Ізноў футбол…
Ва Украіне ідзе вайна, Украіне не да футбола. Але футбол нават зараз можа дапамагаць краіне. Таму кіеўскае «Дынама» і данецкі «Шахцёр» адправіліся ў еўрапейскае турнэ на серыю дабрачынных матчаў, пiша «Трыбуна».
У гісторыі напэўна ёсць свяжэйшыя прыклады, але я адразу ўзгадваю турнэ зборнай Басконіі ў 1930-х. Падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі каманда ездзіла па Еўропе і праводзіла таварыскія матчы. Галоўная сутнасць тых серый заключалася зусім не ў спорце – баскі хацелі заручыцца палітычнай і фінансавай падтрымкай, правесці агітацыю і атрымаць дапамогу ў барацьбе з войскамі фашыста Франка.
Яны гулялі ў Францыі, Чэхаславакіі, Польшчы, а потым прыехалі ў СССР і правялі дзевяць матчаў. У суперніках былі маскоўскія «Спартак», «Лакаматыў», «Дынама», а яшчэ – «Дынама» з Кіева. Яны згулялі нават супраць мінскага «Дынама», узмоцненага гульцамі маскоўскіх камандаў (баскі перамаглі 6:1). Матч на стадыёне «Дынама» сабраў 12400 гледачоў – лічба сёння не ўражвае, але і змяшчальнасць галоўнага стадыёна краіны тады была невялікая.
Новае стагоддзе, новыя фашысты, новае турнэ. 12 красавіка ўжо кіеўскае «Дынама» пачало турнэ па Еўропе – для таго, каб прыцягнуць увагу да вайны і сабраць сродкі на дапамогу ўкраінцам. Варшава і без таго цяпер амаль цалкам ва ўкраінскіх сцягах. Яны паўсюль: на дахах, балконах, аўтобусах, на налепленых стыкерах, банерах і білбордах.
Таму матч кіеўскага «Дынама» ў Варшаве здаваўся цалкам лагічным – Польшча актыўна падтрымлівае Украіну. Таварыская гульня «Дынама» з «Легіяй» сабрала 15 тысячаў гледачоў. Квіткі прадавалі з «плывучым» цэннікам. Па змоўчанні быў звычайны кошт, але можна было аддаць за гульню столькі, колькі не шкада. Шмат каму было не шкада, бо сродкі ідуць на дапамогу Украіне.
Праўда, у гэты момант абурыліся фанаты «Легіі». Яны па выніку байкатавалі гульню, але пакінулі на сектары банер «STOP THE WAR». Ультрас патлумачылі, што яны звязваліся з фанамі кіеўскага «Дынама» і вырашылі байкатаваць з-за ўладальнікаў клуба Суркісаў:
Палякі падтрымліваюць украінцаў, але яны не былі ўпэўненыя, што грошы сапраўды пойдуць на падтрымку Украіны, таму вырашылі не ўдзельнічаць у мерапрыемстве. Гэта не фанаты «Алімпіякоса», якія байкатавалі матч супраць данецкага «Шахцёра» з аргументамі «мы не хочам выбіраць бок», «людзі гінуць, гэта дрэнна, але дзе вы былі, калі бамбілі Сербію?» і іншымі людажэрскімі адмазкамі.
Каб вы разумелі фанацкі расклад гэтай гульні: фанаты кіеўскага «Дынама» і «Легіі» даўно варагуюць. Больш за тое, з іншымі ўкраінскімі камандамі фаны «Легіі» таксама не асабліва ў сяброўстве – напрыклад, у 2015-м выбраліся на гульню супраць «Зары» і ў Львове, які быў прамежкавым прыпынкам, пабіліся з украінцамі. А ў Кіеве, дзе праходзіў матч, арганізавалі масавую бойку з фанатамі «Дынама».
І вось цяпер ультрас «Легіі» звязваюцца з ультрас «Дынама», а на стадыёне польскага клуба зʼяўляецца вялізны ўкраінскі сцяг. What a time to be alive.
