Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Герой Майдану Парасюк: Украінцы ня хочуць ваяваць зь беларусамі, але калі салдаты прыйдуць — давядзецца забіваць

23.03.2022 политика
Герой Майдану Парасюк: Украінцы ня хочуць ваяваць зь беларусамі, але калі салдаты прыйдуць — давядзецца забіваць

Калі Лукашэнка дасьць загад беларусам ісьці ваяваць за Расею — гэта шлях у адзін канец.

Уладзіміра Парасюка называюць чалавекам, які зьмяніў гісторыю Майдану 2014 году. Менавіта ён выставіў ультыматум Віктару Януковічу — або той падае ў адстаўку, або актывісты Майдану возьмуць штурмам ягоную рэзыдэнцыю. Пасьля гэтага тагачасны прэзыдэнт уцёк у Расею.

Парасюк пазьней ваяваў на Данбасе, стаў дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну 24 лютага Парасюк ізноў узяў у рукі зброю, каб бараніць Украіну.

«Радыё Свабода» паразмаўляла з былым украінскім дэпутатам пра магчымы ўдзел Узброеных сілаў Беларусі ў вайне супраць Украіны. Нягледзячы на тое, што Пэнтагон пакуль ня бачыць прыкмет, каб Беларусь зьбіралася ўступіць у вайну, ва Ўкраіне такі сцэнар лічаць вельмі рэальны, у тым ліку і Ўладзімір Парасюк.

«Калі Лукашэнка дасьць загад беларусам ісьці ваяваць за Расею — гэта шлях у адзін канец»

«Мы разумеем усю трагедыю вайны, і, як бы гэта дзіўна ні гучала, мы ня хочам, каб беларускія салдаты паміралі на ўкраінскай зямлі. А так будзе, і на гэта ёсьць некалькі прычын. Па-першае, мы 8 гадоў ваюем, у нас ёсьць баявы досьвед. Мы разумеем, што мы абараняем, і мы разумеем, дзе наша перамога. У беларускай арміі няма матывацыі і разуменьня, чаму яны павінны ісьці ваяваць ва Ўкраіну, і няма баявога досьведу. Тое, што Лукашэнка дасьць загад беларусам ісьці ваяваць за Расею — гэта шлях у адзін канец», — кажа Парасюк.

Ён раіць беларускім салдатам не забываць, як паміраюць ва Ўкраіне расейскія салдаты, якія не здабылі пакуль аніводнай вялікай перамогі і цярпяць на паўночным кірунку суцэльныя паразы. Паводле Парасюка, украінская армія адбіла ў расейцаў гарады вакол Кіева. Сёньня, па яго словах, у Ірпень вярнулася ўкраінская паліцыя.

«Калі расейцы цалкам дэмаралізаваныя, усе прасякнутыя расейскай прапагандай, але знаходзяць нейкія моманты, каб ваяваць супраць украінцаў, то ёсьць пытаньне: а чым будуць матывавацца беларусы, якія прыйдуць на нашу зямлю? Мне вельмі шкада тых салдатаў, якія прыйдуць на нашу зямлю, бо мы будзем яе бараніць. Паверце, мы ўмеем гэта рабіць, і давядзецца забіваць. І мы будзем гэта рабіць, калі да нас прыйдзе вораг», — гаворыць Парасюк.

«Мы ведаем, што просты народ Беларусі ня хоча ваяваць ва Ўкраіне»

Ён заклікае беларускіх салдатаў не пагаджацца ісьці ваяваць ва Ўкраіну і запрашае тых, хто хоча, дапамагчы Ўкраіне вызваліцца ад расейскай акупацыі.

