Гэта будзе магчымым пасьля вырашэньня першачарговай задачы — ліквідацыі антыбеларускага рэжыму.
Беларусы ЗША прынялi мэмарандум з заклiкам змагацца за павяртанне Беларусi ў Эўропу. Сайт Charter97 публiкуе тэкст звароту:
— Мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША, прызнаючы наяўнасьць акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі й ўсьведамляючы адказнасьць за катастрафічныя наступствы расейскай ваеннай агрэсыі ва Ўкраіне, зьвяртаемся да суродзічаў, якія засталіся на радзіме.
Прымаючы да ўвагі той факт, што на сёньняшні момант Расейская Фэдэрацыя дэ юрэ й дэ факта з’яўляецца дзяржавай-тэрарыстам і нясе пагрозу ня толькі сваім бліжэйшым суседзям, але й ўсяму цывілізаванаму сьвету, мы абсалютна перакананыя ў тым, што беларускія грамадзяне не павінныя заставацца ў баку ад таго, што адбываецца, і мусяць любымі дасяжнымі сродкамі дамагацца наступнага:
— тэрміновага й неадкладнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі;
— скасаваньня дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якая дазваляе Расеі выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для ваеннай агрэсыі;
— ануляваньня незаконнай дамовы аб стварэньні так званай Саюзнай дзяржавы з Расейскай Фэдэрацыяй;
— выйсьця з Мытнага зьвязу й іншых хаўрусаў, створаных нелегітымнай уладай з мэтай паступовага паглынаньня нашай краіны ўсходнім суседам;
— увядзеньня пашпартнага кантролю на мяжы з РФ.
Беларусь павінна вярнуцца ў Эўропу, а не заставацца ў ганебных хаўрусах з дзяржавай-агрэсарам! Гэта будзе магчымым пасьля вырашэньня першачарговай задачы — ліквідацыі антыбеларускага па сваёй сутнасьці рэжыму Лукашэнкі. І за гэта неабходна штодзённа змагацца.
Жыве Беларусь!
2 красавіка 2022 года
Ад імя Беларускага Нацыянальнага сакратарыяту (БНС) — Зянон Пазьняк;
Ад імя Беларуска-Амэрыканскага згуртаваньня "ПАГОНЯ" — Віталь Зайка;
Ад імя Беларускай Асьветніцкай Лігі Амэрыкі (BELA) — Ірына Хадарэнка;
Ад імя Беларуска-Амэрыканскай Асацыяцыі "BAZA" — Натальля Федарэнка;
Ад імя Беларускага Інстытута Амэрыкі (BIA) — Алена Рыдзеўская;
Ад імя Беларускай Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага — Галіна Тумаш-Павэлс.