Людзі слова проста не могуць заставацца па-за палітыкай.
Гэта з тэрыторыі Беларусі цяпер выпускаюць балістычныя ракеты ў бок Украіны, гэта пад Бабруйскам прызямляюцца ваенныя самалёты, гэта траса Брагін-Хойнікі ператварылася ва ўзлётную паласу для расійскіх верталётаў, гэта праз Гомель цягнуцца танкі ў бок мяжы нашых суседзяў.
Узброеныя сілы Украіны распавялі пра беларускі ўдзел у вайне:
"… Кіраванне і навядзенне авіяцыі ажыццяўляецца самалётамі тыпу A-50 з тэрыторыі Мінскай вобласці ў паветранай прасторы Беларусі і АР Крым.
Таксама вядома, што на беларускім аэрадроме ГОМЕЛЬ здзейснілі пасадку расейскія Іл-76 з дэсантнікамі на борце.
З-за пашкоджанні ўзлётнай паласы аэрадрома ГОСТОМЕЛЬ, праціўнік вырашыў рухацца сваім ходам з тэрыторыі Беларусі ў кірунку Гомель-Чарнігаў-Кіеў".
Гэты верш быў напісаны пяць гадоў таму, калі мы і ўявіць не маглі, куды прывядуць Беларусь салдафоны ва ўладзе. Але цяпер Беларусь уцягнутая ў крывавую вайну. Я адчуваю нянавісць, агіду і пагарду ў гэты нібыта "Год гістарычнай памяці", абвешчаны злачынным урадам. Няма ў іх ніякай памяці, нічаму іх не вучыць гісторыя.
І таксама лічу, што ў моманты, калі твая краіна ўдзельнічае ў забойствах і разбурэннях на тэрыторыі суседняй незалежнай краіны, людзі слова проста не могуць заставацца па-за палітыкай, проста не могуць маўчаць. Не маўчыце!
Мая Радзіма
Мы ўсе думалі, што ты жанчына
блакітнавокая, жытакосая, жыццядайная,
што ты даруеш усім
і ўсё цярпіш.
Мы думалі, ты амаль Багародзіца,
бо нарадзіла амаль богаабраны народ.
Гаротная, прыехала з цёмнай вёскі,
у палатняным клунку прывезла
сваю самаробную, з дрэва выразаную,
як ляльку, грубаватую для гарадскога
вуха мову.
Ты пакутавала тут, ніхто не лічыўся
з табою, ніхто не слухаў. Ад цябе,
пагарджанай, нават уласныя дзеці
адварочвалі свае чысцюткія твары. А ты
ўсё трывала, сціснуўшы зубы.
Бедная ты, бедная.
Але мы не заўважылі,
вочы ўперыўшы ў вершы,
пра цябе напісаныя,
як ты ашчэрылася,
як ты надзела штаны колеру хакі,
як нацягнула на свой голены чэрап
чорны шлем, як дамалявала сабе вусы.
Як ты ўзяла дручок,
быццам адрасціла стручок.
І цяпер махаеш ім перад нашымі вачыма,
каб ніхто не сумняваўся ў тваёй змененай
гендарнай ідэнтычнасці.
Каб усе ведалі, што ты трымаешся
за свае традыцыйныя каштоўнасці:
біць, глуміць, пагарджаць, нараджаць,
забіваць, забываць, ламаць, будаваць
са шкламеталу вялізны мур,
каб схаваць за ім наша цёмнае мінулае,
каб адгарадзіць нас
ад нашай цёмнай будучыні.
Ты закінула нас усіх на шалю вагаў,
і на другую шалю ўселася сама
ў бліскучай амуніцыі
з вадамётамі і бронетранспарцёрамі,
з танкамі, самалётамі, агнямётамі,
ваеннымі камбайнамі
і трактарамі-забойцамі.
Так усталёўваецца стабільнасць.
Так трымаецца раўнавага.
Бедныя мы, бедныя.
Але
Ці не смярдзяць твае ногі ў высокіх берцах?
Ці не свярбіць твой паголены чэрап пад каскай?
Ці не чхаеш ты ад пылу, гледзячы на нас
праз акенца танка?
Ці не баішся, што смерць усё роўна прыйдзе
цябе раздзець?
2017
Юлія Цімафеева, Facebook