Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Затрыманы за тое, што размаўляў па-беларуску»

28.03.2022 общество
«Затрыманы за тое, што размаўляў па-беларуску»

Як 73-гадовы мастак Алесь Цыркуноў правёў 15 сутак на Акрэсьціна і ў Магілёве.

Вядомы мастак Алесь Цыркуноў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 10 сакавіка, калі прыйшоў на суд над паплечнікам па творчай суполцы «Пагоня» Алесем Пушкіным. Творцу асудзілі на 15 сутак зьняволеньня.

Пра свой турэмны досьвед спадар Цыркуноў расказаў «Радыё Свабода».

«Можа, пачнём адлоўліваць тых, хто размаўляе па-беларуску?»

«Затрымалі мяне амаль анэкдатычна, але для нашай краіны гэта стала звычайнай справай. Я прыйшоў на суд да Алеся Пушкіна, паслухаць абвінавачаньне, але ў выніку судзілі ўжо мяне самога. У чым заключаліся абвінавачаньні? Пры ўваходзе непасрэдна ў залю паседжаньня на маім адзеньні супрацоўнікі заўважылі некалькі значкоў — Таварыства беларускай мовы, з выявай мастака Альфрэда Ізідара Ромэра, а таксама невялікая Пагонька, на якой напісана „Героям слава“», — кажа мастак.

Гэтага было дастаткова для затрыманьня. Тое самае адбылося зь Віталём Борысам, у якога была вокладка ад пашпарта з выявай Пагоні. Алесь Цыркуноў расказвае, што ў адміністрацыйным пратаколе аб правапарушэньні было запісана, што ён затрыманы за бел-чырвона-белую сымболіку, а таксама за тое, што размаўляў па-беларуску.

«На судзе былі нейкі мітычныя асобы, які сьведчылі пра маё страшнае зладзейства. Я запытаўся: што бел-чырвона-белае ёсьць у Пагоні? Але для іх гаварыць пра Пагоню — гэта як Сатане дакрануцца да Бога. А чаму вы мне пішаце, што размаўляў па-беларуску? Гэта ўжо нейкі генацыд. Можа, пачнём адлоўліваць тых, хто размаўляе па-беларуску? У судзе адказваюць: мы ня супраць беларускай мовы, нічога такога, але сьведка так казаў, то так і запісана».

«На чалавека ў камэры было прыкладна 0,6–0,7 мэтра квадратнага»

Мастак кажа, што яго вымусілі падпісаць паперу, што ў несанкцыянаваных акцыях болей удзельнічаць ня будзе, у іншым выпадку гразіліся наступны раз зрабіць прысуд стражэйшым.

«Зь імі спрачацца — як са сьценкай. А дзе тая акцыя была? Не было нічога. Як няма забароны на значкі, на Пагоню. Адкуль можа быць судзімасьць? Яны самі плячыма толькі ціскаюць, рукі разводзяць, але нічога ня кажуць».

У ізалятары на Акрэсьціна Алесь Цыркуноў прабыў 13 сутак з 15. На двое апошніх яго адправілі ў Магілёў, разам зь ім туды павезьлі яшчэ чатыры аўтазакі з затрыманымі.

«На Акрэсьціна мо было нават трошку мякчэй, чым у Магілёве. Сытуацыя дастаткова напружаная, калі чалавек ня звык да такога стаўленьня і ўмоваў. Мы падлічылі, што на чалавека ў камэры было прыкладна 0,6–0,7 мэтра квадратнага, у Магілёве — увогуле 0,5. Сядзець на ложках было нельга. Калі хочаш, то сядзі на падлозе. Калі ноччу захочаш падрамаць, то на падлозе шчыльна кладзесься, а таксама на ложках вальтом. Але дзе там пасьпіш? Праз кожныя 2–3 гадзіны праверка, называйце прозьвішча, імя. У канцлягерах, думаю, такіх дурных праверак не было. Быццам нехта ўцячэ адтуль. У Магілёве, калі нават пяць хвілін прайсьціся, то чапляюць кайданкі на рукі. У дзьверы ў дзірку выстаўляеш, табе іх так надзяваюць і здымаюць. Як нейкіх злосных рэцыдывістаў вадзілі, мяне ў тым ліку».

