Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Мастак Алесь Цыркуноў, які адсядзеў 15 сутак: Нам застаецца стаяць да апошняга

01.04.2022 политика
Мастак Алесь Цыркуноў, які адсядзеў 15 сутак: Нам застаецца стаяць да апошняга

Людзі пранікліся яшчэ большай злосцю да лукашэнкаўскага рэжыму.

Сёлетні Дзень Волі запомніцца мастаку Алесю Цыркунову на ўсё жыццё. 25 сакавіка ён сапраўды выйшаў на волю з-за кратаў, куды трапіў з ганка Фрунзенскага суда Мінска. Хацеў падтрымаць на судзе свайго калегу Алеся Пушкіна, а ўрэшце быў асуджаны на 15 сутак сам. Пра акалічнасці затрымання і турэмнага побыту 73-гадовы мастак пагадзіўся расказаць чытачам «Народнай Волі».

— Спадар Алесь, вы хіба спецыяльна падгадалі, калі сесці, каб вызваліцца ў Дзень Волі.

— Вызваленне сапраўды адбылося ў гэты дзень у Магілёве, куды мяне перавезлі з ІЧУ на Акрэсціна за некалькі дзён да 25 Сакавіка. Відаць, у сталіцы вызваляліся камеры для іншых. Калі хто і падгадаў, то не я, а Алесь Пушкін, судовы працэс над якім пачаўся якраз 10 сакавіка (Пушкіна ў выніку асудзілі на пяць гадоў калоніі строгага рэжыму). Разам са мной у Фрунзенскі суд прыйшлі Аляксей Марачкін, Лявон Баршчэўскі, сябры, знаёмыя. На ўваходзе, як водзіцца, — шмон: усе кішэні выверні, усё пакажы. А калі там нічога не знайшлі, то прычапіліся да «тэбээмаўскага» значка з маленькай «Пагонькай». І адразу — «Отойдем!». Кажу: пры чым тут значок, забароны ж няма яго насіць. «Там разберемся».

— Там — гэта ў Фрунзенскім РАУСе?

— Ну так, дзе мяне дапыталі і затым судзілі — па скайпе. Сведкам (таемным, бо ў масцы і без сапраўднага прозвішча) выступаў міліцыянт, які сцвярджаў, што я «имел при себе бело-красную символику и (увага!) разговаривал на беларусском языке». Я звярнуў увагу суддзі: маўляў, у мяне ў руках сцяга не было, я не лаяўся па-беларуску, а размаўляў, што ж у гэтым кепскага? Калі размаўляць на дзяржаўнай беларускай мове — злачынства, то ў нас адбываецца генацыд. Праўда, суддзя сказала, што гэта ўсяго паказанні сведкі. Запісалі мне «ўдзел у несанкцыянаваных вулічных дзеяннях». А я ж проста хацеў трапіць на суд…

— Вам ідзе 74-ы год. Як вы перанеслі знаходжанне на Акрэсціна, дзе ўмовы ўтрымання многімі былымі сядзельцамі характарызуюцца як катаванне?

— Я жыццём не пеставаны, прывык да ўсяго. І мне было нават цікава. Да таго ж столькі маіх сяброў і калег перабывала ў тых казематах, а я ні разу не быў. Сорамна нават (смяецца). Камеры, натуральна, перапоўненыя. У шасцімясцовай было напхана чалавек 16—20. Ніякіх санітарных апрацовак не робіцца. Спаць даводзіцца на падлозе, ноччу ўся яна закладзена целамі. Пад галаву хто пластыкавую бутэльку падсуне, хто чаравік. Праўда, у магілёўскай турме нам нават чаравікі не давалі трымаць у камеры. Бывала, нам бамжоў падсялялі, а яны ўсе такія мурзатыя, смярдзючыя. Мылі мы іх там, чысцілі — немагчыма ж трываць. Сярод ночы двойчы будзяць, грукаюць у дзверы, мусіш назваць імя-прозвішча, паверка ў іх такая.

— А куды чалавек можа падзецца з каменнага мяшка?

