Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няхай нашыя сем’і будуць моцныя Богам

16.04.2022 общество
Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няхай нашыя сем’і будуць моцныя Богам

Святочнае слова з нагоды Вялікадня да вернікаў Гарадзенскай дыяцэзіі.

З Святочным словам выступіў да вернікаў гарадзенскай дыяцэзіі яе адміністратар, біскуп Аляксандр Кашкевіч, перадае «Радыё Рацыя».

Драматычны час, у якім праходзіць Вялікдзень, патрабуе моцнага слова пастыра. Таму і блаславенне ад рыма- каталіцкага іерарха скіравана на тое, каб людзі ды іх сем’і былі ў гэтую часіну «моцнымі Богам»:

— Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі! У гэтую Велікодную раніцу звяртаюся да вас з асаблівай сардэчнасцю, каб падзяліцца радасным пасланнем веры, якое гучыць так: Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Хоць у нашых сэрцах шмат непакою і іх раніць боль, з прычыны пакутаў столькі людзей, якія вымушаны пакідаць свае дамы і краіны, ратуючы жыццё. Народы жывуць у няпэўнасці наконт заўтрашняга дня. Парушаны грамадскі парадак у многіх краінах.

Аднак большай і мацнейшай з’яўляецца надзея, якую мы ўскладаем на Бога, міласэрнага айца, які так палюбіў свет, што аддаў сына свайго адзінароднага, каб кожны, хто верыць у яго, не згінуў, але меў жыццё вечнае.

Богу заўсёды важна, каб мы жылі ў згодзе і міры. А калі змагаліся, то змагаліся са сваімі грахамі і за сваю святасць. Адзначаючы сёлетнія святы Уваскрасення Пана, будзем прасіць таго, які стаў пераможцам смерці, пекла і шатана, каб захаваў нас у міры, каб дапамог нам захаваць веру, Евангелле, Дэкалог, і каб гэтыя каштоўнасці сталі фундаментам міру, на якім мы будзем будаваць сваю будучыню.

Дарагія вернікі дыяцэзіі! Дзякуй усім, хто ў гэтыя дні спяшаецца з дапамогай патрабуючым. Запэўніваю ў сваёй малітве за тых, каго закранаюць хваробай цярпення. Каля пустой грабніцы Езуса прашу аб жывой веры для дзяцей, якія рыхтуюцца да прыняцця першай святой камуніі, і аб тым, каб маладыя людзі, якія будуць умацаваны сямю дарамі духу святога ў сакраманце хрысціянскай сталасці, былі сведкамі ўваскрослага Пана.

Няхай усе сем’і будуць моцныя Богам, бо толькі тады яны будуць здольныя перамагчы цяжкасці і перанасці нават найбольшыя жыццёвыя буры.

Перад намі свята жыцця і дабра, надзеі і любові, міру і салідарнасці, збаўлення і міласэрнасці. Жадаю Вам усім быць удзячнымі Богу за дары пасхальных таямніц, бо яны з’яўляюцца задаткам нашага плённага жыцця сёння і ў вечнасці.

На гэты час сустрэчы з уваскрослым і з бліжнімі ад усяго сэрца Вас бласлаўляю ў імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]