У Беларусі пачаўся Антываенны Рух.
Святлана Ціханоўская запісала відэазварот да народа Украіны і прэзідэнта Зяленскага. Зварот — па-беларуску і з канкрэтным пасланнем, што ўдзел беларусаў у вайне супраць украінцаў — воля не беларускага народа, а рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе «Наша Нiва».
«Мы захапляемся вамі, дарагія ўкраінцы і спадар прэзідэнт. Вашыя дзеянні — гэта ўзор адзінства кіраўніцтва дзяржавы і ўсёй нацыі. Мы ж, беларусы — супраць рэжыму, які ўжо здаў частку суверэнітэту нашай краіны, каб стаць часткай агрэсіі да вашай краіны.
У атмасферы страху дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы з пратэстам пасля татальнай зачысткі грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя. 900 чалавек было затрымана за два дні. Усе яны разумелі, на што ідуць.
У Беларусі пачаўся Антываенны Рух.
• Людзі ўнутры краіны выводзяць са строю шляхі падыходу ваеннай тэхнікі.
• Беларусы замежжа збіраюцца да вас на фронт, дапамагаюць бежанцам і займаюцца пастаўкамі экіпіроўкі і медыкаментаў.
• Беларусы Украіны ідуць у валанцёры, дапамагаюць тэрытарыяльнай абароне.
• Беларускія маці пераконваюць вайскоўцаў не ісці на вайну — і ў іх пачынае атрымлівацца.
• Беларусы фармуюць нацыянальны корпус з добраахвотнікаў і вайскоўцаў, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады Лукашэнкі. Такіх беларусаў усё больш, і яны — вашыя саюзнікі. Цяпер і назаўсёды».