Бюсты нацыянальным героям Беларусі былі адлітыя паводле праекта скульптара Геніка Лойкі.
26 красавіка каля будынку Святога Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык-Авеню ў Брукліне адбылася ўрачыстая імпрэза — адкрыццё бюстаў вялікім беларускім змагарам, пiша «Новы час».
Бюсты нацыянальнага героя Беларусі, ЗША і Польшчы Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі і нацыянальнага героя Беларусі — Кастуся Каліноўскага ўпрыгожваюць цяпер Бруклін.
Народжаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка браў актыўны ўдзел у вайне за незалежнасць ЗША (1775–1783 гады). Па вяртанні на Радзіму ўзначаліў вызвольнае паўстанне народаў Рэчы Паспалітай супраць акупацыі іх родных зямель імперскай Расіяй (1794 год).
Кастусь Каліноўскі працягнуў справу Касцюшкі і ўзначаліў вызвольнае паўстанне супраць імперскай Расіі 1863–1864 гадоў.
Праект устаноўкі бюстаў быў рэалізаваны дзеля падтрымкі змагання беларускага народа супраць антынароднага прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі.
Нашы нацыянальныя героі змагаліся за незалежнасць Беларусі, Амерыкі, а таксама Польшчы і Літвы, з якімі Беларусь мела супольную гісторыю. Іх асобы і сёння аб’ядноўваюць народы гэтых краінаў у супрацьстаянні прамаскоўскаму рэжыму Лукашэнкі і агрэсіўнай палітыцы Расіі.
Бюсты былі адлітыя ва Украіне паводле праекта беларускага скульптара Геніка Лойкі.