Дарʼі было 17 гадоў, як і Ігару Лосіку.

«Першае спатканьне 28 лістапада я таксама памятаю, — успамінае Дарʼя. — Надворʼе было вельмі кепскае, але мы ўсё адно вельмі доўга гулялі зь ім па горадзе. Размаўлялі пра ўсё на сьвеце. Мы зь Ігарам заўзеем за адзін футбольны клюб (лёнданскі „Чэлсі“). То было аб чым пачаць. Пра падзеі ў сьвеце размаўлялі, пра кнігі шмат. Пра кампутарныя гульні. Проста пра ўсё — такое было першае спатканьне. Я на ім ужо зразумела, што ў мяне з чалавекам так шмат блізкіх тэмаў, што мы можам размаўляць гадзінамі».

Захапленьне футболам, ангельскай Прэмʼер-лігай і «Чэлсі» захавалася ў Лосікаў дагэтуль. Дарʼя расказвае, што разам матчы па тэлевізары яны глядзелі ўсе гады пасьля таго першага спатканьня. Спыніў гэта толькі арышт Ігара.

«Ігар мне адразу вельмі спадабаўся, — кажа Дарʼя. — Ён такі добры, такі голас прыемны. Калі шчыра, то літаральна зь першага дня зачапіў, як толькі сустрэліся. Ня ведаю, чым. Проста зразумела: гэта мой чалавек. Цяпер у лістах з турмы піша мне, што ў той дзень падумаў пра мяне тое ж».

На першым спатканьні Ігар з Дарʼяй яшчэ выпілі кавы, пасьля чаго ён позна ўвечары правёў будучую жонку дадому і пайшоў да сябе. Атрымаўся доўгі сумесны шпацыр, расказвае Дарʼя. Наступны раз пара сустрэлася праз тыдзень. Ігар на той час вучыўся ў Менску і ў Баранавічы прыяжджаў на выходныя.

«Гэта было ўжо 30 лістапада, акурат у мой дзень народзінаў, — расказвае Дарʼя. — І Ігар мяне ўжо віншаваў. Сустрэўся са мной і павіншаваў. Прывёз мне вялікага мяккага цацачнага ката. Бо мы перад гэтым абмяркоўвалі, што абое вельмі любім катоў. Той кот дагэтуль у мяне дома, захоўваю яго. Як першы падарунак будучага мужа».

Першы падарунак Дарʼі Ігару быў менш рамантычным, але больш незвычайным. На пытаньне, што падарыць, Ігар Лосік сказаў будучай жонцы, што хоча дамэннае імя, каб стварыць там сайт пра ангельскую Прэмʼер-лігу. Гэтае пажаданьне Дарʼя запомніла надоўга. Сайт Ігар запаўняў даволі доўга. Пісаў навіны і нават вёў тэкставыя трансьляцыі матчаў.

Знаёмства з бацькамі Ігара ў Дарʼі адбылося нечакана. Яны разам проста гулялі па Баранавічах, і ён раптам прапанаваў пайсьці да яго дадому папіць гарбаты. Дома былі маці і бацька Ігара, знаёмства прайшло спакойна.

«Увогуле першай Ігару напісала я, — прызнаецца Дарʼя. — Чамусьці вось мне захацелася яму напісаць менавіта. Тры месяцы мы так перапісваліся. Пасьля толькі ён напісаў, што давай, маўляў, перасячэмся і асабіста ўжо пагаворым. Так што першай Ігару напісала я, а на спатканьне ўжо запрасіў ён».

Шлюбную прапанову Ігар Лосік зрабіў Дарʼі праз тры гады пасьля знаёмства. Прычым перад гэтым даволі моцна ўсхваляваў сваю будучую жонку.

«Я з заняткаў ва ўнівэрсытэце ехала, — прыгадвае Дарʼя. — На аўтобусе. І тут прыходзіць SMS ад Ігара, каб я выйшла на адным з прыпынкаў, бо „ёсьць сурʼёзная размова“. Я падумала, што нешта здарылася і што зараз ён мне раскажа штосьці непрыемнае. Але аказалася, што Ігар такім чынам проста стварае інтрыгу. У нас у Баранавічах ёсьць Сьвяцілаўскае возера. І вось там Ігар, стоячы на адным калене, зрабіў мне прапанову. Зь пярсьцёнкам, усё як мае быць».