— Ды нікуды. Проста каб яшчэ раз паздзекавацца. Прыбіральня ў камеры нічым не закрытая, вентыляцыя кепская. Усе кашляюць, заражаюцца адзін ад аднаго. Калі да дзвярэй падыходзіць лекарка, уся камера стаіць у чарзе па таблеткі.

— Як ставіліся да пажылога беларускамоўнага чалавека ахоўнікі?

— Па-рознаму было. Хоць мяне не білі. А вось затрыманага разам са мной маладога чалавека ў Фрунзенскім РАУСе на маіх вачах нейкі садыст збіў на горкі яблык. Проста так, пазаймаўся фізкультурай… У ізалятары мяне выклікáлі на допыты, нейкія прымітыўныя пытанні задавалі. Я кажу: пакажыце мне закон, дзе напісана, што значок ТБМ з’яўляецца забароненым. Эмблема на ім — гістарычная, а не палітычная. Значыць, я не за палітыку сяджу, а за гісторыю? А яны толькі рукамі разводзяць і плячамі паціскаюць: маўляў, гэта не наша справа, мы павінны з вамі прафілактычную гутарку правесці.

— А як сакамернікі ставіліся да таго, што сядзяць з мастаком?

— Выдатна ставіліся. Там многія прафесіі былі прадстаўлены — і эканамісты, і медыкі, і рабочыя. Трапляліся і беларускамоўныя, і тыя, хто спрабаваў па-беларуску гаварыць. А хто не размаўляў — з прыемнасцю слухалі. Я сваім сакамернікам чытаў з памяці Янку Купалу! Яго паэму «На Куццю». У адной камеры прачытаў, потым у другую перавялі — там прачытаў, у Магілёў перавезлі — і там прачытаў…

— Дык можа, вас і пераводзілі-перавозілі, каб вы Купалу паўсюль чыталі?

— Можа быць (смяецца). Я некалькі гадоў рабіў цыкл карцін па паэме Купалы, то і вывучыў на памяць. Слухалі, скажу я табе, з вялізнай увагай. Як там ганцы пераказваюць князю жаданні народныя: «За мною ўсцяж і тут і там / іх вусны бледныя шапталі: / «Аддайце песню нашу нам! / Нашто схавалі-расхапалі?» Альбо: «Не ўмруць, не ўмруць ужо яны, / раз хочуць сонца, славы, песні; / заб’юць ім зычныя званы / прабудным звонам напрадвесні…» Я тлумачыў, што паэма «На Куццю» была пры бальшавіках увесь час забаронена, што Купалу самога цягалі на допыты ў ГПУ, што ён нават рабіў спробу самагубства. Многія пра гэта нічога не ведалі.

— Нездарма сказана паэтам: «Не дадзена нам адгадаць, як наша слова адгукнецца».

— Не дадзена. Таму з падобнымі тэмамі трэба працаваць абачліва. Бо карціна звычайна выклікае павышаную ўвагу да таго, што на ёй намалявана. І калі зло пісаць рэалістычна, гэта можа ўзбуйніць і пашырыць яго, прыцягнуць увагу.

— Гэта як на змяінае джала праз мікраскоп глядзець.

— Так, а прызначэнне мастацтва адваротнае — быць на баку дабра. Значыць, трэба шукаць рашэнні, вобразы і сімвалы, якія абуджалі б пачуццё справядлівасці. Але і зусім не паказваць зло нельга! Трэба паказваць, але неабходна зарыентаваць чалавечае пачуццё, думку ў патрэбным кірунку.

— Знаходжанне за кратамі нешта змяніла ў вас?

— Што мне ўжо мяняцца, я жыццё пражыў. Для маладых гэта добрая навука. Людзі, якія пабывалі ў беларускіх турмах, думаю, пранікнуцца яшчэ большай злосцю да гэтага рэжыму, які спрабуе прынізіць, зняважыць, растаптаць чалавека. Але мы не маем права ламацца. Сёння само існаванне Беларусі пад пагрозай. Нам застаецца стаяць да апошняга.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]