«Чаго, стары, сюды лез?»

Ніякай бялізны для палітычных не было, кажа мастак. Немагчыма было нават абутак падкласьці пад галаву, бо яго забіралі пры ўваходзе ў камэру. Алесь Цыркуноў абураны, што за такое разьмяшчэньне яшчэ патрабуюць па 16 рублёў за дзень утрыманьня.

«Ежа была вельмі кепская, некаторыя нават нічога і ня елі. Быў з намі ў камэры адзін грамадзянін Расеі, які выступаў супраць вайны, дык ён толькі кісялёк піў, больш нічога».

Алесю Цыркунову было 73 гады [28 сакавіка споўнілася 74. — РС], ён на той момант быў найстарэйшым вязьнем на Акрэсьціна.

«Мяне асабіста ня білі, магчыма, бо ўжо сівы ўвесь. Яшчэ да суду адзін опэр кажа: „Чаго ты, стары, сюды лез?“ Кажу, што нікуды ня лез, я прыйшоў паслухаць на суд. „Ну што, наслухаўся?“ — адказваюць мне».

«Як урэжа па рэбрах»

Суразмоўца кажа, што ў камэры амаль кожны быў зьбіты. Адбывалася гэта ў асноўным яшчэ пры затрыманьнях. У самой камэры, як кажа спадар Цыркуноў, нікога ўжо ня білі.

«Віталя Борыса, якога затрымалі разам са мной, білі пры мне, прычым бяз дай прычыны. Кажуць, а ну задзяры рукі, тварам да сьценкі стань, і як урэжуць па рэбрах. На мяне: „Адвярніся, чаго глядзіш“. Вельмі зьверскія замашкі. Сагнецца чалавек, то ззаду зноў умажуць. Я б сказаў, што падыходы SS. Калі ім ветліва, спакойна адказваюць, то іх яшчэ больш раздражняе, бо ім трэба нагнаць на цябе страху.

Розныя людзі былі, у кагосьці знайшлі пры вобшуку паперчыну „Не — вайне“, ці ў тэлефоне выяву супраць вайны. Было некалькі чалавек, якія размаўлялі па-беларуску. Былі тыя, каго злавілі за ўдзел у акцыях 2020 году. Адзін быў эканаміст, моцна зьбіты, затрымалі пры выхадзе з хаты, уламілі з усіх бакоў, укінулі ў машыну і павезьлі. Перажываў, што на працы ніхто ня ведае, дзе ён».

«Атрымаў допінг для творчасьці»

У зьняволеньні мастак захварэў на каранавірус, хоць адчувае сябе няблага, аднак тэст быў станоўчы.

«Там у камэры больш за палову людзей кашляла, чхала. У мяне ў самога былі прастудныя працэсы, два дні сіпеў толькі, як зьмій. І цяпер троху застаецца, але дома ёсьць і вада гарачая, і лекі, і харчаваньне належнае. Дні праз тры буду на нагах, як належыць».

Алесь Цыркуноў упершыню трапіў на суткі. Кажа, што для творчага чалавека такі досьвед можа быць нават карысны — пабачыць сыстэму знутры, а ня толькі па аповедах і чутках.

«Атрымаў допінг для творчасьці, такія тэмы ўзьнікаюць для карцін, што ў звычайным жыцьці на розум бы не прыйшлі ніколі. Я лічу, што паказваць жахі рэчаіснасьці не зусім трэба. Народ і так напалоханы. Каб не атрымалася такога, як было ў Мікалая Савіцкага, які імкнуўся паказаць жахі Бухэнвальда. А ў нас сёньня Бухэнвальд на волі. Дык у Савіцкага быў адваротны эфэкт: замест таго каб людзі спасьцігалі мастацтва, яны баяліся яго глядзець. Трэба шукаць новыя формы і падыходы да твораў», — кажа спадар Цыркуноў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]