Пасьля прапановы пабрацца Ігар з Дарʼяй пайшлі да ейных бацькоў. Дарʼя кажа, што яны не зьдзівіліся. Сказалі, што ўсё лягічна пасьля такога пачатку адносінаў. І пайшлі па шампанскае і торт.

Прапанову Дарʼі Ігар зрабіў, калі ім абаім было па 20 гадоў. Вясельле было звычайным, гаворыць Дарʼя Лосік. Баранавічы, рэстаран, 70 гасьцей, усё як трэба ў такіх выпадках. Дарʼя была ў вясельнай белай сукенцы, Ігар у гарнітуры. Арганізаваць урачыстасьць дапамагалі бацькі, бо маладыя на той момант яшчэ вучыліся.

«Я не падштурхоўвала Ігара да вясельля, — расказвае Дарʼя. — У мяне не было ніякіх прэтэнзій да яго, мы добра ладзілі. Нагодаў да рэўнасьці я не давала. Я таксама была абсалютна ўпэўненая ў ім. Як і цяпер, у прынцыпе. У нас зь Ігарам гэта яшчэ з часу першага знаёмства».

Перад вясельлем пара зьезьдзіла ў падарожжа ва Ўкраіну, адпачывалі ў Адэсе і на моры. Зрабіць гэта пасьля цырымоніі не дазволіў графік. Трэба было вяртацца да вучобы, пачынаць працу па разьмеркаваньні.

Дарʼя прызнаецца, што стасункі з будучым мужам былі фактычна першымі яе працяглымі адносінамі. Як і ў Ігара.

«Ён для мяне ідэальны муж, — прызнаецца Дарʼя Лосік. — Мы ніколі не сварыліся, нават на бытавой глебе. Брудныя кубкі, раскіданыя шкарпэткі — гэта ўсё, вядома, здараецца. Але я яго за такое ніколі ня „цюкала“, скажам так. Мы заўсёды жылі душа ў душу. Вядома, дробнае нешта здараецца. Разам жыць і не сварыцца — гэта ж немагчыма, я думаю. Але Ігар для мяне ідэальны муж. Я магу яму сказаць: Ігар, зрабі гэта і тое, пакуль я на працы. І Ігар не праігнаруе ніколі».

У дадатак, гаворыць Дарʼя, Ігар вельмі добры бацька. Ён шмат часу праводзіў з дачкой, цяпер вельмі шмат пра яе распытвае і перажывае, што ня можа быць побач.

«За тыя 12 гадоў, што мы разам, мы ніколі не разыходзіліся, не перарывалі сваіх адносінаў, — гаворыць Дарʼя. — Не было такога, каб мы сварыліся, разыходзіліся, пасьля зноў сыходзіліся. І цяпер, калі Ігар за кратамі, я разумею, што гэта той чалавек, які мне патрэбен. І што я яго ніколі ня кіну. Ігар мне шмат разоў прызнаваўся, што калі б не мая падтрымка, то ён за кратамі ня вытрымаў бы столькі. І што гэта яго падтрымлівае моцна».

У сваю чаргу Дарʼя таксама гаворыць, што зьняволеньне Ігара дадаткова матывуе яе, прымушае рабіць усё магчымае для мужа.

«Мы цяпер падчас спатканьняў і ў лістах часта абмяркоўваем, што зробім разам, калі Ігар вернецца дадому, — гаворыць Дарʼя. — Вырашылі, што, як толькі гэта здарыцца, мы адразу выключымся адусюль. Пастараемся пазьбягаць палітычных тэмаў на нейкі пэрыяд часу. Я ня ведаю, наколькі доўгім ён будзе. Але мы паедзем некуды ў цёплыя мясьціны, каб адпачыць сямʼёй. Ігар, я і дачка. Паедзем разам, каб аднавіць сваю псыхіку і здароўе пасьля ўсяго таго, што здарылася».

Дарʼя Лосік пагаджаецца, што гісторыя яе зь Ігарам каханьня падобная на казку, што мала хто можа ў такое паверыць.

«Мы з Ігарам ад пачатку былі створаныя адно для аднаго, — кажа Дарʼя. — Каб рабіць тое, што мы робім адно для аднога, трэба проста кахаць. Тут няма ніякай магіі, ніякага хайпу. Я кахаю чалавека, разумею, што безь яго жыць не змагу. Таму мне трэба ўсімі сіламі спрабаваць яго адтуль дастаць. Я ня бачу іншага выйсьця».

Ігар Лосік за кратамі ўжо роўна 600 дзён. Напісаць яму можна на адрас: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]