Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Беларусы, вы ж бачыце, што адбываецца!»

05.04.2022 общество
«Беларусы, вы ж бачыце, што адбываецца!»

Шматдзетная жанчына вярнула ў адміністрацыю Лукашэнкі ордэн Маці ў знак пратэсту супраць вайны.

Маці семярых дзяцей украінка Алена Якавішына адправіла ў адміністрацыю Лукашэнкі ордэн, якім яе ўзнагародзілі ў 2019 годзе. Таксама Алена напісала тлумачэньне на імя Лукашэнкі, у якім піша, што ён страціў яе павагу і давер як кіраўнік дзяржавы.

Алена Якавішына — грамадзянка Ўкраіны, але стала жыве ў Беларусі. Нарадзілася ў Мікалаеве, скончыла Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт тэхналёгій і дызайну. Калі Алене было 17 гадоў, прыехала ў Менск пагасьціць да роднай цёткі. Тут сустрэла сваё каханьне — беларуса Юрыя з украінскімі каранямі. Хлопец расказаў Алене, што марыў ажаніцца менавіта з украінкай.

Юры быў раней вайскоўцам — абслугоўваў авіяцыйную тэхніку ў Мачулішчах. У 2006 годзе звольніўся з войска, пайшоў працаваць у цывільную авіяцыю, пiша svaboda.org.

«Вы прадастаўляеце тэрыторыю Беларусі для войскаў агрэсара, пуску ракет»

Цяпер у Якавішыных сямёра дзетак. Старэйшаму сыну 14 гадоў, малодшым блізьнятам — па 6 месяцаў.

«Я наагул ня думала, што мне дадуць гэты ордэн Маці, бо я грамадзянка Ўкраіны зь відам на жыхарства ў Беларусі. Але ўсе мае дзеткі нарадзіліся тут, у Беларусі. Калі ў мяне было пяцёра дзетак, я была працуючай мамай, мяне намінавалі на ордэн. Ордэн уручалі ў Палаце прадстаўнікоў, пасьведчаньне да ўзнагароды падпісанае Аляксандрам Лукашэнкам. Цяпер я хачу вярнуць ордэн — такая ўзнагарода ад вас мне не патрэбная», — тлумачыць Алена Якавішына.

У лісьце на імя Лукашэнкі жанчына выказвае падзяку «беларускай зямлі і цудоўнаму беларускаму народу за гасьціннасьць і падтрымку, за дабро і клопат, якія знаходзіла тут усе гэтыя гады». Аднак цяпер, калі яе народ праходзіць празь неверагодныя пакуты, боль і жахі вайны, разьвязанай Расейскай Фэдэрацыяй, кіраўнік Беларусі ня толькі не асудзіў разам з усім цывілізаваным сьветам агрэсара, але і аказвае яму палітычную і ваенную падтрымку.

«Больш за тое, вы прадастаўляеце тэрыторыю Беларусі для разьмяшчэньня і ўварваньня на тэрыторыю сувэрэннай дзяржавы — Украіны — войскаў агрэсара, пускаў сьмяротных ракет па маім народзе, мірных гарадах», — напісала Якавішына ў звароце да Лукашэнкі.

«Прачнулася, а 6-й, а сваякі пішуць, што іх бамбяць»

Калі пачалася вайна, ва Ўкраіне, у Мікалаеве і Адэскай вобласьці жылі ўсе яе сваякі. Алена ўзгадвае 24 лютага. Прачнулася яна, а шостай гадзіне раніцы пакарміць немаўлятак, паглядзела ў тэлефон, а сваякі пішуць, што іх бамбяць.

«У мяне быў такі дзіўны стан: каго бамбяць? Паверыць не магла… Потым шок. Мая малодшая сястра жыве каля вайсковага аэрадрому Кульбакіна, ёй было вельмі добра чуваць, бо першае, што бамбілі, — гэта аэрадром і вайсковыя базы.

Маці і тры мае малодшыя сястры спачатку сядзелі ў сутарэньні ў самім Мікалаеве, потым пераехалі да бабулі на вёску, далей ад выбухаў. А два тыдні таму яны наважыліся выехаць з Украіны — цяпер маці і сёстры ў Нямеччыне.

Ва Ўкраіне засталіся мужчыны — мужы сёстраў. Засталіся таксама мае стрыечныя браты і сёстры, пляменьнікі, у Мікалаеўскай вобласьці побач з гарачымі пунктамі — Сьнегіроўкай, Вазьнясенскам. Яны расказваюць страшныя рэчы. А бабуля ў Адэскай вобласьці, там крыху спакайней», — кажа Алена.

Кожную раніцу ўсе яе шматлікія сваякі падтрымліваюць сувязь, праводзяць пераклічку. Жанчына прызнаецца, што пастаянна абмяркоўвала з раднёй, што сытуацыя напружаная.

«І ў маім родным Мікалаеве пра гэта гаварылі, горад рыхтаваўся да вайны. Мая маці працуе ў дзіцячым садку, казала, што пастаянна трэніроўкі праводзіліся, сырэны правяралі. Але людзі да канца ня верылі, што вайна пачнецца.

