На мітынгу прысутнічалі каля 60 чалавек.
Каля беластоцкай ратушы рух «Маладыя дэмакраты» правялі мітынг «Беласток салідарны з Украінай» на знак пратэсту супраць ваеннага наступу Расеі на тэрыторыі паўднёвага суседа, паведамляе «Радыё Рацыя».
Акрамя ўкраінскай дыяспары і жыхароў Беластоку да акцыі далучылая і беларуская супольнасць, якую прывітаў дэпутат польскага Сейму Роберт Тышкевіч:
– Хачу сказаць наступнае: калі паглядзім на усход ад нашых граніц, на Украіне маем ваенную сітуацыю, але не забываем і пра Беларусь. Беларусь сёння пад расейскай акупацыяй. Каля 30-ці тысяч расейскіх вайскоўцаў засталіся пасля вучэнняў на Беларусі і не вярнуліся назад. Мусім памятаць пра нашых сяброў беларусаў, у якіх Пуцін таксама хоча адабраць незалежнасць. Таму выгукнем сёння: Жыве Беларусь!!!
Да агульнай салідарнасці і злучэння беларусаў, палякаў і украінцаў перад супольнай пагрозай заклікаў прадстаўнік гарадскіх уладаў Беластока, намеснік прэзідэнта Беластока Збігнеў Нікітаровіч:
– Дарагія сябры, я тут як жыхар горада, як прадстаўнік гарадскіх уладаў, як намеснік прэзідэнта горада Беластока. Беласток ёсць горадам агульным, тут мы маем беларускую нацыянальную меншасць, украінскую нацыянальную меншасць, таксама літоўцаў. Мы шматкультурны горад. Ад дзяржаўнай мяжы нас аддзяляе 40 кіламетраў. Там, на усходзе, некалькі гадоў ужо, адраджаецца імперыя зла, на чале якой стаіць Уладзімір Пуцін. Тая імперыя «бярэ пад свой бот» Беларусь. Зараз выцягвае рукі па незалежную Украіну.
Агулам на мітынгу прысутнічалі каля 60 чалавек. Удзельнікі пад сцягамі трох краін-суседак і Еўразвяза дзяліліся меркаваннямі па далейшай ваеннай сітуацыі ва Украіне і Беларусі, а таксама спявалі ўкраінскія песні.