Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Былы палітвязень Ціхан Клюкач: Я зраблю ўсё, каб гэтая сістэма перастала існаваць

10.04.2022 политика
Былы палітвязень Ціхан Клюкач: Я зраблю ўсё, каб гэтая сістэма перастала існаваць

Нічога не скончылася і не спынілася.

Затрыманаму восенню 2020 года Ціхану Клюкачу на той момант было 18. Гэта былі яго першыя акцыі пратэсту, і ён адсядзеў за іх за кратамі паўтара года. Пра тое, што было да гэтай сумнай старонкі ў біяграфіі, і што будзе пасля яе ў жыцці Ціхана, чытайце ў інтэрв’ю «Новаму Часу».

Былы палітычны зняволены Ціхан Клюкач

— Беларусы ведаюць Вас як палітычнага вязня і амаль нічога — пра Вас самога. Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе. Які Вы чалавек? Што Вас цікавіць? Чым Вы займаліся да 2020 года?

— Па-першае, хачу падзякаваць «НЧ» за вялікую ўвагу да палітвязняў. На фоне апошніх падзей на гэтую тэму СМІ трохі забыліся.

Да 2020 года я — звычайны беларускі школьнік. Навучаўся ў гімназіі №1 у Брэсце, вучобу, праўда, асабліва не любіў, не любіў нашу саўковую адукацыйную сістэму, часам мог і заняткі пра гуляць, хаця вучыўся больш-менш добра.

Падабаліся мова, літаратура, гісторыя. Гісторыя Беларусі ўвогуле была і дагэтуль застаецца маім захапленнем. Часам маляваў, але больш для сябе, у конкурсах, выставах ўдзельнічаў рэдка. Сяброў меў няшмат, але яны былі сапраўдныя.

— Вас затрымалі ўвосень 2020-га за «ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Чаму Вы выйшлі на пратэст?

— У пратэсным руху пачаў удзельнічаць з вясны 2020-га. Выходзіў, таму што разумеў і мог уявіць (у тым ліку і абапіраючыся на свае веды ў гісторыі), якой магла б быць Беларусь, калі б не Лукашэнка.

Ён стварыў дзяржаву-зону, дзяржаву-калгас, краіну перамоглага «саўка». Ён зрабіў усё што мог, каб вынішчыць усё па-сапраўднаму свабоднае і па-сапраўднаму беларускае. Ён рабіў гэта 26 гадоў, проста большасць гэта заўважыла толькі ў 2020-м, калі рэжым дайшоў да мяжы і пераступіў яе.

Я выходзіў за Беларусь, у якую веру, за краіну, у якой жыве мова, дзе ганарацца сваімі продкамі, дзе людзі не баяцца міліцыі, дзе ўрад для народа — а не народ для ўрада.

— Ці адрозніваецца для Вас Беларусь, якой яна была да Вашага затрымання, і тая Беларусь, якую Вы пабачылі ў сакавіку праз паўтара года зняволення?

— Так, і, на жаль, не ў лепшы бок. Большасць актыўных людзей або за кратамі, або за мяжой. У Беларусі з'явіліся, пра што страшна было падумаць раней, расійскія войскі. Па сутнасці, краіна зараз пад акупацыяй, а аддаў яе былы прэзідэнт Лукашэнка. Як мы маглі раней такое ўявіць?!

Ну і, вядома, павялічылася жорсткасць у палітычных справах. Зараз нават фармальная законнасць або бачнасць законнасці псоў рэжыму не цікавіць. Напрыклад, зараз можна атрымаць 15 сутак, усклаўшы кветкі помніку Шаўчэнку. Рэакцыя. Маразм. Фашызм. Ва ўсёй сваёй пачварнай прыгажосці.

— Як на Вас паўплывалі гэтыя 1,5 года? Што Вы думаеце пра свой турэмны досвед? Якім ён быў?

— Калі гаварыць пра мае погляды, то ніяк не паўплывалі. Але псіхалагічна вопыт цікавы.

За гэты час даводзілася кантактаваць з журналістамі і забойцамі, айцішнікамі і гандлярамі наркатой.... Навучыўся адрозніваць «сяброў», якія любяць паразмаўляць, а потым пераказаць размову ў штабе з усімі падрабязнасцямі. Прабавіў цікавыя 55 сутак у карцары, вывучыў нашу сістэму, так бы мовіць, знутры. І зразумеў, што зраблю ўсё, каб гэтая сістэма перастала існаваць.

— Падчас зняволення рэдакцыя «НЧ» атрымлівала лісты ад многіх вязняў, у тым ліку і ад Вас (мы іх нават захавалі). Наколькі важна Вам было мець гэтыя кантакты са знешнім светам і чаму?

— Ліставанне, па сутнасці, галоўны сродак сувязі са знешнім светам для вязняў. Часам, калі доўга няма лістоў, пачынаюцца думкі пра тое, што ўсё было дарма, што ўсё забыліся на цябе. Таму кожны ліст — гэта падзея, гэта маленькае свята.

Адзін з малюнкаў, які Ціхан даслаў з-за кратаў у рэдакцыю «НЧ»

На жаль, каты гэта разумеюць. Зараз з лістамі палітвязням усё сумна, прынамсі, у калоніі №15 даходзяць лісты толькі ад блізкіх сваякоў, ды й у іншых месцах, наколькі я ведаю, не нашмат лепш.

Хацеў пару дзён таму напісаць Змітру Дашкевічу — заўжды гэтага чалавека паважаў, у чымсьці браў прыклад з яго. Не напісаў. Ведаю, што не прапусцяць.

— На днях стала вядома, што Вы з’ехалі з Беларусі. Якія ў Вас планы на далейшае жыццё? Ці будзеце Вы вяртацца?

— Барацьбу з рэжымам буду працягваць, пакуль жывы. Мне ёсць за што змагацца.

Буду спрабаваць далучыцца да батальёна Кастуся Каліноўскага. Зараз што Пуцін, што яго «гаўляйтар» Лукашэнка — беззаконне, дыктатура, вайна, шлях у новую крывавую імперыю. Перамога Украіны над Пуціным — гэта для беларусаў вялікі крок на шляху да вызвалення Радзімы.

— Давайце ўявім сабе, што Украіна перамагла ў вайне, а Беларусь вызвалілася ад дыктатуры і пачынае новае жыццё. Якім будзе Ваша месца ў ім?

— Зараз пра гэта цяжка сказаць. Гэта будзе час сапраўднага адраджэння, час стварэння Новай Беларусі, час вялікай працы. Магчыма, прысвячу сябе творчасці. Але зараз галоўнае не кідацца ў бессэнсоўныя разважанні: а што было б, калі; а каб мы; а каб ён... Нічога не скончылася і не спынілася. Мы павінны рабіць усё, што можам, каб час Вольнай Беларусі прыйшоў. І ён прыйдзе. Так пераможам. Жыве Беларусь!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]