Дэпутат Вярхоўнай Рады пра адказнасьць за вайну.
Дэпутат Вярхоўнай Рады, кіраўнік міжфракцыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка тлумачыць «Радыё Свабода», чаму для ўкраінцаў сьвет падзяліўся на чорнае і белае і яны папракаюць беларусаў. Дэпутат лічыць, што «ўваходжаньне ў вайну Беларусі — гэта ўжо трэцяя сусьветная вайна».
«Фармальна Беларусь ужо ў вайне»
— Вы пасьлядоўны і шматгадовы сябар і прыхільнік дэмакратычнай Беларусі. Як вы лічыце, якая на гэты момант імавернасьць уваходжаньня беларускіх вайскоўцаў у вайну Расеі супраць Украіны на ўкраінскай тэрыторыі?
— Думаю, што яна большая за 50%. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца. Лукашэнка ў поўнай залежнасьці ад Пуціна, расейскія войскі ўжо акупавалі Беларусь. На якой падставе яны там знаходзяцца пасьля 20 лютага? Гэта акупацыя, яна ўжо адбылася. Лукашэнка не прэзыдэнт, а намесьнік. Фармальна Беларусь ужо ў вайне, яна дала сваю тэрыторыю, па ёй праходзяць войскі. Калі далей у Пуціна будзе ўсё гэтак жа дрэнна ісьці ва Ўкраіне (а будзе дрэнна), то ён захоча і беларусаў кінуць у гэтую мясарубку.
— Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Украіны Аляксей Арастовіч у эфіры Свабоды Premium заклікаў беларускіх вайскоўцаў, калі ім дадуць загад ваяваць супраць Украіны, сабатаваць злачынныя загады. Ён таксама гаварыў пра падтрымку і гарантыі, якія дасьць украінская дзяржава, калі яны пяройдуць на бок Украіны. Карыстаючыся магчымасьцю нашага эфіру, што б вы сказалі беларускім салдатам і афіцэрам?
— Беларускія салдаты і афіцэры, гэта ня ваша вайна. Украіна ніколі не нападала на Беларусь. Навошта вам гінуць, забіваючы сваіх украінскіх братоў? Не выконвайце злачынных загадаў нелегітымнага прэзыдэнта Лукашэнкі, вы цудоўна ведаеце, што яго ніхто не выбіраў. Сабатуйце загад аб пераходзе мяжы Ўкраіны. Уцякайце з частак, рабіце самастрэлы — вам лепей відаць, што рабіць. Калі пяройдзеце мяжу, здавайцеся, пераходзьце на бок Украіны. У нас ёсьць дамоўленасьці з краінамі ЭЗ, ёсьць праграмы, паводле якіх мы вас адправім у краіны ЭЗ нават з пад’ёмнымі грашыма. Але, як толькі вы дакраняцеся да курка, вы ператворыцеся ў кавалак мяса ў чорным цэляфанавым пакеце, які прыедзе да вас дадому.
«Дык і так ёсьць ахвяры, а калі цяпер беларусаў адправяць у гэтую мясарубку, ахвяры будуць велізарныя»
— Ці няма ў вас уражаньня, што некаму хочацца пасварыць беларусаў і ўкраінцаў, калі ў сацыяльных сетках зьяўляюцца папрокі і абвінавачаньні беларусам, чаму яны не прыбралі Лукашэнку, чаму не спынілі расейскага войска?
— Некаму непрыемна чуць, а ў нас тут дзяцей забіваюць, абстрэльваюць радзільні, шпіталі. Паводле МНС, звыш 2 тысяч цывільных асобаў загінулі менш чым за тыдзень. Для нас сьвет падзяліўся на белае і чорнае. Для нас ёсьць тыя, хто нам дапамагае, і тыя, хто супраць нас ваюе. Сёньня Беларусь супраць нас ваюе так ці інакш. На жаль, гэта так.
Нехта гаворыць, што «я не падтрымліваю Лукашэнку і не нясу адказнасьці». На жаль, несяце. Гэта пры вас ён гадамі трымаўся ва ўладзе, і, калі была магчымасьць, трэба было яго жорстка «зносіць». Мне кажуць, што былі б ахвяры. Дык і так ёсьць ахвяры, а калі цяпер беларусаў адправяць у гэтую мясарубку, ахвяры будуць велізарныя. Яны будуць нашмат большыя, чым былі б, калі б Лукашэнку тады «зьнесьлі».
Я вельмі люблю беларусаў і Беларусь, у мяне ёсьць беларускія карані. Я разумею эмоцыі людзей. Мне пішуць, што вось мы ж не вінаватыя. Я разумею, што многія людзі не вінаватыя. У той жа час зразумейце і ўкраінцаў. Нам вельмі балюча, і мы не разумеем. Мы ж нічога дрэннага не рабілі беларусам ніколі. Таму вельмі складана зразумець, што адбываецца.
Чаму вайсковыя часткі павінны падпарадкоўвацца злачыннаму загаду? Нават у Расеі ёсьць часткі, якія адмаўляюцца ісьці ваяваць з Украінай. Чаму ў Беларусі гэта немагчыма? Чаму беларусы лічаць сябе поўнымі закладнікамі, рабамі Аляксандра Лукашэнкі і ён можа рабіць зь імі ўсё што захоча? І я б не сказаў, што тут няма ніякай адказнасьці.
— І як у такой складанай сытуацыі беларусам і ўкраінцам ня стаць ворагамі?
— Ня ўдзельнічаць у гэтай вайне. Самае слушнае — зрынуць Лукашэнку. Ня можаце гэтага зрабіць — ня ўдзельнічайце ў гэтай вайне. Выяжджайце зь Беларусі, далучайцеся да Ўкраіны. У складзе палка «Азоў» ваюе беларуская рота. Мы будзем рады бачыць і іншых беларусаў, якія далучаюцца і ваююць за нашу і вашу свабоду.