На трыбунах абсалютнай большасцю былі ўкраінцы. Магчыма, хтосьці з іх упершыню прыйшоў на футбол – таму што паход на такі матч усё ж такі падтрымка Украіны. Перад стадыёнам да гульні валанцёры збіралі грошы для ўкраінскіх уцекачоў, а актывісты ўключалі ўкраінскую музыку (напрыклад, «Океан Эльзи») і прапаноўвалі вось такія дыванкі, каб выціраць ногі.
У гэты момант руская і ўкраінская мовы былі паўсюль. На стадыён заводзілі дзяцей уцекачоў, здаецца, цэлымі класамі – або, як мінімум, арганізаванымі групамі.
– А нашыя з Польшчай гуляюць у футбол? – пыталася маленькая дзяўчынка.
Украінцы – хто адкуль: Чарнігаў, Харкаў, Кіеў, Ірпень, Буча, Сумы, Запарожжа. Былі і студэнты, якія вучыліся ў Польшчы задоўга да вайны. Яны абмяркоўвалі гэты матч і паездку ў Гданьск – там данецкі «Шахцёр» будзе гуляць супраць мясцовай «Лехіі».
Палякі прыходзілі з атрыбутыкай «Легіі», але ахвотна бралі ў валанцёраў маленькі ўкраінскі і польскі сцяжок. Самыя прасунутыя прыходзілі з матчавымі шалікамі Польшча – Украіна: у 2013 годзе зборныя гулялі паміж сабой. «Легія» таксама выпусціла мерч у гонар матчу – вось такія цішоткі за 30 злотых (прыкладна 7,5 еўра).
За паўгадзіны да футбола пачаўся канцэрт. Адзін з вядучых павітаў публіку:
– Доброго вечора, ми з України!
Гэтае вітанне вядомае з 2021 года, але культавым яго зрабіў губернатар Мікалаева Віталь Кім – і яно выклікала ўхвальны гул на трыбунах.
Па антуражы матч нагадваў гульню зборнай, дзе ў паветры лунаюць крычалкі «Слава Украіне» або ўсе трыбуны скачуць, бо «хто не скача, той маскаль». І большасць гледачоў, адпаведна, украінцы – хоць і палякаў было шмат. Сярод польскіх «кузьмічоў» заўважаныя і цалкам сабе віп-персоны – напрыклад, уладальнік «Легіі» Дарыюш Міядускі.
А яшчэ былі беларусы. Беларуса не заўсёды лёгка ідэнтыфікаваць на матчы, але калі ўжо выявіў, будзь упэўнены – у чалавека самы прыгожы сцяг. Вось, напрыклад, простая задачка – пашукайце тут.
Яшчэ беларусы вывесілі сцяг адразу за лаўкай каманды. Так ён і ў трансляцыю мог трапіць, і проста цешыў позірк запоўненай трыбуны стадыёна. У канцы матча сцяг перадалі футбалістам, каб яны распісаліся і пакінулі пажаданні.
І нават калі беларус прыйшоў без сімволікі, ён усё адно абавязкова выдасць сябе, пабачыўшы чалавека з бел-чырвона-белым сцягам. Разоў дзесяць за час матчу ў мяне быў класічны дыялог – проста паўсюль, ці гэта чарга на ўваход, ці чарга па ежу, ці той момант, калі па запоўненай трыбуне прабіраешся да месца:
– Жыве Беларусь!
– Жыве вечна!
Адзін з беларусаў – Зміцер, айцішнік, які пераехаў у Польшчу паўгода таму. Кажа, што ў Беларусі не заўзеў за нейкі канкрэтны клуб, ды і на футбол выбіраўся нячаста – хіба што на еўракубкі і зборную.
– Хадзіць на футбол у Беларусі – гэта адчуваць пастаянны дыскамфорт падчас дагляду і злавацца з-за «залётных» па квітках ад прадпрыемстваў, прафсаюзаў і іншых. Калі людзі ідуць на матч Беларусь – Нідэрланды дзеля галандскіх зорак, займаюць месцы ў цэнтры ад свайго прафсаюза і потым пытаюцца, хто гуляе – гэта не зусім нармальна.
