Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Хто такі беларус Ільля «Літвін», які загінуў за Ўкраіну

04.03.2022 политика
Хто такі беларус Ільля «Літвін», які загінуў за Ўкраіну

Герой вырас у менскай Лошыцы ў шматдзетнай сям’і.

Першым беларусам, які загінуў сёлета ў вайне ва Ўкраіне, стаў 27-гадовы Ільля, пазыўны «Літвін», зь беларускай роты тэрытарыяльнай абароны. Ільлю паранілі ў баях за Бучу, зрабілі апэрацыю, але гэта не дапамагло. 4 сакавіка беларус памёр, перадае «Радыё Свабода».

Прозьвішча Ільлі — Хрэнаў. Ён мянчук, вырас у Лошыцы ў шматдзетнай сям’і. Вучыўся ў аўтамэханічным каледжы, пасьля ўладкаваўся працаваць на МАЗ.

У каледжы Ільля пасябраваў з аднагрупнікам Арцёмам «Гротам» Кузьмічом. Разам хлопцы займаліся ў мацоўні, заўзелі за менскае «Дынама». Хоць сапраўднымі футбольнымі фанатамі не былі, кажа Арцём. Разам жа рушылі ва Ўкраіну.

«Ды насамрэч ужо тады ўсё разумелі. Мы з Іллём, 18-гадовыя пацаны, у красавіку 2014 году сустрэлі аднаго вядомага апазыцыйнага палітыка, пыталіся, што рабіць, бо мы гатовыя дзейнічаць радыкальна, гатовыя ламаць рэжым. Ён адказаў, што ў Беларусі вы толькі сядзеце ў турму ці памраце, а калі вы хочаце свабоды для Беларусі, то едзьце ва Ўкраіну, там наш фронт. Мы тады разумелі, што свабода Беларусі і Расеі будзе вырашацца ва Ўкраіне», — кажа Арцём «Грот».

Ва Ўкраіну, апавядае Арцём, яны трапілі з прыгодамі, бо футбольных фанатаў ня дужа хацелі выпускаць за мяжу. У той момант батальён «Азоў» толькі фармаваўся. Хлопцы трапілі ў выведку «Азова».

«Мы разам удзельнічалі ўва ўсіх вядомых апэрацыях — Ілавайск, Марыінка, Шырокіна. Потым зноў жа разам сталі інструктарамі «Азова», — расказвае Арцём. Сам «Грот» на вайне страціў нагу, але гэта не перашкодзіла яму стаць летась пераможцам усеўкраінскага конкурсу ў джыў-джыцу.

Апошнімі гадамі шляхі Арцёма і Ільлі троху разышліся.

«Калі вайна перайшла ў статус замарожанай, то Ільля пайшоў са службы, жыў цывільным жыцьцём. Прайшоў курсы праграмістаў, стаў працаваць у сфэры ІТ, нармальна зарабляў. Жыў у Браварах пад Кіевам, ажаніўся», — кажа баявы таварыш.

Чаму Ільля стаў «Літвінам»? «Грот» адказвае, што асаблівай гісторыі тут няма: «Ён маленькага росту, то мы ўсе яго доўга называлі „Ілюша“, а пазыўны „Літвін“ зьявіўся пазьней, калі ён прайшоў празь нейкі пэрыяд вайны. Непрыгожа ваяра называць такім памяншальна-ласкавым імем».

У кнізе «Беларускі Данбас» Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша апісваецца гісторыя, што пра ўдзел у вайне ва Ўкраіне бацькі «Літвіна» дазналіся празь паўтара года.

«Ільля доўга казаў, што ён на заробках у Маскве. І толькі потым запрасіў да сябе ў Кіеў бацьку, дзе ўсё расказаў. «Першай рэакцыяй таты было: „Ня дай бог ты ў „Азове“ ваюеш“, бо ён глядзеў расейскае тэлебачаньне, у гэтым уся рэч. Я яму ўключыў украінскае тэлебачаньне, пасьля гэтага ён так не казаў. Калі шчыра, то я нават не магу сказаць дакладна, за каго мае бацькі», — такі ўрывак ёсьць у кнізе «Беларускі Данбас».

Калі 24 лютага Расея напала на Ўкраіну, Ільля «Літвін» быў першым зь беларускіх добраахвотнікаў, хто запісаў відэа з заклікам абараняць Украіну.

«Ільля быў з тых хлопцаў, якія разумелі: калі табе кідаюць выклік, то трэба хутка ўступаць у бой», — характарызуе свайго сябра Арцём «Грот».

«Я ніколі не панікаваў, страху сьмерці ў мяне не было. За гэта мяне і „Грота“ цанілі», — казаў Ільля ў ранейшых інтэрвію.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]