Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Легенду Віцебска» арыштавалі на 20 сутак

22.03.2022 политика
«Легенду Віцебска» арыштавалі на 20 сутак

За што?

Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер быў затрыманы сілавікамі 15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі. Хамайду удалося паведаміць пра сваё затрыманне, але потым сувязь з ім перарвалася.

Пазней праваабаронцы высветлілі, што Барыс Ханонавіч Хамайдa быў асуджаны паводле артыкула 24.23 КаАП за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. Прычынай стала жоўта-блакітная стужка – у колерах дзяржаўнага сцяга Украіны.

У выніку 74-гадовага віцябляніна пакаралі адміністрацыйным арыштам на 20 сутак. Сябрам удалося перадаць яму ў ізалятар неабходныя рэчы, перадае «Народная воля».

Барыса Хамайду называюць легендай Віцебска. З 1997 года ў самым цэнтры горада ён распаўсюджваў незалежныя газеты, улёткі, бел-чырвона-белыя сцягі, герб «Пагоня». За правядзенне несанкцыянаваных пікетаў яго безліч разоў затрымлівалі, судзілі, штрафавалі.

Барыс Хамайда і яго «выспа свабоды» ў цэнтры Віцебска даўно сталі гарадской славутасцю. «Працоўнае месца» распаўсюджвальніка аздаблялі бел-чырвона-белы парасон і вышыванкі. Усё гэта было канфіскавана цягам мінулага года. Але сам Хамайда сказаў, што не пакіне гэтае месца, нават калі ў яго канфіскуюць усё да рэшты: ён будзе прыходзіць сюды з раскладным крэслам і проста размаўляць з людзьмі.

І вось 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, ён вырашыў публічна выказаць салідарнасць з Украінай, адкрыта выступіць супраць вайны. Спадар Хамайда лічыць варварствам абстрэл мірных гарадоў. Скажыце: ці ж трэба цягнуць у кутузку чалавека, які спачувае гору, якое прыйшло на братнюю ўкраінскую зямлю? Нават Аляксандр Лукашэнка ўжо афіцыйна прызнаў, што за такое караць нельга.

Заўважым: Барыс Хамайда адзін з соцень арыштаваных за антываенныя выступленні, якія беларускія міліцыя і суд расцэньваюць як «незаконнае пікетаванне». Паводле якіх законаў жывуць праваахоўная ды судовая сістэмы Беларусі? Паводле законаў, якія не маюць дачынення ні да міласэрнасці, ні да чалавечнасці, ні да здаровага сэнсу?

Гісторыя Барыса Хамайды ў пэўным сэнсе паказальная. У савецкія часы ён працаваў у народным судзе Чыгуначнага раёна Віцебска судовым выканаўцам. Потым – у Віцебскім аблвыканкаме кансультантам па прававой прапагандзе. І вось цяпер за антываенны пікет яго пацягнулі ў РАУС таго ж Чыгуначнага раёна Віцебска ды асудзілі на 20 сутак арышту. 74-гадовага чалавека!!!

Віцябляне расказваюць, што, калі летам мінулага года супрацоўнікі міліцыі забралі ў Барыса Хамайды ўсе прадметы бел-чырвона-белай афарбоўкі, жоўта-блакітную стужку яму пакінулі. Яшчэ ўлетку стужка ў колерах дзяржаўнага сцяга Украіны «правапарушэннем» не лічылася. З ёю Барыс Хамайда выходзіў у цэнтр Віцебска амаль штодня. Але 15 сакавіка ён апынуўся на нарах.

Ці магло такое здарыцца нават у савецкія часы?

Ці маглі мы ўявіць, што салідарнасць з украінскім народам будзе расцэньвацца як правапарушэнне?

Ці паверылі б мы, калі б пару гадоў таму хто-небудзь нам сказаў, што ў Беларусі будуць караць за любое выказванне пазіцыі – нават за заклікі да міру?..

Але ў кожнага такога абсурду ёсць выканаўцы. Ёсць людзі, якія на любым этапе маглі і могуць спыніць несправядлівасць і бязглуздзіцу.

У выпадку Барыса Хамайды гэта:

начальнік РАУС Чыгуначнага раёна Віцебска Аляксей Блахін,

старшыня суда Чыгуначнага раёна Віцебска Раман Дзягода.

Асобы ў пагонах могуць быць якімі заўгодна, могуць перастарацца, быць залішне ініцыятыўнымі, нешта няправільна разумець… Але на тое над імі і ёсць начальства, каб сітуацыя не выходзіла за межы здаровага сэнсу. Дык ці знойдзецца хоць хто-небудзь, хто спыніць абсурд, у якім мы ўсе апынуліся? І ці трэба трымаць Барыса Хамайду 20 сутак за кратамі?

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]