Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Беларускі спорт спыняе існаваньне»

06.03.2022 спорт
«Беларускі спорт спыняе існаваньне»

Што будзе зь беларускімі спартоўцамі пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне?

Ад пачатку вайны ва Ўкраіне расейскія і беларускія спартоўцы аказаліся перад новым выклікам, зь якім раней не сутыкаліся. Многія міжнародныя фэдэрацыі адмаўляюць атлетам з гэтых краін у выступленьні на міжнародных спаборніцтвах, перадае «Радыё Свабода».

Футбаліст зборнай: «Ідзе генацыд украінскага народу»

Напрыклад, зборныя Беларусі і Расеі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў чэмпіянатах па сьвету па хакеі. Ня змогуць выступаць у эўрапейскіх клюбных турнірах беларускія каманды па гандболе і баскетболе. А вось футбалістаў пакуль не дыскваліфікавалі, але дазволілі праводзіць матчы толькі на нэўтральных палях і без заўзятараў.

Ня ўдзельнічаюць беларускія спартсмэны і ў Паралімпіядзе, якая гэтымі днямі праходзіць у Кітаі.

Самі спартсмэны падзяліліся ў сваіх меркаваньнях. Напрыклад, футбаліст зборнай Беларусі і ўкраінскага «Коласа» Мікалай Золатаў напісаў наступнае: «Ідзе генацыд украінскага народу. Калі вы лічыце, што Пуцін мае рацыю, то тады і Гітлер меў рацыю. Я веру ў людзей, веру ва Ўкраіну».

Іншы гулец зборнай Юрый Кендыш, які выступае ў Латвіі, выказаўся так пра забароны на выступы спартсмэнаў: «Калі твая краіна ўдзельнічае ў вайне, то ўсе павінны несьці адказнасьць». Ён выказаў захапленьне дзеяньнямі ўкраінскага боку.

Пры гэтым большасьць беларускіх спартоўцаў захоўвае маўчаньне.

Апейкін: «Увесь беларускі спорт, як і расейскі будзе пад санкцыямі»

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін кажа, што вялікага спорту ў Беларусі болей ня будзе, пакуль існуе гэтая ўлада.

«Беларускі спорт стаў ня тое, што ізгоем, ён проста спыняе сваё існаваньне. Магчыма, будуць нейкі міжведамасныя спаборніцтвы, але міжнародных ужо ня будзе. Цяпер троху мітусьня, але ўвесь беларускі спорт, як і расейскі, будзе пад санкцыямі, — гэта пытаньне часу», — лічыць Апейкін.

На ягоную думку, дыскваліфікацыі атлетаў зьяўляюцца цалкам справядлівымі.

«Ёсьць такое паняцьце як калектыўная адказнасьць. Калі людзі не выступаюць супраць парушэньняў міжнароднага права, злачынстваў супраць чалавецтва, то яны павінны несьці адказнасьць за гэта. У беларускім спорце рэпрэсіі пачаліся яшчэ пасьля 2020 году, але падпісанты праўладнага пісьма нічога не выказвалі супраць, іх усё задавальняла. Заслужылі тое, што заслужылі».

Тым ня менш, Апейкін кажа, што Фонд спартовай салідарнасьці будзе рабіць усё магчымае, каб атлеты з альтэрнатыўнымі ад дзяржаўных поглядамі працягнулі свае выступленьні, менавіта ў гэтым ён бачыць галоўную задачу на сёньня.

«Спорт па-за палітыкай, але не па-за здаровым сэнсам. Расейскі гімнаст выйшаў на спаборніцтвы зь літарай Z на форме. Гэта вельмі сур’ёзны кейс, каб адхіліць спартоўцаў цалкам. Фактычна гэта акцыя ў падтрымку фашыстоўскіх дзеяньняў. Нейкія падобныя крокі могуць рабіць і беларускія атлеты. Думаю, што адхіляць і ў футболе. Гэта пытаньне некалькі месяцаў. Беларусь — краіна-агрэсар, усе гэта разумеюць» — лічыць Апейкін.

Ён называе дадзеныя дыскваліфікацыі «цаной за ўласнае маўчаньне».

«Ніхто ў гэтым, апроч саміх спартсмэнаў, не вінаваты. Калі б яны выказвалі пазыцыю супраць рэжыму, то можна было б зрабіць шмат выключэньняў, але яны прамаўчалі. У мяне няма больш да іх пытаньняў, мне не шкада, што ў іх спыняцца кар’еры. У кожнага быў выбар. Вы падпісаліся за ўладу, то атрымлівайце ўсе выгоды. 90% пры гэтым нават не разумелі, што падпісвалі, падпісвалі за прэмію ў 200 рублёў, не думаючы пра будучыню і сваю рэпутацыю».

Аляксандар Апейкін кажа, што апошнімі днямі да яго зьвярнулася каля 30 падпісантаў праўладанага ліста спартоўцаў, якія пыталіся як выехаць з краіны. Фонда спартыўнай салідарнасьці такой дапамогі не аказвае.

Славуты беларускі лыжнік, удзельнік шасьці Алімпійскіх гульняў Сяргей Далідовіч у пачатку 2022 году быў вымушаны пакінуць Беларусь. Ягоную дачку Дар’ю адхілілі ад спаборніцтваў за нацыянальную каманду. Сам Далідовіч перакананы, што гэта было зроблена з палітычных прычын, бо ён не хаваў сваю грамадзянскую пазыцыю.

Цяпер бацька з дачкой у Польшчы, трэніруюцца ў Татрах. Дар’я рыхтуецца выступаць у біятлёне, бо для гэтага ёй не патрэбен дазвол ад Беларускай фэдэрацыі лыжных гонак. Далідовічамі ў Польшчы апякуецца славутая біятляністка Юстына Кавальчык.

Дар’я запісалася ў валянтэры, сустракае ў Варшаве ўкраінскіх уцекачоў, аказвае ім дапамогу, каб яны маглі абжыцца ў Польшчы.

Сяргей Далідовіч лічыць дыскваліфікацыю беларускіх атлетаў справядлівай.

«Калі глядзець на тую сытуацыю, якая цяпер ва Ўкраіне, і ўспомніць, што ледзьве не палова нашых спартоўцаў маюць дачыненьне да сілавых структур, то я лічу гэта справядлівым. Усё часьцей чутна, што спорт ня можа заставацца ўбаку ад палітыкі. Калі б спыталі ў мяне асабіста, то я б падтрымаў дыскваліфікацыю».

Далідовіч уражаны тым, што сярод расейскіх атлетаў фактычна ніхто не выказаўся супраць агрэсіі ў дачыненьні Ўкраіны.

«Хто маўчаў — той маўчыць, хто не маўчаў — той гаворыць. Найперш ты не спартсмэн, а грамадзянін. Бо што такое спорт? Сёньня ты выступаеш, а заўтра табе надавалі кухталёў пад дупу і выкінулі са спаборніцтваў.

Я размаўляю з расейскімі спартсмэнамі, яны не разумеюць абсалютна таго, што адбываецца. Мае расейскія калегі ўсе ў пагонах — Расгвардыя, ФСБ і іншыя структуры. Ведаю выпадкі, калі ім сказалі ехаць ва Ўкраіну, то сталі пісаць рапарты аб звальненьні. Хопіць езьдзіць — сядзіце на пячы і пячыце калачы. Адназначна, цяпер беларускі спорт — ізгоі. Яны яшчэ не разумеюць, што адбылося. Дай бог, дойдзе да іх летам», — кажа Сяргей Далідовіч.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]