Хоць мой муж, былы вайсковец, казаў, што будзе вайна, ёсьць усе перадумовы, што „ён“ на гэта пойдзе. Бо пачалася перадысьлякацыя войскаў да межаў, там апынулася вялікая колькасьць вайскоўцаў і тэхнікі. Вось тады муж сказаў, што дакладна вайна пачнецца. Толькі ніхто ня ведаў даты — калі», — кажа Алена.

«Усё што заўгодна могуць угледзець у маім учынку»

На чацьвёрты дзень вайны Алена Якавішына запісала эмацыйны відэазварот да ўсіх беларусаў і кіраўніцтва Беларусі, каб не маўчалі. А празь месяц наважылася вярнуць у адміністрацыю прэзыдэнта ордэн Маці. Жанчына ўсьведамляе, што наступствы могуць быць самыя непрадказальныя. Сям’я Якавішыных ведае, што такое ператрус, — муж Юры адседзеў у 2020-м 15 сутак.

«У мяне пастаянна ёсьць трывога, што да нас яшчэ прыйдуць. Я разумею — усё што заўгодна могуць угледзець у маім учынку.

Я ўсьведамляю, што будуць ціснуць празь дзяцей. Мы вядомая ў Смалявічах шматдзетная сям’я. Мяне ведаюць усе настаўнікі. Але яны ведаюць, што дзеці добра вучацца, што яны пастаянна занятыя — у музычную школу ходзяць, у мастацкую. Калі пачнуць ціснуць — будзе вялікае пытаньне пра іх сумленьне. Бо да нас прычапіцца насамрэч будзе вельмі складана. Я пастаноўкі на так званы СОП („сацыяльна небясьпечнае становішча“) не баюся», — кажа Алена.

Сынам Якавішыных 14 і 11 гадоў, дачушкам — 12, 9 і 5, малодшым двайняткам па 6 месяцаў. На пытаньне, як жанчына ўпраўляецца, маючы гэтулькі дзяцей, ды яшчэ пасьпявае працаваць, Алена адказала так:

«Канечне, складана — сямёра дзяцей, гатаваць, мыць, прыбіраць. Але я па-філязофску стаўлюся — гэта ж мае дзеці, яны павінны радаваць. Дзеткі паслухмяныя, усе занятыя. З двайняткамі, думала, будзе складана. Але мне шанцавала, мяркую, божанька дапамог — дзеткі спакойныя, не капрызныя, без гістэрык, не хваравітыя.

У нас ёсьць расклад: хто калі дзяжурыць, куды хто ходзіць, што робіць, — сыстэма наладжаная. Я забылася, калі сама мыла посуд, — гэта абавязак дзяцей. Бываюць, вядома, і пралёты. Але збольшага ў нас сыстэма наладжаная, мэханізм адбудаваны».

«Беларусы, не маўчыце, вы ж бачыце, што адбываецца»

Алена шмат кантактуе і з настаўнікамі, выхавацелямі, і з бацькамі іншых дзяцей у школе і садку. Яе дзівіць, што бальшыня робіць выгляд, што ўсё нармальна, нічога страшнага не адбываецца.

«У маёй галаве гэта ня ўкладваецца — як так? Няўжо яны ня ведаюць, што адбываецца ў суседняй краіне, якую бамбяць, дзе мірныя жыхары, дзеці гінуць, дзе людзі хаваюцца па падвалах, столькі ўцекачоў?

Ніхто з настаўнікаў не сказаў: „Давайце падумаем пра суседнюю краіну, давайце зьбярэм дапамогу тым дзеткам“. Увесь сьвет дапамагае Ўкраіне, а тут цішыня.

Беларусы, не маўчыце, вы ж бачыце, што адбываецца. Беларусь цяпер — ня тая краіна, у якой можна гадаваць дзяцей», — не хавае эмоцый жанчына.

Дзеці Якавішыных ведаюць пра вайну ва Ўкраіне, яны ня раз бачылі, што маці плача ад падзей на радзіме.

«Ім патрэбны падыход да мора. Ім не патрэбныя людзі, гарады»

Сям’я Якавішыных разглядала раней магчымасьць пераезду ва Ўкраіну.

«Мы плянавалі зьехаць, дом выбіралі. Разглядалі гарады-спадарожнікі вакол Кіева: Бучу, Ворзэль. А тут такое — для нас гэта быў шок!

Цяжка сказаць, што цяпер будзе з Украінай. Больш за ўсё я зараз перажываю, што менавіта мой родны поўдзень будзе пад прыцэлам. Чаму наш Мікалаеў бамбілі, Кахоўку і Новую Кахоўку адцяпалі? Гэты горад забясьпечваў вадой і Крым, і ўвесь поўдзень Украіны. Херсон цалкам акупаваны, у Марыюпалі расейскія вайскоўцы сваю справу зрабілі, зараз пачнуць Мікалаеў нішчыць. Ім патрэбны падыход да мора. Ім не патрэбныя людзі, гарады. Барбарства, ніякай маралі, кашмар. На жаль, усё вельмі сумна. „Ён“ гуляе бяз правіл. Я перажываю, што будзе яшчэ горш», — кажа Алена і ня можа стрымаць сьлёз.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]