У Польшчы Зміцер схадзіў на матч «Легіі» ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Фан-сектар уразіў – з таго часу ён стаў часцей хадзіць на футбол.
– На гэты матч прыйшоў, бо прачытаў, што сродкі ад квіткоў пойдуць на дапамогу ўцекачам з Украіны. Шкада, што не было фанатаў, з імі было б значна атмасферней. Але я ведаў, што ўльтрас не будзе, пра гэта расказваў знаёмы паляк.
Гаворачы пра дапамогу ўкраінцам, праграміст расказвае пра адрасную дапамогу сваім сябрам і знаёмым, якія знаходзяцца ва Украіне або выехалі адтуль.
Яшчэ адзін беларус, якога я сустрэў, – Вячаслаў. У Беларусі ён актыўна падтрымліваў «Крумкачы» – бадай, галоўную пратэстную (а можа, проста сумленную) каманду апошніх гадоў. У гэтым годзе, як і ў 2018-м, каманда зноў у другой лізе – і менавіта сезон у другой лізе ў 2018 годзе Вячаслаў лічыць самым класным. Таму што былі цёплыя і лямпавыя выправы ў Стоўпцы, Чысць, Узду ды іншыя маленькія і прыгожыя гарады нашай Беларусі.
– У Беларусі даволі часта наведваў спартовыя спаборніцтвы – у асноўным, футбол і гандбол. З 2016 года стала заўзеў за «Крумкачоў», купляў абанементы ўсе гады, імкнуўся не прапускаць хатнія гульні, час ад часу выпраўляўся на выезды. Нягледзячы на тое, што ў апошнія два гады мой імпэт да беларускага спорту значна зменшыўся, усё адно хадзіў на гульні каманды. Але ўлетку мінулага году вырашыў і з гэтым скончыць. Для мяне атмасфера стадыёнаў заўсёды была вельмі прывабнай: актыўна падтрымліваць зборную ці любімы клуб падчас гульні – гэта асаблівыя эмоцыі. Толькі дзяліцца імі на стадыёнах у Беларусі стала небяспечна, ды й беларускім спартсменам у большасці сваёй гэта не патрэбна.
Вячаслаў расказвае, як ён апынуўся на гульні:
– Калі даведаўся пра дабрачынны матч, вырашыў, што і такім чынам варта падтрымаць суседзяў у цяжкай сітуацыі, а сябе можна парадаваць паходам на футбол пасля доўгага перапынку. Апроч таго, даўно хацеў ужывую ўбачыць фан-сектар «Легіі», які вядомы сваімі яскравымі і шумнымі перфомансамі. Толькі з гэтым атрымаўся нечаканы аблом :)
. Затое рэй вялі ўкраінцы, якіх было вельмі шмат. Калі амаль поўны стадыён у Польшчы спявае ўкраінскі гімн і крычыць «Дынама» – гэта, як мінімум, незвычайна і запамінальна. У астатнім гульня была тыпова таварыскай: без канкрэтных задачаў для футбалістаў, затое з магчымасцю дзе-нідзе зрабіць фінт ці разыграць нестандартную сценачку. Лік на табло дакладна парадаваў украінцаў, а нейтральных гледачоў парадавалі прыгожыя галы.
Напрыканцы гульні некалькі ўкраінскіх заўзятараў запальваюць піра. Улічваючы, што дагляду, па сутнасці, не было, гэта не здзіўляе. Каля жоўта-блакітнага дыма лунае беларускі сцяг.
Матч скончыўся перамогай «Дынама» з лікам 3:1, але сапраўды не падобна на тое, каб хтосьці з палякаў моцна непакоіўся з-за паразы. Ды і паразы тут няма, хутчэй перамога для ўсіх, бо 15 тысячаў чалавек зрабілі свой унёсак у дапамогу Украіне. У тым ліку і беларусы.