Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Калі забіраюць сьцяг, мы падымаем мову»

21.02.2022 политика
«Калі забіраюць сьцяг, мы падымаем мову»

Што сказаў Павал Белавус у інтэрвію перад затрыманьнем.

21 лютага, у Дзень роднай мовы, «Радыё Свабода» публікуе запісанае ў верасьні 2021 году інтэрвію са стваральнікам брэнду Symbal.by, арт-мэнэджарам, папулярызатарам беларушчыны Паўлам Белавусам.

15 лістапада Паўла затрымалі. Спачатку ён адбыў тры адміністрацыйныя тэрміны, затым яго перавялі ў СІЗА-1 у межах крымінальнай справы.

У інтэрвію Павал расказвае, чаму выступае за любое выкарыстаньне беларускай мовы, нават калі гэта прадыктавана маркетынгавымі хітрыкамі ці спробамі злавіць хайп. Ён лічыць, што нават скандалы вакол беларускай мовы (як тое было з брэндамі А-100, «Савушкин продукт» і МТС) на карысьць.

«Гэта сьведчыць пра тое, што мова жывая, разьвіваецца. І не таму, што так загадалі зьверху, а таму што гэта прадыктавана патрэбай людзей ці бізнэсу. Я за любое выкарыстаньне беларускай мовы, нават у самым абрэзаным выглядзе», — кажа Павал.

Ён адзначыў, што, паводле дасьледаваньня, якое замаўляў Symbal.by у 2019 годзе, большасьць беларусаў лічаць беларускую мову каштоўнасьцю, сымбалем краіны.

Арт-мэнэджар успомніў, як у лютым 2020 году ладзіў традыцыйны да Дня роднай мовы «МоваФэст». Тады на адной сцэне выступалі дыпляматы, актывісты, журналісты, а спонсарамі імпрэзы былі «Белсат», банк «Дабрабыт», букмэйкерская кантора Leon, рыэлтарская кампанія Realt.by, а таксама піваварня «Аліварыя».

«І ўсё гэта праходзіла ў культурніцкай прасторы „ОК16“, якой на той момант кіравала Марыя Калесьнікава. І тады ў мяне было вельмі вялікае натхненьне: мы сабралі і прыватны бізнэс, і дзяржаўныя прадпрыемствы, і незалежныя мэдыя. І ўсе яны разам, і Лявон Вольскі — хэдлайнэр фэстывалю. І гэта ўсё здавалася нормай. І тады ну зусім не было адчуваньня, што хутка выбары, якія так моцна зьменяць усё. Было адчуваньне, што выбары пройдуць, як у 2015 годзе — прайшлі і прайшлі... А цяпер не разумею, навошта так усё робіцца, навошта так помсьціць людзям на тое, што ў іх адрознае меркаваньне».

Павал нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.

«Хоць і вучыўся на геафаку, хацеў стаць журналістам. Я паступаў туды, бо добра ведаў беларускую мову, матэматыку, і мне патрэбен быў трэці прадмет. І я такі: „О, геаграфія! Паеду паступаць на геафак“. Але з другога курсу я пачаў пісаць, больш працаваў у журналісцкай сфэры. Дзякуючы геафаку, што я вучыўся ў Берасьці, я пазнаёміўся зь „Дзедзічам“, які зацягнуў мяне ў актывізм», — расказваў пра сябе Павал.

(«Дзедзіч» — агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця. Грамадзкая адукацыйная, інфармацыйная і культурная пляцоўка).

Разам зь сябрамі заснаваў «Арт Сядзібу»

24 сьнежня 2011 году Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.

«Пашу я ведаю з 2009-га. Тады ён запомніўся мне сваім творчым і нестандартным падыходам. Мы разам распачыналі „Арт Сядзібу“, рабілі імпрэзы, пераяжджалі з розных памяшканьняў, разам рабілі Symbal.by. Паша для мяне — гэта сапраўдны беларус, які імкнецца зрабіць усё, каб Беларусь і беларушчына былі папулярнымі і прывабнымі. І робіць усё гэта шчыра! Паша — найлепшы сябра, да якога можна зьвярнуцца па дапамогу, параду, няхай гэта будзе вокладка, ці канцэпцыя новага альбому, ці нейкая бізнэс-ідэя. Я заўжды ўпэўнены, што Паша не падвядзе», — кажа Зьміцер Афанасенка, лідэр гурту Amaroka.

Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, зьвязаныя зь беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Вясной і летам 2020-га крама шыла вялікія партыі засьцерагальных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. Празь ціск уладаў на пачатку сакавіка 2021-га краму закрылі.

У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.

«Для мяне Паша — ня проста калега і сябра, ён як старэйшы брат, у якога заўсёды можна нечаму навучыцца. Ён марыць аб тым, каб Беларусь была беларускай. Паша вельмі шмат робіць для Беларусі, для таго, каб кожны адчуў годнасьць і гонар за сваю краіну, сваю мову і культуру, ганарыўся, што ён беларус. У яго гэта атрымліваецца, бо ў яго заўсёды шмат ідэй, гараць вочы, ён натхняе тым, наколькі ён любіць сваю працу, сваю місію», — кажа мэнэджар кампаніі «Годна», сяброўка Паўла Аліна Герашчанка.

Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак: Соф’ю і Мірона.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]