У Купалаўскім не хапае не толькі акцёраў, але і тэхнічных работнікаў і дапаможнага персаналу.
Нагадаем: пасля выбараў 2020 года з Купалаўскага тэатра сышлі амаль усе супрацоўнікі. Пасля ў трупу спрабавалі набраць акцёраў з абласных тэатраў і студэнтаў, у тым ліку няпрофільных спецыяльнасцяў, пiша «Народаня Воля».
Конкурс быў аб’яўлены яшчэ ў мінулым годзе, і галоўнае патрабаванне гучала так: «быць таленавітым і гарэць жаданнем працаваць на галоўнай драматычнай сцэне Беларусі».
Зараз у чарговы раз (здаецца, гэта сёмы кастынг) «запрашаюць прафесійных артыстаў, а таксама студэнтаў з профільнай адукацыяй».
Узрост – ад 21 да 70 гадоў. Абавязкова валоданне беларускай мовай.
«Мы будзем рады бачыць Вас у нашым дружным калектыве!» – цынічна дадаюць тыя, хто зараз кіруе тэатрам.
Дарэчы, у Купалаўскім не хапае не толькі акцёраў, але і тэхнічных работнікаў і дапаможнага персаналу. Патрабуюцца менеджар па продажах, спецыяліст па рабоце з кліентамі, начальнік вытворчасці, інжынер-тэхнолаг, літаратурны рэдактар, касцюмер, сталяр, медсястра, мастак-дэкаратар, закройшчык-мадэльер, начальнік мастацка-бутафорскага цэха і нават прыбіральшчыца з касірам.
Адным словам, будынак тэатра стаіць, але фактычна знакамітага Купалаўскага ўжо не існуе. Новае кіраўніцтва спрабуе рэанімаваць пацыента, але, як бачым, той пакуль у сябе не прыходзіць. Сапраўдная трагікамедыя!