Заява.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступала з заявай, у якой пацьвердзіла сваю пазыцыю адносна «недапушчальнасьці ўцягваньня Беларусі ў агрэсіўныя вонкавапалітычныя авантуры кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі, у тым ліку і ў эскаляцыю напружанасьці вакол Украіны».
У сваёй заяве Рада БНР «зьвяртае ўвагу лідэраў ЗША, Канады і краінаў ЭЗ, што знаходжаньне расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў на тэрыторыі Беларусі супярэчыць яе нацыянальным інтарэсам і зьяўляецца незаконным, паколькі прынятае нелегітымным кіраўніком».
Словы Аляксандра Лукашэнкі, датычныя магчымасьці пакінуць расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі і пэрспэктывы прызнаньня «ЛНР» і «ДНР» Рада БНР ацэньвае як «ягоную поўную залежнасьць ад Крамля і ствараюць рэальную пагрозу яшчэ большай дэстабілізацыі ў рэгіёне».
«Рада БНР патрабуе неадкладнага вываду ўсіх расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Рада заклікае беларускую дыяспару ва ўсім сьвеце давесьці да парлямэнтаў і ўрадаў, што беларускі народ дзесяцігодзьдзямі пазбаўлены права свабоднага выбару, ня можа і не павінен несьці адказнасьць за дзеяньні ўзурпатара», — гаворыцца ў заяве.