Лукашэнку ёсць толькі адно месца ― перад судом і ў камеры.
Вось і яна ― смерць-вайна. Загрукала ва ўкраінскія дамы, сэрцы, душы. Свістам бомб, снарадаў, гукам сірэн і аўтаматных чэргаў. Загаласіла плачам, слязамі, роспаччу ўкраінскага народа і чалавечага роду. Сплывае крывёй, духоўнымі і матэрыяльнымі ранамі. Памаленьку падпальвае ўвесь свет. Успыхнула сваёй бязлітаснасцю з паветра, зямлі, вады і нетраў дыктатараў-псіхапатаў. Пад пагрозай ад іх шаленства ўжо не толькі ўкраінскі свет. Тым нелюдзям увесь мір становіцца ўяўляльным для знішчэння сваімі атамнымі цацкамі! Усё жывое і зямное могуць сцерці ў пыл у імя свайго палітычнага дзеяння і псіхічнай хваробы ― нянавісці. А ўсё ў чаканні сваіх бясконцых трыумфаў і парад. Няважна чыім і якім атрымліваецца гэта коштам.Таму для дыктатараў без розніцы хто апынецца ў заложніках ― свае народы, потым суседзі, а затым і ўсё чалавецтва.
Толькі дзеля Бога ім яшчэ не замахнуцца твар у твар, бо ж у космасе няма канкрэтнага адрасу, па якім можна запусціць сваю супертайную міжгалактычную зброю, бо міжкантынентальнай могуць без сумненняў пакончыць з Зямлёй. А наш Усявышні на шчасце не бачны і не чутны ва ўсіх дыктатарскіх касмічных і зямных праслушках і спадарожнікавых назіранках. Мо таму ў дыктатараў пачынае занікаць пачуццё звычайнай прыстойнасці, адказнасці і боязі перад судом чалавечым і нават Божым. Бо ж чаму не магу я ― зямны цар-уладар паслаць касмічнай ракеты з супердэсантнікамі, каб і ўзяць у палон «быццам» таго, стваральніка Сусвету і сапраўднага і адзінага Гаспадара нашых жыццяў і смерцяў? На жаль, так бывае, што многія, найбольш фантастычныя літаратурныя ці фільмавыя сцэнарыі наконт войнаў, злачынстваў, эпідэмій з гадамі раптам становяцца стыхійнай натуральнасцю, або адаптуюцца на патрэбы дзяржаўна-мілітарысцкіх гонак, ці лідараў сусветных фінансавых, медычных і сучасных медыяльных тэхналогій-карпарацый. Як бачым тут і зараз на Украіне атамныя электрастанцыі пачынаюць пападаць у палон расейцаў. Аказваецца, што быў гэта адзін з важнейшых, стратэгічных напрамкаў спецаперацыі крамлёўскіх акупантаў.
Вось і такая патэнцыйная зброя знаходзіцца ў руках Пуціна і на беларускай зямлі. Атамная электрастанцыя ў Астраўцы гэта на сённяшні дзень не рэальная, энергетычная бяспека беларускаму народу, але чарговая, ядзерная кнопка, пры дапамозе якой можна шантажаваць Еўропу, асабліва на паўночна-скандынаўскім напрамку. Самае страшнае, што такое можа здарыцца зараз, бо, як відаць, дыктатарам могуць не задрыжэць рукі і ўздрыгануць сумленні перад такімі рашэннямі. Тактыка спаленай зямлі ў час папярэдніх, сусветных войнаў ― балючая справа ў гэтай частцы свету. Бежанства для ўсіх беларусаў у нашым генетычным алфавіце, на жаль, занадта частая, лабавая сустрэча з гісторыяй.
Зараз тут пра Пуціна, але дыктатар Лукашэнка ― ад моманту прыходу да ўлады па сённяшні дзень ― за самы галоўны абавязак перад сваім крамлёўскімі ўладарамі мае, бы тая атамная зброя, выпальваць усё беларускае з духу, роду і палітыкі на беларускай зямлі. І за гэты генацыд зроблены нашаму народу Аляксандру Рыгоравічу ёсць у будучыні толькі адно месца ― перад судом і ў камеры. Становячыся рэальным, мілітарным хаўруснікам Масквы ў вайне з Украінай, ён цяпер і міжнародны злачынец. У гэты момант над краінай Беларусь і яе народам з-за страхапудлівага дыктатара павісла неўяўляльная небяспека. А маральную адказнасць за ўсе яго цяперашнія злачынствы мусяць браць на свае плечы і душы самі беларусы.
У вайны няма адназначнага аблічча ― жаночага, мужчынскага, бежанскага, дзіцячага…. Цярпенне і чалавечая драма ― гэта маўклівы, ці выкрычаны боль тых, каго яна закранула. Тут, на жаль, у большасці ахвяры і бездапаможна прайграныя. Таму яны з намі і нашымі снамі ― чэрапамі і раскінутымі магіламі. З крыжамі, ці без іх. Вайна бязлітасная для ўсіх ― для расейскіх маці зараз таксама. Уладзімір Някляеў днямі напісаў такія радкі:
О, Русь! Ты почему не содрогаешься,
Когда у сына спрашивает мать:
«Сынок, ты хоть за Родину сражаешься?..»
А он не знает, что в ответ сказать.
… О, Беларусь! Какое чудо!
Сосуд хрустальный! Райскій сад!…
И из хрустального сосуда
Ракеты к Киеву летят.
Нам не маўчаць. Не ― вайне!
Яўген Вапа, «Радыё Рацыя»