Апошняе слова журналіста Алега Груздзіловіча на судзе.
2 сакавіка суд Савецкага раёна Мінска пачаў разгляд справы былога журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча. Яго абвінавачваюць у трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года і гвалту. Пракурор запатрабаваў пакараць Груздзіловіча тэрмінам у 1,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Адвакат Груздзіловіча на судзе заявіў, што лічыць абвінавачанне неабгрунтаваным, бо ў дзеяннях Груздзіловіча няма складу злачынства, і яму павінен быць вынесены апраўдальны прысуд. «Радыё Свабода» публікуе апошняе слова Алега Груздзіловіча ў судзе.
«Я шмат гадоў працаваў у журналістыцы. На «Радыё Свабода» я, сярод іншага, наведваў і асьвятляў розныя суды. І вельмі часта ў мяне ўзьнікала пытаньне: зьяўляецца справа палітычна матываванай ці не? І цяпер, каля я апынуўся з гэтага боку, у клетцы, не магу не сказаць, што маю справу ўсё ж трэба лічыць палітычнай. І тут ёсьць два складнікі.
Па-першае (і адвакат на гэта таксама зьвярнула ўвагу) — чаму ў маёй справе зьявіліся бел-чырвона-белы сьцяжок і маленькі вымпэл з «Пагоняй», якія не былі раней забароненыя? Я так разумею, толькі для таго, каб даказаць, што я зьяўляюся прыхільнікам іншых поглядаў. І значыць, мяне за гэта можна судзіць. Гэта адзін чыньнік.
Другі чыньнік: я запісаў слова, якое ўжыў у абвінавачаньні пракурор, — «падбухторваць» (па-расейску — «подстрекать»). Атрымліваецца, што журналісты «падбухторвалі» сытуацыю тым, што спрабавалі аб’ектыўна асьвятляць тое, што адбывалася на вуліцах. Але я з гэтым рашуча ня згодны — я лічу, што мая журналісцкая дзейнасьць зводзілася да таго, каб працаваць аб’ектыўна. Падбухторвалі, на мой погляд, якраз тыя, хто скажаў інфармацыю і даваў яе непраўдзіва.
Ва ўсіх эпізодах, якія тут разглядаліся, я выконваў рэдакцыйныя заданьні, спрабуючы разабрацца ў тым, што адбываецца насамрэч. І прыходзячы, напрыклад, на марш, я стараўся абысьці яго з усіх бакоў, каб аб’ектыўна ацаніць колькасьць прысутных, паглядзець, як працуюць сілы правапарадку, агрэсіўна ці не агрэсіўна паводзяць сябе дэманстранты, ці ёсьць там сутычкі, ці іх няма…. Усё гэта немагчыма аб’ектыўна зразумець, калі ты не знаходзісься хаця б побач з падзеямі. У гэтым, я лічу, і палягае праца журналіста. Калі я бачыў, як працуюць некаторыя калегі, напрыклад, зь дзяржаўных СМІ, спрабуючы даць ацэнку збоку, праз манітор — то гэта ня тая інфармацыя, якой можна паверыць, на маю думку.
І таму мне даводзілася быць там, дзе былі падзеі, назіраць за імі, рабіць фота, каб можна было потым паказаць і даказаць, як было папраўдзе. Гэта мая праца, якую я рабіў, і я ў прынцыпе не адмаўляюся ад яе.
Калі падсумаваць тое, што я назіраю зараз, што адбываецца са мной, што адбываецца зь іншымі людзьмі, а я на Валадарцы сустракаю шмат калегаў — журналістаў «Нашай Нівы», «Нашай гісторыі», Tut.by, БелаПАН, я там бачыў вядомых сацыёлягаў, філёзафа Мацкевіча і іншых… то гэта дазваляе мне зрабіць наступную выснову. Ідзе змаганьне ня проста са свабодай слова, а ідзе змаганьне са свабодай думкі. З магчымасьцю людзей думаць свабодна і выказваць свае думкі і погляды. Я з гэтым цалкам ня згодны!
Я думаю, што грамадзтва, калі яно змагаецца з думкамі, вяртаецца ў некія старыя часы. Мне гэта нагадвае канец 80-х, калі мне, тады карэспандэнту «Знамя юности», даводзілася ў размовах з рэдактарам даказваць, што мы мусім паведамляць пра розныя акцыі, напрыклад, пра суботнік у Курапатах, ці іншыя падзеі, якія афіцыйна ніяк не асьвятляліся. Тады гэта рабілася з той самай мэтай — не даваць інфармацыю людзям, каб яны ня думалі аб свабодзе і іншых шляхах разьвіцьця. Вось мы туды зараз і вяртаемся — на шмат гадоў таму.
З свайго досьведу журналісцкай працы ў судах я ведаю, што звычайна ў такіх абставінах прынята аб нечым прасіць суд. Я ня буду нічога прасіць у суду. Я думаю, што суд сам прыме рашэньне. Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч, які выступаў тут раней, казаў, што ён спадзяецца на справядлівае рашэньне, я зь ім згодны.
Але ўсё ж у мяне ёсьць маленькая просьба. Я б хацеў, каб суд прыняў рашэньне вярнуць мне той маленькі вымпэл з «Пагоняй», які ў мяне забралі. Рэч у тым, што гэты вымпел я набыў больш за 20 гадоў таму, калі «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг былі афіцыйнымі, і я абяцаў свайму ўнуку аддаць яго на памяць. І я хацеў бы выканаць сваё абяцаньне. Дзякуй!»
Вырак у справе Алега Груздзіловіча чакаецца 3 лютага а 12.00.