«Беларусы ўжо ваююць на нашым баку ў добраахвотніцкіх батальёнах. Мы ведаем пра тое, што вы робіце, мы чытаем навіны. Мы ня хочам з вамі ваяваць, мы вас падтрымліваем і ведаем, што просты народ Беларусі ня хоча ваяваць ва Ўкраіне. Я зьвяртаюся да беларускіх салдатаў, абдураных Лукашэнкам: не рабіце гэтага. Мы ня хочам, каб вашыя сем’і страчвалі людзей. Але калі вы прыйдзеце, то мы будзем даваць адпор. Украінская нянавісьць ня мае межаў, бо мы ваюем за сваё, а не чужое. А тым беларусам, хто нам дапамагае, хто намагаецца зрынуць рэжым, я хачу падзякаваць. Мы сяброўскія народы, у нас заўсёды былі цёплыя адносіны. Дзякую вам», — сказаў Парасюк.

«Ровенская і Валынская вобласьці маюць дастаткова сіл, каб спыніць наступ зь Беларусі»

Уладзімер Парасюк перакананы, што калі Пуцін аддасьць загад Лукашэнку накіраваць ва Ўкраіну беларускіх салдатаў, то галоўная мэта гэтага кроку зь мілітарнага пункту гледжаньня — пашырыць лінію судакрананьня, каб расьцягнуць фронт і расьцерушыць сілы.

«Ён думае, што мы частку УСУ перакінем на тыя флянгі, кудою будзе заходзіць беларуская армія. Мы гэтага рабіць ня будзем, таму што ў нас у вайне ўся краіна. У нас усе вобласьці маюць свае ўзброеныя фармаваньні. Я перакананы, што Ровенская і Валынская вобласьці маюць дастаткова сіл, каб спыніць. Таму перакіданьня іншых сілаў туды дакладна ня будзе. У нас свае заданьні, а на тых тэрыторыях ёсьць людзі, якія выконваюць свае заданьні. У вайсковым пляне яны гэтым нічога не дамогуцца, не пашыраць лінію судакрананьня. Будзем проста мець баявыя дзеяньні і ў іншых абласьцях. Але ў тым рэгіёне фармаваньні УСУ вельмі моцныя і людзі там моцна матываваныя», — расказвае Парасюк.

Сам былы дэпутат бярэ ўдзел у абароне Кіева з паўночнага напрамку. Ён кажа, што там украінцам удалося разьбіць усе буйнейшыя групоўкі расейскай арміі. Яны перагрупаваліся на маленькія падразьдзяленьні, якія затрымаліся ў маленькіх вёсках.

«Сёньня мы здабылі перамогу на некаторых пазыцыях. Мы іх атачаем і будзем нэўтралізоўваць. Расейская армія цярпіць тут поўнае фіяска, яны ня могуць нічога зрабіць. Адзіны мінус — мы ня можам да канца кантраляваць нашае неба, у нас не хапае сілаў спыняць іх ракеты. Але і гэта мы перажывём. Што тычыцца пяхоты і матарызаваных войскаў, то мы стварылі для расейскай арміі пекла. Яны галодныя, у іх пачаўся алькагалізм, яны ўцякаюць, губляюцца ў нашых палях і лясах. Калі ня будзе новых сілаў з Расеі, то праз пару дзён мы адкінем іх далей. Украінская армія ідзе ў контранаступ», — кажа Ўладзімер Парасюк.

У перамовы з Расеяй ён ня верыць і лічыць, што Ўкраіна ніколі і пры ніякіх абставінах не дамовіцца.

«Пуцін — гэта імпэрыяліст, які дакладна не пагодзіцца на вызваленьне Крыму і Данбасу. У нас адзінае выйсьце — збройнае вызваленьне гэтых тэрыторый. Або іншы варыянт — калі ён памрэ, магчыма, зьменіцца палітычная эліта. Сёньня там няма людзей, якія маглі б падняць народ на масавыя пратэсты. Таму мы чакаем збройнага вызваленьня тэрыторыі і сьмерці Пуціна. Думаю, і большасьць беларусаў гэтага чакае. Чым хутчэй падзе Пуцін, тым хутчэй страціць уладу Лукашэнка», — кажа Парасюк.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]