«Кантынэнт проста вяртаецца ў стан 1939 году»
— Сёлета ў студзені вы заклікалі генэральнага сакратара Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы стварыць адмысловую групу ў пытаньнях Беларусі. Як вам здаецца, калі б увага сьвету, у тым ліку і Ўкраіны, да палітычнага і гуманітарнага крызісу ў Беларусі апошнія два гады была большай і больш дзейснай, ці можна было б перадухіліць выкарыстаньне беларускай тэрыторыі Расеяй для нападу на Ўкраіну? Хаця ясна, што гэта справа саміх беларусаў.
— Толькі беларусы маглі б гэта зрабіць. Я, як мог, імкнуўся дапамагчы беларусам ва ўкраінскім парлямэнце, падымаў пытаньні ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. На жаль, у ПАРЭ да апошніх падзеяў быў вельмі моцны расейскі ўплыў, практычна ўсе ініцыятывы блякавалі. Цяпер сытуацыя зьмянілася ў выніку экстраардынарных падзеяў.
Кантынэнт проста вяртаецца ў стан 1939 году, вялікая вайна на кантынэнце. Я не хачу быць дрэнным прагназістам, але фактычна ўваход у вайну Беларусі — гэта ўжо сусьветная вайна, вайна ня дзьвюх, а трох краінаў. А далей? Мы чуем агрэсіўныя заявы Лаўрова, Мядзьведзева, Пуціна пра ядзерную зброю... Прайшоў так званы рэфэрэндум у Беларусі, і краіна ўжо ня мае безьядзернага статусу, і ядзерную зброю разьмесьцяць на тэрыторыі Беларусі.
Усё ідзе да вельмі дрэннага сцэнару. Я не кажу, што ён абавязкова адбудзецца, але, на жаль, на нашых вачах усё нарастае. Калі нехта думае, што страшна выйсьці, паверце мне, потым будзе нашмат страшней. Толькі тады вы нічога ня зможаце зрабіць. Пакуль яшчэ можаце рабіць — рабіце.
«Раней мне здавалася, што Беларусь і Ўкраіна — ключ да зьменаў у Расеі»
— Вы шмат гадоў займаецеся беларускай тэмай. Чаму для вас гэта важна? Што вас зьвязвае зь Беларусьсю?
— Я веру, што Беларусь і Ўкраіна — эўрапейскія народы, яны маюць права быць у эўрапейскай сям’і народаў. Раней мне здавалася (цяпер ужо ня ведаю), што Беларусь і Ўкраіна — ключ да зьменаў у Расеі. Чаму Пуцін так ненавідзіць Украіну? Падчас вайны мінімальны заробак ва Ўкраіне — 220 даляраў, а ў Расеі — 90 даляраў. Пры тым, што несупастаўныя прыродныя рэсурсы і ўсё астатняе. Пасьпяховая Ўкраіна для Пуціна — страшны сон.
Украіна і Беларусь — дзьве гістарычна і культурна самыя блізкія краіны для Расеі. Цяпер, гледзячы на рэакцыю расейцаў на гэтую вайну, я ў гэтым не перакананы. Мне здаецца, што з расейцамі можна рабіць усё што заўгодна. Я гляджу на іхных салдатаў, якіх сюды адпраўляюць з пайкамі, тэрмін прыдатнасьці якіх скончыўся ў 2015 годзе. Яны ядуць гэта, сядзяць у лясах, гатовыя заходзіць кудысьці і страляць. Праўда, адразу ж у палон здаюцца, бо баявога духу ў іх нуль. Але сам факт таго, што зь імі такое робяць...
Ужо пайшлі труны ў Расею, і пакуль я ня бачу вялікага ўсплёску абурэньня. Выходзяць людзі ў Пецярбургу і Маскве, але гэта ўсё ў даволі абмежаваных маштабах. Прабачце, але нешта рабскае ёсьць у гэтым народзе...
— А як вы ацэньваеце рэакцыю беларусаў на вайну ва Ўкраіне, антываенныя пратэсты, вялікую колькасьць затрыманых…
— Мы ўдзячныя кожнаму чалавеку, які заяўляе сваю пазыцыю, які выходзіць на вуліцу, нешта піша, даносіць праўду пра тое, што адбываецца. Бо тое, што падае расейская прапаганда, на галаву не налазіць. Мы ўдзячныя гэтым людзям, але гэта ўсё нейкія эпізоды, а дзяржаўны карабель усё так жа плыве ў тым жа ваенным кірунку, працягвае дапамагаць Расеі, і высокая імавернасьць таго, што ўступіць у вайну.
— Ці вядома вам, як шмат беларусаў розных прафэсій і ўзростаў цяпер змагаюцца за Ўкраіну як са зброяй у руках, так і са скальпэлем, у валянтэрскіх і іншых ініцыятывах?
— Я ведаю вельмі шмат беларусаў, кантактую зь імі ў рамках дзейнасьці парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь». Мы ўдзячныя ўсім. Сёньня больш за тысячу добраахвотнікаў прыехалі ва Ўкраіну з розных краінаў сьвету, сярод іх ёсьць беларусы. Удзячныя кожнаму зь іх. І мы разумеем цудоўна, што не беларусы ініцыятары ўсяго гэтага. Вы пыталіся, чаму ў нас рэзкая рэакцыя. Яна такая, бо сытуацыя вельмі рэзкая. «Мы ўсё разумеем», а ў нас страляюць. Так гэта не працуе.