Дух у Чарнігаве вельмі баявы.
На сувязі з Радыё Рацыя – жыхарка Чарнігава – спадарыня Вольга.
- Ці зараз Вы знаходзіцеся ў бяспечным месцы?
Вольга: Гэта адносня бяспечнае месца. У мяне старэнькая маці і я не магу хаваць яе па падвалах – яна проста гэтага не вытрымае. Мы зрабілі сабе “бункер”, як змаглі, паміж дзьвюма нясучымі сценамі. І там мы ўтрох. З намі яшчэ мой брат. Вельмі нязручна. Спім у шапках, каб зберагчы галаву.
- З раніцы з’явілася інфармацыя, што сёння ў Чарнігаве падчас бамбардавання загінула шмат людзей: 38 мужчын і 9 жанчын.
- Так, 47 чалавек загінулі падчас бамбардавання вялікага мікрараёну. На жаль, у людзей, якіх дасталі з-пад завалаў, не было шанцаў выжыць. Аднак гэтага варвара знішчыў наш цывільны ў вайсковым запасе чалавек. І калі расстралялі самалёт, пілот варожы, катапультаваўся. Аднак нашая хлебасольная ўкраінская зямелька яго прыняла так, што ён разбіўся, загінуў. Наша зямля дала яму такі адказ.
- Як выглядае сёння жыццё ў вашым горадзе?
- У нас адна доўгая-доўгая паветраная трывога. Максімальны перапынак паміж трывогамі сёння быў дзесьці 20 хвілін. То перадыхнуць, прыгатаваць ежу, не паспяваеш.
- Але можна сказаць, што Чарнігаў яшчэ абараняецца?
- Чарнігаў вельмі добра абараняецца. У нас вельмі моцная тэрытарыяльная абарона. Багата Узброеных сіл Украіны кінута на Чарнігаў. Мы верым у свае Узброеныя сілы, у сваіх мужных абаронцаў, у тэрабарону. Каб вы толькі бачылі наш дух на абарону роднага краю! Колькі людзі для гэтага робяць. Мы гатуем салдатам ежу, у мірны час гэта былі кавярні-рэстараны, а зараз проста цэнтры, якія 24 гадзіны гатуюць ежу нашым абаронцам. І я, і суседзі, сябры, усе мы, якая ёсць каша, бульба, боршч, мы ўсё гэта пакуем, прыязджаюць мікрааўтобусы, і нашым абаронцам на лінію фронту мы перадаем. Дух у Чарнігаве вельмі баявы!
- Вельмі блізка ад Чарнігава беларуская мяжа. Ці ідуць атакі з гэтага боку?
- Тая інфармацыя, якая падаецца нам праз радыё, тэлеграм-каналы, гэта што беларусы-лукашысты зайшлі на тэрыторыю Чарнігаўшчыны, аднак далей беларусы ісці не хочуць. Яны не хочуць ваяваць супраць нас. Аднак, яны не вяртаюцца, а стаяць на месцы. І яшчэ хачу сказаць пра добраахвотніцкія батальёны Беларусі. Сёння, на жаль, за абарону Украіны загінуў адзін з беларускіх дабравольцаў Ілля “Літвін”.
- Спакайней днём ці ноччу ў горадзе?
- Уначы. Днём яны актывізуюцца, і самы такі страшны час для нас – гэта дзесьці пасля абеду. Зараз я з вамі размаўляю, а ў мяне за вакном “грады” гасяць. Аднак не было паветранай трывогі зараз. Мы ўжо навучыліся адрозніваць як “грады” гасяць, як “ураганы”, як іншыя ўстаноўкі. Зараз яны страляюць з захаду.
- Трымайцеся. Сілы Вам!
- Я хачу сказаць словы ўдзячнасці ўсім людзям добрай волі – хто на нашым баку – беларусам, палякам, літоўцам! Для нас гэта вельмі важна!